XXXI Дзень беларускага пісьменства сустракалі сёлета на гасціннай брэсцкай зямлі ў горадзе Івацэвічы.
Гэта рэспубліканскае свята адзначаюць у Беларусі з 1994 года ў першую нядзелю верасня. Яно стала сімвалам яднання беларускага друкаванага слова, гісторыі, культуры, духоўнасці народа.
Галоўны пасыл сёлетняга Дня беларускага пісьменства – «Час выбраў нас!»
Са святочнай сцэны вітаў удзельнікаў свята намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусі Ігар Петрышэнка. Ён зачытаў прывітальны адрас ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. У ім гаворыцца наступнае. «Гэтае свята нагадвае нам аб важнасці захавання і развіцця праз кнігу нацыянальнай культурнай спадчыны, духоўных традыцый народа. Такія каштоўнасці яднаюць людзей i спрыяюць росквіту краіны. Літаратура i матчына мова былі i застаюцца падмуркам у выхаванні высокіх маральных якасцяў, фарміраванні грамадзянскасці.
Упэўнены, што беларусы заўжды з павагай будуць ставіцца да нашага гістарычнага здабытку, берагчы невычэрпныя культурныя скарбы продкаў, штодзённай працай умацоўваць суверэнітэт дзяржавы. Шанаваць нашу мову i славутых майстроў слова – песняроў роднай зямлі».
Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык у сваёй прамове адзначыў, што духоўная культура – гэта той падмурак, на якім мы будуем сваё жыццё, ствараем дабрабыт, умацоўваем сваю незалежнасць. І наша агульная задача – захаваць і перадаць падрастаючаму пакаленню нашы нацыянальныя каштоўнасці, не страціць цікавасць да кнігі і літаратурнага слова.
Невыпадкова ў святкаванні Дня беларускага пісьменства ўдзел прымаюць і прадстаўнікі духавенства. Як звярнуў увагу мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усея Беларусі – глыбінны сэнс гэтага свята мае непасрэднае дачыненне да слова. «Слова, мова, пісьменства спрадвечна з’яўляюцца выключным дарам Божым чалавеку. Усе мы павінны арыентавацца на самы вышэйшы змест слова, што выяўляе самасвядомасць нашага народа, сукупны вопыт мінулага і планаванне будучыні. Якраз у сувязі з асноўным сэнсам свята мы лічым неабходным звярнуць увагу на чысціню і асэнсаванасць кожнага нашага слова – і пісьменнага, і таго, што зыходзіць з нашых вуснаў», – сказаў уладыка.
Падчас святкавання на цэнтральных вуліцах Івацэвіч размясціліся шматлікія лакацыі. Свае выстаўкі падрыхтавалі сродкі масавай інфармацыі вобласці і рэспублікі: Белпошта, Белсаюздрук, Белкніга; установы адукацыі, культуры, грамадскія арганізацыі. Праводзілася шмат разнастайных майстар-класаў, свае вырабы прапанавалі рамеснікі.
У мерапрыемстве прыняла ўдзел і дэлегацыя Століншчыны. Яе ўдзельнікі былі ўражаны маштабам свята, цікавымі выстаўкамі.
Асобна трэба адзначыць, што ўпершыню ў мерапрыемстве падобнага кшталту сваю выстаўку прэзентавала і грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз жанчын». Прадстаўнікі Столінскай раённай арганізацыі дзяліліся з наведвальнікамі сваімі парадамі, расказвалі пра шматдзетныя сем’і, якімі славіцца наш раён, пра добрыя справы, пра дапамогу і валанцёраства. Прапагандавалі традыцыйныя сямейныя каштоўнасці.
Насычанай была канцэртная праграма. Артысты адлюстравалі старонкі гісторыі і сучаснасць нашай краіны, мужнасць, працавітасць, таленавітасць беларусаў.
Алена КЛІМУШКА
Фота Аляксандра НІКІФАРЭНКІ