НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Пра гэта добра ведае Іван Пятровіч Шаўчук з вёскі Альгомель – знакаміты ў акрузе пчаляр.

Любоў да гэтай справы яму перадалася ад дзеда Фёдара. З маленства ён ішоў з ім у лес, дзе на дрэвах віселі вялізныя борці, зробленыя дзедавымі рукамі.​

Потым Іван скончыў школу і ўладкаваўся шафёрам у калгас «Чырвоны сцяг». Але пчалярства не пакінуў. Ну вось па душы яму гэты занятак, заўсёды знаходзіў час. Здольны да работы Іван Пятровіч першым у вёсцы пабудаваў парнік і «ўладкаваў» сваіх пчол на работу – яны апылялі яму агуркі. Гэта зараз гатункі галандскія, без апылення растуць і пладаносяць. А раней гэтай справай займаліся пчолы, якіх людзі спецыяльна лавілі на лугах.​

Пасля таго, як Іван Пятровіч трапіў у аварыю, яму давялося пакінуць руль і перайсці ў цесляры. Звыкаць да чагосьці новага не трэба было, з дрэвам і інструментамі ён быў на «ты». Не дзіўна, столькі рамак для пчол зрабіў, а вулляў яшчэ больш.​

Дбайны гаспадар трымаў і свойскую жывёлу, паспяваў на рабоце. Ды і жонка Ефрасіння трапілася яму да пары. Руплівая, хуткая, ні хвіліны без справы сядзець не магла. Да таго ж у калгасе звеннявой была, ды яшчэ якой! За сваю работу ўзнагароджана медалём «За працоўную доблесць», заўсёды была ў перадавіках.​

– Яна для мяне была не толькі каханай жанчынай, але і надзейным таварышам, сяброўкай, дарадчыкам. Усё у нас атрымлівалася, весела жылося. Мы нават і не сварыліся. Яна ўся ў справах, дзелавая, я таксама на рабоце. Нам было пра што гаварыць і да чаго імкнуцца. А самае галоўнае –яна падарыла мне двух сыноў. Шкада, што пайшла з жыцця два гады таму… Паспелі адзначыць залатое вяселле, а праз некалькі дзён яе не стала. Вельмі сумую па ёй, – кажа мой суразмоўца.

Можа б смутак больш апаноўваў Івана Пятровіча, каб не дзеці і ўнукі, якія жывуць побач. Дарэчы, пчалярствам цікавіцца яго сын Фёдар, які зараз працуе на пасецы каля турыстычнай базы «Прыпяцкі стан». Часта там бывае і сам Іван Пятровіч, які дапамагае сыну. Сюды перавёз сваіх 15 сямей, а дома засталося яшчэ 45 пчаласем’яў.​

– Тут сапраўды самы натуральны, самы якасны мёд. Такога, даю гарантыю, ва ўсёй Беларусі не знойдзеш, – запэўнівае пчаляр. – Тут столькі кветак, столькі раслін, у тым ліку карысных. Таму пчолы тут самыя што ні ёсць сапраўдныя фармацэўты, не мёд, а лекі робяць. ​ Мёду бывае настолькі многа, што прадаць няма ніякай магчымасці. ​ І гэта галаўны боль. На мой погляд, трэба наладзіць пэўную сістэму. І дзяржаве было б добра, і нам – пчалярам, – дзеліцца сваімі прапановамі Іван Пятровіч.​

– А ці ёсць у вас нейкія пчалярскія сакрэты?

– Ну, вядома ж, ёсць. У кожнага пчаляра яны свае і ніхто вам не выдасць іх, як не дапытвайцеся. Бо ўсе яны перадаюцца ў спадчыну ад дзядоў і прадзедаў, гэта сямейная таямніца. Але магу толькі сказаць, што каб мёд быў, трэба пчолак даглядаць. Яны, як людзі, любяць клопат. А яшчэ яны маюць характар. Ёсць злосныя пчолы, гудуць, бы верталёт. А ёсць спакойныя, як у мяне. Яны амаль не кусаюцца.

– Цікава, а колькі ўкусаў за сваё жыццё атрымалі ад сваіх паласатых сябровак?

– Ой, нават не згадаю. За адзін раз можа 50 штук жарнулі. Але ў мяне няма алергіі, таму пераносіліся яны без вынікаў. Як бачыце, жывы-здаровы, – ​ смяецца Іван Пятровіч.

Заўважаю, што мужчына з пачуццём гумару, любіць пагаварыць. Таму да яго сюд-тут забягаюць як аднавяскоўцы, так і ўнукі. Многія былыя калегі ​ цікавяцца і набываюць мёд, каб палячыцца. Асабліва актуальна гэта зараз, калі хваробы адна за адной сыплюцца.​

– Кожны дзень па лыжцы мёду, і ўсё будзе добра, – з аптымізмам кажа пчаляр.​

Ганна

МЕЛЬНІК

Фота

аўтара

Оставить комментарий

Похожие новости