У пятніцу, 14 мая, у Столінскім раённым цэнтры дзіцячай творчасці адбыўся інтэлектуальны квіз-гульня «Зямля бацькоў – зямля святая» – сумеснае мерапрыемства раённага савета ветэранаў, раённай арганізацыі РГА «Белая Русь», раённага аб’яднання прафсаюзаў і РК ГА «БРСМ».
Значную дапамогу ў арганізацыі турніру аказалі педагогі дадатковай адукацыі і, у прыватнасці, Ірына Дабрыянец, якая падрыхтавала пакет пытанняў і выступіла ў ролі вядучай.
Удзельнікаў прывітаў старшыня раённага савета ветэранаў Анатоль Максімовіч і прадставіў каманды: «Надзея» ад раённага савета ветэранаў, «Пралеска» – прадстаўнікі прафсаюзных арганізацый горада і «Логіка» – прадстаўнікі БРСМ.
Інтэлектуальны квіз – гэта тая ж гульня «Што? Дзе? Калі?», толькі дапоўненая карцінкамі, аўдыя- і відэазапісамі і г. д.
Каманды сыгралі сем тураў па шэсць пытанняў у кожным і заключны рызыка-тур. Усе пытанні тычыліся Беларусі – яе гісторыі, спорту, прыроды, малой радзімы, маладзёжных арганізацый – і патрабавалі не толькі канкрэтных ведаў, а і лагічнага мыслення.
Лепшы вынік гульні паказала каманда «Пралеска», з адрывам у тры ачкі за імі размясціліся каманды «Логіка» і «Надзея».
Як заўважыў Анатоль Максімовіч, іх бянтэжыла, калі трэба было хутка супаставіць назву прадмета з малюнкам на экране. Складанымі аказаліся і пытанні маладзёжнай тэматыкі. А ў цэлым гульня спадабалася.
Было цікава ўзбадзёрыцца, успомніць падзабытае з агульнага кругагляду, – дзеліцца ўражаннямі капітан каманды «Пралеска» Іна Шаламіцкая, дырэктар Столінскага РЦКРАіР. – Правядзенне падобных турніраў на ўзроўні раёна сярод працоўных калектываў розных сфер дзейнасці можа быць цікавым і карысным адпачынкам і баўленнем часу, пачаткам добрай традыцыі.
Праведзены турнір стаў не толькі разумовай гімнастыкай, а і цікавай забавай. Усе ўдзельнікі атрымалі падарункі.
Галіна
ГАШЧУК
Фота Анжалікі
ГУДНАЙ