НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Ветэран кааперацыі

Ветэран вайны і працы Ганна Канстанцінаўна Кавалеўская з Беражнога адзначыла сваё 95-годдзе.
Дом па цэнтральнай вуліцы аграгарадка Беражное колькі дзён назад можна было лёгка вызначыць па тым, як ля яго спыняліся адна за адной легкавушкі, з якіх выходзілі людзі з кветкамі і пакункамі падарункаў. А да таго з Расіі і розных месц раёна прыехалі яе тры дачкі і ўнук. Прычына была слушная: у гаспадыні юбілей.
Віншавалі юбілярку кіраўнікі райвыканкама і ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, уручылі Ганаровую грамату райвыканкама і ружы. Цёплыя словы і пажаданні здароўя і дабра выказалі былыя калегі-кааператары, кіраўніцтва Беражноўскага сельвыканкама і райсавета ветэранаў. Прыйшлі родныя і суседзі. Па тэлефоне прыходзілі віншаванні нават з-за мяжы ад унучак.
Па ўсім было відаць, што юбілярка – чалавек вядомы і заслужаны. У прыгожай сукенцы з белым карункавым каўнерыкам яна гасцінна сустракала ўсіх. І неяк не верылася, што за плячыма ў гэтай жанчыны такі доўгі і пачэсны шлях.
…Ганначка нарадзілася ў Беражным у сялянскай сям’і. У час панскай Польшчы скончыла сем класаў і працавала з бацькамі на ўласнай гаспадарцы. Калі пачалася вайна, уся сям’я пайшла ў партызаны. Дыслацыраваліся спачатку за Рублём, у Чырвоным Беразе, а потым, калі немцы падышлі зусім блізка, рушылі на Мерлінскія хутары. Жылі ў зямлянках у сямейным лагеры атрада імя Ракасоўскага.
Калі раён быў вызвалены ад фашыстаў, Ганну як адукаваную і адказную дзяўчыну паставілі прадаўцом у магазін. Гэта была звычайная сялянская хата, у адным з куткоў якой паставілі вялікую скрынку замест стала і прылаўка. І займалася яна тым, што прымала ад вяскоўцаў і вяла ўлік розных рэчаў для фронту. Прадаваць не было чаго. Потым ужо з’явіліся першыя тавары: запалкі, соль, газа.
У 1948 годзе ў Беражным адкрылі хату-чытальню. Загадчыцай стала Ганна, якая ўмела тактоўна ставіцца да кожнага малога і старога, тлумачыць стан спраў, чытаць газеты і даносіць іх сэнс да наведвальнікаў. Тым часам у вёсцы адкрываюць новы магазін, і яго загадчыцай становіцца Кавалеўская, якая мела ўжо сваю сям’ю і нарадзіла дзетак. З гэтага часу яе працоўнае жыццё будзе непарыўна звязана з кааператыўным гандлем у роднай вёсцы. Будуць мяняцца магазіны і кафэ, а яна для людзей застанецца ўзорам паважлівых адносін і адказнасці ў рабоце. Таму калі праз вёску цягнулі нітку нафтаправода “Дружба” і трэба было наладзіць работу па гандлёвым абслугоўванні нафтавікоў, звярнуліся да яе. І Ганна Канстанцінаўна пагадзілася. Набыла старое памяшканне аднаго з дамоў і арганізавала там галіновы гандаль, за што ёй былі ўдзячны.
За старанную і плённую работу ў спажывецкай кааперацыі раёна Кавалеўская была ўзнагароджана ў 1974 годзе ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі. У ветэрана працы шмат юбілейных медалёў, але іх ззянне ніколькі не змяніла характар жанчыны. Яна заставалася такой жа сціплай і сумленнай. Яе дочкі ў час сустрэчы ўспаміналі, як маці карала іх за дзіцячыя свавольствы, як для яе важна было, каб яны выраслі сапраўднымі людзьмі без падману і хлусні.
Калі прыйшоў час ісці на пенсію, Ганна Канстанцінаўна перайшла працаваць загадчыцай у посудавы ларок, каб быць з людзьмі, каб быць занятай і патрэбнай ім. У свае 95 яна выглядае маладжавай, цікавіцца навінамі аграгарадка і краіны, падзеямі ў свеце. Яна параўноўвае сённяшні дзень і свае пражытыя гады і радуецца станоўчым пераменам, міру на зямлі.
Валянціна МІРАНОВІЧ
Фота Людмілы КАСПЯРОВІЧ

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 25 августа

Гороскоп на 25 августа

21 августа, 2025
Гороскоп 24 августа

Гороскоп 24 августа

21 августа, 2025
В Смоленской области запрещен ввоз из Беларуси более 4 тонн ягодной продукции.

Оставить комментарий

Похожие новости