НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Роднаму калгасу прысвяціў жыццё

У пенсіённым пасведчанні Дзмітрыя Карнейчука з аграгарадка Вялікае Малешава значыцца агульны стаж аж 45 гадоў!

Разглядаем з ім безліч узнагарод, якія працавіты механізатар заслужыў за гэты час. Ганаровая грамата Брэсцкага аблкома КПБ і выканаўчага камітэта Брэсцкага абласнога Савета народных дэпутатаў, уручаная ў 1977 годзе. Яшчэ праз тры гады за самаадданую працу і выкананне задач пяцігодкі трактарыст калгаса «Чырвонае знамя» быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Дзмітрый Ціханавіч таксама з’яўляецца ўладальнікам ордэнаў Працоўнай Славы III і II ступені, ударнікам камуністычнай працы, неаднаразовым пераможцам сацыялістычных спаборніцтваў, а ў 1979 годзе быў узнагароджаны бронзавым медалём Усесаюзнай выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР.

Я нездарма так падрабязна расказала пра ўсе заслугі гэтага чалавека, бо ён з’яўляецца сапраўдным героем. Такія, як ён, падымалі калгас літаральна на сваіх плячах. Гэта зараз на палях сучасная тэхніка, якая заменіць не адзін дзясятак чалавек, а па ферме можна прайсціся ледзь не ў чаравіках. А Дзмітрый Ціханавіч прыйшоў у калгас у 1962 годзе і быў простым ездавым, калі нават галоўных дарог не было ў вёсцы, не кажучы пра калгасныя. Звыклы да працы з маленства, бо ён быў шостым дзіцём з дзевяці ў сям’і. Нарадзіўся ў 1937 годзе, дзяцінства прайшло ў цяжкі ваенны і пасляваенны час. Не да вучобы было, думалі, як кавалак хлеба здабыць на вячэру. Гэта зараз якіх табе хочаш прысмакаў можна купіць у магазінах, а тады дзеці толькі прысніць маглі сапраўдныя цукеркі. Пайшоў Дзмітрый Карняйчук у школу толькі пасля вызвалення нашай краіны і скончыў чатыры класы.

А ў родную гаспадарку, якая толькі-толькі станавілася на ногі, прыйшоў яшчэ да арміі ўслед за бацькам. Потым тры гады нёс службу ў Яраслаўлі. Была магчымасць застацца, бо кіраўніцтва вайсковай часці заўважыла адказнасць і надзейнасць юнака з Палесся. Але ён вярнуўся ў сваю вёсачку, якую любіў без межаў. І вярнуўся ў калгас.

Успамінае, як было цяжка ўзворваць зямлю пасля паводак, якія былі частымі ў той час. Глеба тут заўжды была тлустая, ураджайная. Руплівыя людзі шчыравалі дзень і ноч на палях уручную з дапамогай сярпоў, матыкаў і іншых прыладаў працы.

Толькі ў пачатку 1970-ых гадоў у нашым раёне масава пачалі з’яўляцца трактары, якія сталі сапраўднымі выратавальнікамі, нягледзячы, што магутнасці іх былі зусім не раўня цяперашнім. Будучыя механізатары праходзілі спецыяльную вучобу, паколькі дагэтуль ніводзін з іх не ведаў, як кіраваць жалезным канём.

Дзмітрыю Карнейчуку даверылі спачатку трактар Т-40, які ў народзе называўся «саракоўка» альбо «саракан» і выпускаўся ў Ліпецку. Далей ён кіраваў яго удасканаленым варыянтам Т-50 і першым універсальна-прапашным гусенічным трактарам T-70, які быў прызначаны для апрацоўкі цукровых буракоў і іншых культур.

І, як бачым, асвоіў тэхніку Дзмітрый Карняйчук паспяхова, хаця ніколі не спяшаўся за ўзнагародамі.

– Я і сам здзіўляўся, калі даведваўся, што стаў перадавіком, – шчыра прызнаецца Дзмітрый Ціханавіч. – Проста я такога кшталту чалавек, што звык заўсёды даводзіць справу да канца. І мне без розніцы, ноч на двары ці дзень: калі паставіў сабе мэту, то буду да яе ісці. Безумоўна, са з’яўленнем тэхнікі працаваць стала намнога лягчэй, але і складаней, паколькі мы вучыліся не толькі кіраваць ёю, а таксама і рамантаваць.

За тэхніку тады ў прамым сэнсе адказвалі галавой, бо кожны агрэгат быў на вагу золата, асабліва ў час уборкі і сяўбы. Але найбольшая заслуга ў тым, што калгас быў адным з лепшых, належала, зразумела, людзям. Кіраўнікі амаль днявалі і начавалі ў гаспадарцы, каб наладзіць справы. Успамінае Дзмітрый Ціханавіч аднаго са сваіх старшынь – Генадзя Сцямпкоўскага, які не толькі падняў прэстыж работы ў сельскай гаспадарцы, але і дапамог тады стратны па паказчыках мяса і малака калгас за год вывесці ў перадавікі.

Такой жа апантанай да  працы была і жонка майго суразмоўцы – Алена Іванаўна, з якой пражылі ў пары 60 гадоў. Яна шчыравала ў калгасе звеннявой і таксама неаднаразова адзначалася за доблесную працу. На жаль, пайшла з жыцця, таму зараз Дзмітрый Ціханавіч жыве сам у доме. Раз’ехаліся і трое дзяцей. У кожнага сваё жыццё, клопаты, планы. Але на мінулым тыдні 11 лістапада была цудоўная нагода сабрацца ўсім у бацькоўскай хаце – Дзмітрый Ціханавіч адзначыў 85-гадовы юбілей. Не забыла павіншаваць перадавіка і мясцовая ўлада ў асобе старшыні Вялікамалешаўскага сельскага выканаўчага камітэта Таццяны Васюхневіч, якая ўручыла кветкі і падарунак. Далучаемся і мы. Хай радуюць дасягненнямі ўнукі і здароўе не падводзіць.

Ганна

МЕЛЬНІК

Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Образование территориальных комиссий
Будут инвестиции – будет развитие региона
Улица Василия Козлова

Оставить комментарий

Похожие новости