НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Днямі адзначыла сваё 70-годдзе жыхарка Століна Софія Яўгенаўна Царык. Усё яе жыццё – прыклад таго, як знайсці сабе любімую справу.
Соня нарадзілася ў студзені 1951 года ў вясковай сям’і, якая жыла ля в. Альпень на хутары. Маці працавала ў калгасе паляводам, а бацька ў Давыд-Гарадоцкім гарадскім спажывецкім таварыстве загадваў магазінам. Дзяўчынка была старэйшай сярод дзяцей, пасля яе нарадзіліся яшчэ тры сястры і брат.
Па суседству жыў фельчар, паважаны на сяле чалавек. На момант заканчэння Соняй вучобы ў школе ў Століне працавала медвучылішча, таму дзяўчынка вырашыла стаць медыкам. Выкладчыкі прапанавалі менавіта яе кандыдатуру на пасаду старасты групы. Софія апраўдвала выбар і вучобай, і работай.
Пасля заканчэння вучылішча яна стала працаваць медсястрой у палаце нованароджаных у Давыд-Гарадоцкай бальніцы, а потым было створана месца школьнага фельчара ў сярэдняй школе № 1 у горадзе над Гарынню. Гэта быў час сталення яе як працаўніка і час кахання, калі нарадзілася яе сям’я. Давялося пераехаць у Столін, папрацаваць колькі месяцаў фельчарам хуткай дапамогі, а потым на ўсе гады, да самага выхаду на пенсію яна шчыравала медсястрой у неўралагічным аддзяленні Столінскай цэнтральнай раённай бальніцы. І хоць не займала высокіх пасад, але яе – актыўную, адказную – заўжды выбіралі ў склад прафкама.
– Я любіла сваю работу, – расказвае юбілярка. – Мне падабалася аблягчаць боль хворым, удзельнічаць у аглядах і спаборніцтвах. Трэба ехаць на курсы павышэння кваліфікацыі, то я буду першай; трэба ў аматарскай творчасці ўдзельнічаць – калі ласка. На абласных аглядах медыкам з Брэста даюць першае месца, а за намі пастаянна было другое.
Муж падтрымліваў жонку, у сям’і раслі два хлапчукі. І раптам бяда: не стала аднаго з братоў. Для яе зямля з-пад ног недзе дзелася, не было апоры, не было спакою матчынаму сэрцу. І яна пайшла ў храм, стала ездзіць па святых месцах, дапамагаць святару. Яе абралі членам царкоўнага савета. Было гэта заканамернасцю, бо з дзяцінства яна з маці і бабуляй хадзілі ў мясцовую царкву, а калі яе зачынілі ў гады бязбожжа, то сталі наведваць храм у Велямічах. Софія памятае, колькі яе маці ездзіла ў Брэст да ўпаўнаважанага па справах рэлігіі, каб у 90-ых адчыніць царкву ў Альпені.
Софія Яўгенаўна разам з іншымі жанчынамі райцэнтра стала ініцыятарам будаўніцтва саборнага храма ў Століне. Яна збірала і збірае ахвяраванні, часта не зважаючы на стан уласнага здароўя, узначаліла работу іконнай лаўкі, клапоціцца, каб хутчэй і якасней ішлі будаўнічыя работы. І ўсё гэта ў славу Боскую, не дзеля заробкаў. Па яе ініцыятыве прыхаджане віншуюць юбіляраў, дораць на святы салодкасці дзецям, а ўсе жанчыны на Дзень маці пакідаюць царкву з ружамі.
Калі сын Аляксей выказаў жаданне стаць прадпрымальнікам, Софія Яўгенаўна, якая толькі што выйшла на пенсію, вырашыла дапамагчы яму ў наладжванні справы. Цяпер сын падтрымлівае маці ў царкоўных справах, а яна паспявае яшчэ і ўласную сядзібу аздобіць так, каб заваяваць узнагароду ў Дзень горада.
Наша юбілярка радуецца таму, што па яе прыкладзе сталі медработнікамі і дзве яе сястры. Яна і сёння першай кінецца на дапамогу, калі поруч стала дрэнна якому чалавеку. А свае лідарскія якасці жанчына не хавала, а развівала на працягу ўсяго часу. Таму ў дзень юбілею Софія Царык была ўзнагароджана Ганаровай граматай Столінскага райвыканкама. Яе віншавалі кіраўніцтва бальніцы, раённы савет ветэранаў і настаяцель храма свяціцеля Лукі, дзе яна служыць. Здароўя, шчасця і здзяйснення новых задум вам, Софія Яўгенаўна!
Валянціна МІРАНОВІЧ
Фота Аляксандра НІКІФАРЭНКІ

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Победная Пасха

Победная Пасха

18 апреля, 2025
«Всецарица» прибудет на Столинщину
Одна жизнь – один шанс
Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости