Клас-канцэрт з майстар-класам для ўдзельнікаў танцавальных калектываў раёна адбыўся 27 лютага ў Столінскім гарадскім доме культуры.
Правялі яго навучэнцы ІV курса спецыяльнасці “Харэаграфічнае мастацтва (народны танец)” Пінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў пад кіраўніцтвам выкладчыка Веры Кафельнікавай.
- Такія сустрэчы мы праводзім з мэтай прафарыентацыі і на Століншчыне не ўпершыню, — расказвае старшыня цыклавой камісіі харэаграфічных дысцыплін Ала Сеген. – На іх мы выяўляем тых, хто марыць працягнуць навучанне ва ўстанове мастацтваў, раздаём ім анкеты абітурыентаў, пасля запрашаем на дні адчыненых дзвярэй і вядзём мэтанакіраваную работу. І часам менавіта пасля такіх клас-канцэртаў і майстар-класаў у некаторых дзяцей з’яўляецца жаданне займацца харэаграфіяй прафесійна. Дарэчы, сёння ў канцэрце прымае ўдзел навучэнец нашага каледжа і ўраджэнец Століна – Віталь Булгакаў.
Пасля на сцэне ГДК выступіў з канцэртам заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль танца “Пінская шляхта” Пінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, лаўрэат прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму (мастацкі кіраўнік Валерый Жыльцоў).
Творчы калектыў падарыў гадзіну душэўнай насалоды. Народныя танцы і харэаграфічныя кампазіцыі, вясёлая музыка, яркія касцюмы танцораў заварожвалі і выклікалі цёплыя апладысменты.
Галіна ГАШЧУК
Фота аўтара