За перамогу змагаліся дзяўчаты
У мінулую суботу ў Сямігосціцкай сярэдняй школе адбыўся традыцыйны турнір па баскетболу, прысвечаны 8 Сакавіка.
Акрамя каманды-гаспадыні, у ім прынялі ўдзел каманды Альгомельскай, Аздаміцкай, Вялікамалешаўскай школ. Таксама пазмагацца за перамогу прыехалі госці з суседняга раёна – каманда сярэдняй школы № 2 г. Жыткавічы на чале з трэнерам і настаўнікам фізічнай культуры Уладзімірам Пракаповічам.
Прывітальнае слова сказаў дырэктар Сямігосціцкай сярэдняй школы Уладзімір Рэзановіч, які павіншаваў дзяўчат са святам і пажадаў ім поспехаў на баскетбольнай пляцоўцы.
Гульні былі відовішчныя — ўдзельнікі каманд змагаліся за кожнае ачко.
Драматычным была развязка турніру. У матчы за трэцяя месца каманда Сямігосціцкай сярэдняй школы прайграла камандзе Аздаміцкай сярэдняй школы з лікам 23:9.
Не менш яскравым быў матч за першае месца, у якім сустрэліся каманды з Жыткавіч і каманда з Вялікага Малешава, якая, дарэчы, некалькі гадоў запар была абсалютным чэмпіёнам раёна.
Дзяўчаты з нашага раёна з першых хвілін павялі ў ліку. Але ў апошнім перыядзе госці перахіпілі ініцыятыву і зраўнялі лічбы на табло, а праз некаторы час сталі перамагаць. Напружванне нарастала, абедзьве каманды былі блізкія да таго, каб стаць чэмпіёнамі. Трэнеры вырашылі ўзяць тайм-аўт. У выніку ўладальнікаў золата і серабра раздзяліла адно ачко: перамагла каманда з Вялікага Малешава з лікам 22:21. Апошняй стала каманда Альгомельскай сярэдняй школы.
Пасля заканчэння спаборніцтваў камандам былі ўручаны Дыпломы і Граматы ад Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.
У наступным годзе гэты турнір вырашана прысвяціць памяці Герою Сацыялістычнай працы – Надзеі Кавалец.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара