Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне школьнікаў павінна быць арыентавана не толькі на любоў да Радзімы, але і веру ў сябе, у свае сілы, у вялікія здзяйсненні нашых бацькоў і дзядоў. Гэта любоў да кожнага кутка і кожнага грамадзяніна нашай краіны. Неабходна выхоўваць дзяцей на перамогах, а не на паражэннях, на стварэнні, а не на разбурэнні.
– Менавіта ў школьным узросце найбольш мэтазгодна далучаць дзяцей да патрыятызму і грамадзянскасці, – сцвярджае ваенны камісар падпалкоўнік Сяргей Патрубейка. – Ваенкамат правільна вызначыў для сябе мэты і задачы грамадзянска-патрыятычнай работы са школьнікамі, абраў аптымальныя метады і формы арганізацыі выхавання. Гэта правядзенне мерапрыемстваў, прысвечаных Дню прызыўніка, Дню воіна-інтэрнацыяналіста, Дню абаронцы Айчыны, Дню Перамогі і Дню Незалежнасці. Таму 1 лютага на базе Церабліцкай сярэдняй школы было запланавана такое ваенна-патрыятычнае мерапрыемства.
У ходзе сустрэчы з вучнямі Церабліцкай, Рамельскай, Аздаміцкай, Кароціцкай, Альгомельскай, Вялікамалешаўскай сярэдніх і Мачульскай базавай школаў выступіў Сяргей Патрубейка. Пра дзейнасць другога радыётэхнічнага цэнтра вайсковай часці 25886 8-й радыётэхнічнай брыгады ВПС і СПА расказаў намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце капітан Аляксандр Карлюк, а кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Фёдар Шпакевіч перад пачаткам афіцыйнай часткі правёў з вучнямі экскурсію па міні-музеі, прысвечаным Вялікай Айчыннай вайне.
Прысутнічалі на выхаваўчым мерапрыемстве і прадстаўнікі Беларускай казацкай абшчыны – Аляксандр Бараноўскі і Руслан Храпіцкі, якія не толькі расказалі аб дзейнасці іх аб’яднання, але і выканалі песні.
Знакавым гэты дзень стаў для дзевяці вучняў Церабліцкай сярэдняй школы, якія папоўнілі рады грамадскага аб’яднання «БРСМ». З урачыстай прамовай перад юнымі грамадзянамі выступіў Сяргей Патрубейка і ўручыў членскія білеты.
– Спадзяюся, што кожны з вас будзе законапаслухмяным і адказным за будучыню сваёй краіны, – падкрэсліў ваенны камісар.
У той жа час ён пажадаў юнакам і дзяўчатам заставацца добрымі, актыўнымі і шчаслівымі. Адчувалася, што вучні хвалююцца, але гэтае хваляванне радаснае, хоць і з адчуваннем пэўнай адказнасці.
Пасля ўрачыстай часткі вучні змаглі ўвачавідкі пазнаёміцца з відамі ўзбраення Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь – разабраць і сабраць аўтамат, апрануцца ў вайсковую форму, пастраляць з сапраўднага лука, адчуць сябе на хвіліну абаронцам Айчыны ды сфатаграфавацца на памяць.
– Ваенны камісарыят дзейнічае ў правільным кірунку, – адзначыў Фёдар Шпакевіч. – Вучням, а менавіта хлопчыкам, патрэбны такія сустрэчы. Калі пра дзейнасць супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў яны ў большай ступені ведаюць па серыялах і кінастужках, то пра нашу беларускую армію ведаў зусім мала. На мой погляд, за 25 гадоў наша армія дасягнула вялікіх поспехаў, нам ёсць чым ганарыцца. Служыць сваёй краіне і народу – гэта не толькі прэстыжна, але і важна!
Вольга
СЕГЕН
Фота аўтара