НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Пра такіх, як вучаніца 9 “В” класа сярэдняй школы № 1 аг. Альшаны Дзіяна Гром, кажуць – будучыня краіны.
Імя дзяўчыны ўжо гучала ў нашай газеце як уладальніцы Дыплома II ступені абласной алімпіяды па беларускай мове. Да гэтага яна стала абсалютнай пераможцай раённага этапа. А нядаўна Дзіяна вярнулася з Брэста, дзе тры дні рыхтавалася да рэспубліканскай алімпіяды па роднай мове.
– Адчула сябе сапраўднай студэнткай, – расказвае дзяўчына. – У першы дзень былі лекцыі з 10 да 16 гадзін. Потым мы рыхтавалі водгук, на другі дзень разбіраліся з комплекснымі заданнямі, а апошнім было вуснае выказванне. Я выбрала тэму: “Рукі замараеш – вадой адмыеш, душу замараеш – нічым не адмыеш”.
Пасля заняткаў усе мы працягвалі размаўляць на беларускай мове. Упэўнена, наша мова – самая прыгожая. У выніку набрала 19 балаў з 20 магчымых, што лічу дасягненнем. Было цікава паглядзець на ўзровень іншых вучняў, якія прыехалі сюды з ліцэяў і гімназій. Магу сказаць, што падрыхтоўка на такіх зборах дае магчымасць аб’ектыўна ацэньваць свае магчымасці і зразумець, што яшчэ трэба падцягнуць.
– Значыць, ты настроена на перамогу?
– А калі не настройвацца на перамогу, то чаго ўвогуле прымаць удзел? Разумею, што там будуць лепшыя з лепшых, таму ніхто не адмяняе барацьбы. У мяне ёсць дэвіз: зрабі ўсё, што магчыма, і ўжо тады спадзявайся на лёс. Да рэспубліканскай алімпіяды яшчэ больш за месяц, таму ёсць час «падпампаваць» свае веды. Дапамагае мая настаўніца па беларускай мове Аляксандра Уладзіміраўна Ралава, якая і прывіла мне любоў да роднай мовы.
–Ты, акрамя беларускай мовы, з’яўляешся выдатніцай і па іншых прадметах! Падзяліся сакрэтам, як усё паспяваеш.
– Я проста імкнуся нічога не адкладваць на потым. Прыйшоўшы дадому, адразу выконваю ўсё дамашняе заданне, нягледзячы на тое, калі будзе наступны ўрок. Яшчэ наведваю музычную школу, у якой вучуся па класу фартэпіяна. Гэты год – апошні, таму прыкладаю ўсе намаганні, каб на выпускным вечары выступіць дастойна. Калі правільна размеркаваць час, то і на любімыя заняткі яго хапае.
– Пэўна, бацькі ганарацца тваімі поспехамі?
– Бацькі мяне падтрымліваюць. У нашай сям’і шасцёра дзяцей. Як самая старэйшая дапамагаю сваёй маці. Але, калі мне трэба рыхтавацца, бацькі не даюць малодшым перашкаджаць. І заўсёды ставяць у прыклад. Гэта надае яшчэ большай упэўненасці.
– Удзел у алімпіядах дае магчымасць заводзіць новых сяброў. Якія якасці ў чалавеку табе найбольш імпануюць?
– Галоўнае, каб чалавек быў шчырым. Цаню пачуццё гумару. Хоць і сапернікі, але нейкай варожасці паміж намі няма. У выніку ж перамагаюць веды. Не хаваю, прыемна быць лепшай. Буду імкнуцца і на рэспубліканскай алімпіядзе дастойна абараніць гонар роднай школы.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Победная Пасха

Победная Пасха

18 апреля, 2025
«Всецарица» прибудет на Столинщину
Одна жизнь – один шанс

Оставить комментарий

Похожие новости