НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Што патрэбна пакупніку, калі ён прыходзіць у магазін? Так, каб былі неабходныя тавары і каб іх кошт задавальняў. Але самае галоўнае, каб прыемны быў прадавец, які і падкажа, і параіць. Такім з’яўляецца Вольга Бесанец – загадчык магазіна «Давыдаўскі», што ў Давыд-Гарадку.

І сапраўды, Вольгу Яўгенаўну рэдка пабачыш без усмешкі і ў дрэнным настроі. У яе талент працаваць з людзьмі, бо яна да кожнага можа знайсці падыход. Гэтаму яе навучыла мама Валянціна Васільеўна, якая больш за 40 гадоў аддала рабоце ў спажыўтаварыстве. Узначальвала магазін № 22 тады яшчэ Давыд-Гарадоцкага гарадскога спажывецкага таварыства. Менавіта разам з маці і пачынала працаваць Вольга ў 1997 годзе, калі скончыла школу. Была вучаніцай прадаўца, а паралельна вучылася ў Гомельскім кааператыўным інстытуце.

За той час, пакуль Вольга працавала ў магазіне № 22, яна набралася неабходнага вопыту ды і ў кіраўніцтва была на добрым рахунку. У 2010 годзе ёй прапанавалі стаць загадчыкам магазіна «Давыдаўскі». Знаходзіцца ён на аўтавакзале, таму людзі заходзяць абсалютна розныя. Хтосьці ў горадзе праездам, і важна, каб у чалавека засталося добрае ўражанне. А вось сваіх пастаянных пакупнікоў Вольга Яўгенаўна ведае добра і амаль заўсёды здагадваецца, па што яны прыйшлі.

– Кожны чалавек розны, таму і падыход да кожнага розны, – дзеліцца сакрэтам работы жанчына. – Адзін цалкам спадзяецца на прадаўца і яго веды, а другі можа гадзінамі выбіраць тавар і пайсці дадому з пустой сумкай. Хтосьці давярае на сто працэнтаў, другі можа пералічваць здачу па некалькі разоў. Хтосьці любіць пагаварыць, а хтосьці маўкліва разлічваецца. На мой погляд, у гэтым і вялікая карысць маёй работы, бо ты вучышся цярпенню і ведаеш, дзе трэба сказаць, а дзе – прамаўчаць. Але магу сказаць дакладна, што ў любым выпадку дапаможа ўсмешка.

Акрамя Вольгі, у магазіне працуюць Ірына Свірыдчук і самы вопытны прадавец Валянціна Калько. Жанчыны штомесяц выконваюць план па гандлі – 50 тысяч рублёў. Безумоўна, калі ў горадзе, як грыбы пасля дажджу, пачалі з’яўляцца прыватныя магазіны, узнікалі сумненні, ці ўтрымаюцца на плаву. Але ўтрымаліся і сваю планку не апускаюць.

– За столькі гадоў работы я зрабіла выснову, што самае галоўнае – быць чэсным з пакупніком, – дадае Вольга Яўгенаўна. – У нашым магазіне вы ніколі не знойдзеце пратэрмінаванай прадукцыі і, упэўнена, яе не павінна быць ні ў адным магазіне. Дастаткова толькі аднаму чалавеку набыць дрэнны тавар і ўсё – бывай добрая рэпутацыя. Але самае галоўнае нават не гэта, а здароўе чалавека, якім нельга рызыкаваць ні ў якім выпадку. Нашы пастаянныя пакупнікі пакідаюць нам заяўкі, што б яны хацелі бачыць на прылаўках. І мы заўсёды, калі ёсць магчымасць, ідзём насустрач. Некаторы час таму пачалі прадаваць ахалоджаную курыную прадукцыю. З’явілася і ўстаноўка для халоднага квасу, які так прыемна выпіць у летнюю спёку. Мы хочам, каб да нас ішлі з задавальненнем.

Таксама Вольга Яўгенаўна пастаянна працуе на выязным гандлі. Былі на Днях пісьменства ў Іванаве, Лунінцы, на раённых і абласных Дажынках, якія праходзілі ў родным Давыд-Гарадку. Па выхадных гандлююць у Тураве.

– Хоць і даводзіцца амаль цэлы дзень стаяць на нагах, але я вельмі люблю выязны гандаль. Па-першае, атрымліваеш асалоду ад святочнай атмасферы. А па-другое, гандаль на такіх вялікіх мерапрыемствах значна павялічвае даход магазіна. Як гаворыцца, прыемнае сумяшчаецца з карысным.

Ёсць у Вольгі яшчэ адно правіла: работу «пакідаць» на рабоце і наадварот. Чакаюць дома муж Алег і Насця, якая вучыцца ў сёмым класе. Сын Дзяніс сёлета пайшоў у армію. Вольга – клапатлівая маці і гаспадыня. Любімая страва – дранікі, якія ў яе атрымліваюцца вельмі смачныя. Некалькі гадоў разам з кумамі ездзілі адпачываць у Абхазію, прыгажосцю якой была зачаравана жанчына. Асабліва ўразілі горы і мора.

Але ж сваю краіну і свой родны горад Вольга ні на што не прамяняе. Таму кожны дзень з радасцю імчыць на веласіпедзе на работу і з усмешкай сустракае пакупнікоў.

Ганна

МЕЛЬНІК

Фота аўтара

 

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 20 октября
Гороскоп на 19 октября
Гороскоп на 18 октября
Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости