НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

На мінулым тыдні многа дзяцей і моладзі сабралася ў выставачнай зале г. Століна, якая размешчана непадалёк ад уваходу ў парк «Манькавічы».

Тут адбылося адкрыццё выставы «Свет фантазіі і творчасці» выхаванцаў Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Алены Крук.
З прывітальнымі словамі выступіла загадчыца выставачнай залы Марына Пашкевіч. А потым слова мела Алена Крук. Педагог распавяла, што яе выстава праводзіцца ўпершыню, падрабязна расказала пра кожны від дэманструемых работ.
У гэты час выхаванцы цэнтра правялі майстар-класы і наглядна паказалі, як ствараюцца работы.
У выставачнай зале прадстаўлена больш за 100 экспанатаў у розных тэхніках: бісерапляценне, кропкавы, вітражны роспіс, выцінанка, роспіс па дрэве і тканіне, навагоднія цацкі з ваты.
Гэта творчыя работы дзяўчынак, якія наведваюць студыю з самага пачатку, – Ганны Сімончык, Дар’і Кадоліч, Юліі Палешка, Ганны Агіевіч, Ксеніі Вярба, Ксеніі Парфіевіц, Кацярыны Шэлест.
Студыя пад назвай «Скарбонка рамёстваў» працуе ў ЦДТ тры гады. Мэты, якія стаяць перад ёй, – прыцягненне навучэнцаў да народнай традыцыйнай творчасці, захаванне рэгіянальнай спадчыны, фарміраванне мастацкага і эстэтычнага густу.
Яе наведваюць 52 удзельнікі ад 9 да 15 гадоў. Выхаванцы асвойваюць разнастайныя тэхнікі.
Даволі цікавая і разам.з тым карпатлівая – выцінанка. Гэта старадаўні від народнай творчасці, які заключаецца ў выразанні ажурных узораў з паперы. Раней гэтаму спецыяльна ніхто не вучыўся. Выцінанкі выразалі вялікімі спружыннымі нажніцамі. Алена Дзямідаўна гаворыць, што выразаць выцінанкі любяць найбольш уседлівыя наведвальнікі студыі.
Заслугоўвае ўвагі роспіс па тканіне. Раней часцей за ўсё яго можна было сустрэць на дыванах каля ложкаў, невялічкіх дыванчыках, якія выконвалі дэкаратыўную функцыю ў інтэр’ерах. Асноўны матыў распісных дываноў – пышны букет у вазе ці ў кошыку.
Асабіста мне вельмі спадабаўся вітражны роспіс. Яго сутнасць у размалёўцы шкла рознакаляровымі фарбамі па падрыхтаваных абрысах. Такая арыгінальная работа ўпрыгожыць і дамашні інтэр’ер, і рабочае месца.
Падчас адкрыцця выстаўкі Алена Дзямідаўна прымала віншаванні ад дырэктара цэнтра дзіцячай творчасці Людмілы Леанавец, сваіх шматлікіх калег.
Прыйшлі павіншаваць Алену Крук муж і лепшая сяброўка Юлія. У размове з карэспандэнтам яна падзялілася: “Я не магла застацца ў баку ад такога мерапрыемства. Ведаю, наколькі гэта важна для Алены, колькі часу яна аддае любімай справе”.
Алена Крук працуе ў ЦДТ з 2010 года. Сёлета разам з выхаванцамі заваявалі ўзнагароды рознага ўзроўню. Нядаўна стала вядома, што ў рэспубліканскім конкурсе “Ідзі за марай”, прысвечанаму Еўрапейскім гульням, яны атрымалі Дыплом ІІ ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Маюць Дыплом І ступені Цэнтра маладзёжнай творчасці г. Брэста ў конкурсе “Вясёлкавы калейдаскоп” па выцінанцы, упраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама ў намінацыі “Мастацкі роспіс”.
Калі вы любіце творчасць, прыгожыя рэчы і ўсё, што звязана з хэнд-мэйдам, зазірніце ў бліжэйшы час у выставачную залу. Выстава “Скарбонкі рамёстваў” будзе працаваць да канца чэрвеня. Упэўнена, атрымаеце асалоду ад убачаных экспанатаў.

Святлана МАРОЗ
Фота аўтара

Оставить комментарий

Похожие новости