НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Алену Васілевіч добра ведаюць у вёсцы Луткі. І гэта не дзіўна. Вось ужо 11 гадоў яна з’яўляецца старастай гэтага населенага пункта – самага аддаленага ад райцэнтра. Для сустрэчы з ёй была цудоўная нагода – 70-гадовы юбілей. Таму разам са старшынёй Вялікамалешаўскага сельскага выканаўчага камітэта Таццянай Васюхневіч едзем у Луткі.
– Алена Адамаўна – гэта мая правая рука, – па дарозе дзеліцца Таццяна Мікалаеўна. – Яна вельмі дапамагае, за што ёй моцна ўдзячна. Яна – чалавек дабрэйшай душы, неабыякавы да людзей і да жыцця вёскі ў цэлым. У цяперашні час гэта вялікая рэдкасць. Мясцовыя жыхары яе вельмі любяць і паважаюць за дабрыню і чуласць. Яна свая ў кожным доме.
На ўездзе ў вёску ўзвышаецца царква.
– Гэта таксама вялікая заслуга Алены Адамаўны, – працягвае старшыня. – Колькі яна выхадзіла, каб у вёсцы з’явілася царква! Яна ніколі не падае духам, наадварот, заўсёды верыць у лепшае. Кажа, калі думаць пра добрае, то яно і здзейсніцца.
Дом старасты знаходзіцца ў пачатку вёскі. Жанчына нават разгубілася, пабачыўшы нас. Сціплая ад прыроды, яна не звыкла да такой увагі. Таццяна Мікалаеўна ўручыла падарункі і кветкі, пажадала моцнага здароўя юбіляру і каб надалей працягвалася іх цеснае супрацоўніцтва.
Алена Адамаўна нарадзілася і вырасла ў Лутках. Тут прайшло яе дзяцінства, юнацтва, сустрэла сталасць. Доўгі час працавала даяркай у калгасе «Дружба» – цяперашнім ААТ «Кароцічы», адкуль і пайшла на заслужаны адпачынак.
Аднойчы зайшла ў Вялікамалешаўскі сельвыканкам па сваіх правах, а старшыня прапанавала ёй стаць старастай вёскі. Алена Адамаўна адразу згадзілася, бо заўсёды любіла клапаціцца пра людзей. Тым больш дачка Крысціна ўжо вырасла, стварыла сваю сям’ю ў Вялікім Малешаве. З’явіўся вольны час. Чаму ж не дапамагчы роднай вёсцы?
І ў жніўні 2009 года на сходзе жыхары аднагалосна выбралі Алену Васілевіч старастай.
Самым першым заданнем для яе стала будаўніцтва храма Святых бяссрэбранікаў Космы і Даміяна, якое вяскоўцы вялі сваімі сіламі. Жыхары іншых вёсак таксама дапамагалі ахвяраваннямі. Алена Адамаўна асабіста кантралявала справы, глядзела, каб хапала матэрыялаў, вяла перагаворы з пастаўшчыкамі і гэтак далей.
– Няхай наша царква і не вялікая, затое свая, – кажа стараста. – Будаўніцтва вельмі з’яднала людзей, бо стала ўвасабленнем веры і надзеі. Прастольнае свята ў нас адзначаецца 14 лістапада. Запрашаем і вас. Дасць Бог да гэтага часу знікне гэты каронавірус.
Таксама ў вёсцы справедку шостага мая святкуецца Юр’еў дзень. Гэта традыцыя перадалася ў спадчыну ад нашых продкаў. Увогуле вёска Луткі – адна з самых самабытных у нашым раёне. Тут яшчэ дагэтуль пякуць хлеб, ткуць на кроснах і вельмі ашчадна ставяцца да свайго мінулага. Сёння ў вёсцы жывуць 322 чалавекі. З іх 165 – працаздольнага ўзросту, 63 дзіцяці і 94 пенсіянеры. Дзесяць сем’яў маюць статус мнагадзетных. Да Алены Адамаўны часта звяртаюцца адзінокія пажылыя людзі, каб выпісаць дровы, парамантаваць тэлефон, вывезці смецце, заплаціць за электрычнасць і гэтак далей. Стараста разумее, што людзі на яе спадзяюцца, таму не можа іх падвесці. У яе ёсць спецыяльная тэлефонная кніга з нумарамі розных арганізацый. Калі што не ведае, звяртаецца да старшыні сельвыканкама. Таксама жанчына неаднаразова з супрацоўнікамі Столінскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях прымала ўдзел у абследаванні жыллёва-бытавых умоў інвалідаў, адзінокіх і адзінока пражываючых людзей.
Вялікую работу правяла стараста і па добраўпарадкаванні мясцовых могілак, на якіх былі прыбраны старыя дрэвы і пастаўлена новая агароджа.
Алена Адамаўна таксама з’яўляецца членам савета грамадскага пункта аховы правапарадку пры Вялікамалешаўскім сельвыканкаме і пастаянна ўдзельнічае ў пасяджэннях, на якіх разглядаюцца такія пытанні, як прафілактыка п’янства, правапарушэнняў, пажарнай бяспекі, дрэннага становішча ў сем’ях.
– Як і ў іншых вёсках, у нас ёсць людзі, які злоўжываюць алкаголем і гэта вялікая бяда. Асабліва баліць душа за маладых хлопцаў, якія замест сям’і выбіраюць бутэльку, – кажа жанчына. – П’янства – гэта такая хвароба, ад якой пакутуюць як вясковыя людзі, так і знакамітыя асобы. Многае залежыць ад самога чалавека, наколькі ён разумее праблему і гатовы з ёй змагацца. Мне б вельмі хацелася, каб тыя людзі, якія трапілі ў палон зялёнага змея, змаглі вырвацца і знайсці шчасце ў жыцці. Упэўнена, трэба да апошняга верыць у чалавека і абавязкова падтрымліваць.
Алена Васілевіч заўсёды гатовая дапамагчы і выслухаць. Да яе часта прыходзяць людзі па парады ці проста выгаварыцца. А яшчэ цэняць за аптымізм і ўменне знаходзіць выхад з любой сітуацыі.
А спраў у старасты хапае заўсёды. На сёння турбуе жыхароў адсутнасць аўтобуснага прыпынку і асвятленне вуліц.
– Вельмі хочацца, каб мая родная вёска квітнела з гадамі, – з надзеяй кажа юбіляр. – І пакуль варта, буду імкнуцца рабіць усё дзеля гэтага.

Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 20 октября
Гороскоп на 19 октября
Гороскоп на 18 октября

Оставить комментарий

Похожие новости