НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

У школе кожны з нас праводзіць значную частку свайго жыцця. Таму не дзіўна, што настаўнікаў сваіх мы не забываем і праз гады. Памятаем, якая ў каго была манера вядзення ўрока і якія прыёмы ён выкарыстоўваў. Бо настаўнік – гэта не проста спецыяліст, які выкладае пэўны прадмет, ён яшчэ выхавальнік чалавечай душы.
Пра гэта гаворыць і настаўнік хіміі і біялогіі Вялікамалешаўскай сярэдняй школы Алена Хамляк. Прафесію выбрала самастойна, стаўшы першым педагогам у сям’і. Паступіла ў Брэсцкі педагагічны ўніверсітэт імя Пушкіна, які скончыла ў 1997 годзе. У тым жа годзе ўладкавалася ў родную школу. Пра тое, каб застацца ў горадзе, гутаркі не вялося, ды і муж Васіль, з якім пажанілася пасля заканчэння ўніверсітэта, падтрымаў рашэнне вярнуцца ў родную вёску.
Спачатку Алена працавала ў вячэрняй школе, куды хадзілі вучні, якія не пайшлі ў старшыя класы. Было складана, паколькі розніца ва ўзросце невялікая і не ўсе вучні хацелі ўспрымаць яе як настаўніка. Але дзяўчына абсалютна не збянтэжылася і ў хуткім часе заваявала аўтарытэт.
– Складанасці ёсць у любой прафесіі, – разважае Алена Васільеўна. – Хапае іх і ў настаўніцкай, паколькі ты працуеш з дзецьмі, а гэта наша будучае пакаленне. На мой погляд, вельмі важна знайсці баланс паміж тым, што ты хочаш і чаго хоча вучань. У настаўнікаў заўсёды ёсць козыр у рукаве – адзнакі. Але дрэннымі адзнакамі наўрад ці даб’ешся добрых вынікаў. Безумоўна, кожны педагог хоча, каб вучні добра ведалі яго прадмет і займалі месцы на алімпіядах. Толькі куды больш важна, каб вучань САМ гэтага захацеў. Не сакрэт, што ў дзяцей розныя здольнасці. Мне пашанцавала, паколькі сярод маіх вучняў ёсць пераможцы і прызёры раённых алімпіяд па біялогіі і хіміі. Маючы вопыт, я ўжо бачу, што каму трэба, і шукаю індывідуальны падыход. На гэта трэба час і цярпенне, але затое маё сумленне чыстае. Ганаруся тым, што з усімі сваімі вучнямі засталася ў добрых адносінах.
– Многія настаўнікі жаляцца, што зараз з дзецьмі цяжэй працаваць. Маўляў, сучасныя тэхналогіі вельмі адцягваюць увагу, таму на ўроку трэба змагацца і з гаджэтамі?
– Нічога не зробіш, такі зараз час і ад гэтага нікуды не дзенешся. З другога боку, развіццё тэхналогій каласальна дапамагло і ў настаўніцкай дзейнасці. Зараз ёсць доступ практычна да любой інфармацыі, таму я сама часта карыстаюся інтэрнэтам. Нядаўна рыхтавалі з 11-ым класам, у якім я класны кіраўнік, вечар, прысвечаны Дню настаўніка. Штосьці падглядвалі і там, штосьці прыдумвалі самі. Хацелі зрабіць сюрпрыз. А таму вучню, які сапраўды хоча вучыцца, інтэрнэт – не перашкода, а наадварот – крыніца ведаў, – упэўнена Алена Васільеўна.
Ведае яна гэта і таму, бо не толькі настаўнік, але яшчэ і мнагадзетная маці. Старэйшай Кацярыне ўжо 22 гады, зараз працуе фармацэўтам у Мікашэвічах. Дарэчы, ужо падарыла маці новы статус – цешчы, паколькі вясной выйшла замуж. Малодшая Вікторыя атрымлівае спецыяльнасць юрыста-міжнародніка ў сталіцы. А малодшы Ягор пакуль вучыцца ў дзявятым класе.
– Ёсць меркаванне, што настаўнік – ён і дома настаўнік. Вы з гэтым згодны?
– Не, хутчэй я дома маці і ў школе маці. Як для сваіх дзяцей, так і для вучняў я хачу ў першую чаргу стаць блізкім чалавекам, якому можна давяраць у любым выпадку і якога не трэба баяцца. Самае галоўнае, каб дзеці знайшлі сябе ў жыцці і сталі па-сапраўднаму шчаслівымі. І ў гэтым, на мой погляд, задача бацькоў і настаўнікаў супадае.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота
аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 31 января
Всех вылечат?

Всех вылечат?

30 января, 2026
График выездапередвижного фельдшерско-акушерскогопункта на февраль 2026 года

Оставить комментарий

Похожие новости