У коле сям’і адзначыла соты дзень нараджэння Раіса Аляксееўна Матусевіч з Давыд-Гарадка. Юбілярка сустрэла нас на парозе свайго дома. Цяжка паверыць, што ў гэтай прыгожай, вясёлай, спрытнай жанчыны за плячыма цэлае стагоддзе. А даведаўшыся пра яе жыццё, яшчэ больш з’явілася падстаў захапіцца доўгажыхаркай, павучыцца ў яе.
Раіса Аляксееўна нарадзілася 27 мая 1921 года ў сяле Трунаўскае Стаўрапольскага краю і была самай малодшай з 11-ці дзяцей. Бацьку не памятае, бо было ёй толькі некалькі месяцаў, як ён памёр. Ведае толькі, што быў польскім афіцэрам. Маці не стала, як дзяўчынцы было 10 гадоў. Таму выхоўвала яе старэйшая сястра Марыя, якая засталася ўдавой з чатырма дзецьмі на руках. Яе муж загінуў на вайне. А ўсяго з сям’і Губаравых – дзявочае прозвішча юбіляркі – на фронт пайшлі сем чалавек, чатыры з якіх не вярнуліся дадому.
Да вайны Раіса Аляксееўна паспела скончыць бухгалтарскі тэхнікум. Яна ўвогуле была вельмі здольнай да навукі дзяўчынай. Вучылася на выдатна, нават падарункі ёй давалі за гэта. Марыла пра тое, як будзе працаваць. Але вайна парушыла планы. Усе дакументы знішчыў пажар, калі бамбілі.
– Вайна – гэта самае страшнае, што можа быць на свеце. Бо вайна – гэта смерць, голад, разруха. Цяжка даводзілася жанчынам самім падымаць дзяцей, аднаўляць гаспадарку. Выжывалі як маглі, – з сумам успамінае юбілярка.
Сваё каханне Раіса Аляксееўна сустрэла, калі ёй было больш за 30 гадоў. Так сталася, што ў Стаўрапольскі край прыехаў працаваць Канстанцін Матусевіч з Давыд-Гарадка. І так ён зачараваўся дзяўчынай, яе прыгажосцю і розумам, што не змог развітацца. Калі ўжо трымаў шлях дадому, на паўдарозе развярнуўся і паехаў па сваю каханую.
У 1955 годзе нарадзілася першая дачка Валянціна, праз два гады Святлана, яшчэ праз два гады – Марыя, а ў 1962 годзе – сын Якаў. Усе, акрамя старэйшай дачкі, жывуць і працуюць у Брэсце, але пакінулі свае справы і прыехалі на юбілей.
– Наша маці – гэта галава сям’і. Нават зараз, у такім паважаным узросце, яна ў курсе ўсіх нашых спраў, падказвае, раіць. Заўсёды такой была. У яе, дзякаваць Богу, дагэтуль ясны розум. Палітыкай цікавіцца, глядзіць тэлевізар, абавязкова навіны. У газетах і часопісах падкрэслівае спецыяльна для нас інфармацыю, а потым, калі мы яе наведваем, раздае нам, каб мы азнаёміліся. Наша маці вельмі разумная і мудрая, а яшчэ самастойная. Мы яе забіралі да сябе ў горад, дык яна месца сабе не знаходзіла, так па сваім доме сумавала. Вымушаны яе былі прывезці назад у Давыд-Гарадок. І яна проста ажыла ў сваіх сценах, такая дзелавая тут. Загадала нам агарод пасадзіць, каб было чым заняцца. Сама ходзіць і правярае, як што расце. Адзінае – слых падводзіць, а так яна ў нас яшчэ ў страі, – расказвае і праводзіць мне экскурсію па двары дачка Святлана.
Паспявала Раіса Аляксееўна не толькі дзяцей падымаць, але і працавала. Была пчаляром, потым гандлявала на рынку. Там з ёй пазнаёмілася Ганна Ткач, якая таксама была сярод гасцей на юбілеі.
– Гэта ўнікальная жанчына, якая для мяне стала другой маці. Многаму навучыла, заўсёды падтрымлівала, а самае галоўнае – яна ніколі не падала духам. З любой сітуацыі ў яе было выйсце. Ніколі не пакрыўдзіла нікога, зла нікому не жадала. І заўсёды з усмешкай, заўсёды ў цудоўным настроі. Думаю, у гэтым і ёсць сакрэт яе даўгалецця, – дзеліцца Ганна Герасімаўна.
Прыйшоў павіншаваць сваю сяброўку і суседку Міхаіл Басавец і ўрачыста падарыў вялікую шакаладку.
– У яго таксама хутка юбілей, 15 чэрвеня споўніцца 90 гадоў. Яны з маці гадзінамі могуць гаварыць пра дзяцей, пра палітыку, пра падзеі, што ў горадзе адбыліся. Калі доўга не бачыць на вуліцы, дзед Міша прыходзіць і праведвае, – дадае дачка Марыя. – Увогуле, нам вельмі пашанцавала з суседзямі. Калі нас няма, яны дапамагаюць маці, дроў прынясуць ці ў магазін сходзяць. Хочацца словы падзякі выказаць праз газету суседцы Валянціне, а таксама сямейнай пары Івану і Наталлі. Гэта добрыя людзі са шчырай душой.
На жаль, 30 гадоў, як пайшоў з жыцця муж Раісы Аляксееўны, з якім пражылі душа ў душу. І які калісьці прывёз яе ў Давыд-Гарадок, які стаў па-сапраўднаму родным.
Шчаслівая Раіса Аляксееўна ў чатырох дзецях, 10 унуках, 22 праўнуках і двух прапраўнуках. Сярод іх настаўнік, фармацэўт, інжынер-будаўнік, выратавальнік, адвакат, вадзіцель-міжнароднік, праграміст, прадпрымальнік і прадстаўнікі іншых прафесій. Ва ўсіх цудоўныя сем’і.
– Я заўсёды сваім дзецям казала: стварайце сем’і, нараджайце дзяцей. Бо гэта самае галоўнае, – кажа юбілярка.
Многа кветак і падарункаў атрымала Раіса Аляксееўна, а родныя прывезлі два шыкоўныя торты.
Далучыліся і прадстаўнікі ўлады. Доўгажыхарку павіншавалі першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Столінскага раённага выканаўчага камітэта Васіль Літвінкевіч, старшыня Давыд-Гарадоцкага выканаўчага камітэта Вячаслаў Стаднік, дырэктар Столінскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Руслан Коц, старшыня Столінскага раённага савета ветэранаў Анатоль Максімовіч.
Такі юбілей – вельмі важная і значная падзея, бо далёка не кожнаму наканавана гэтак сустрэць шаноўны ўзрост. Жадаем, каб здароўе не падводзіла, жыццялюбства і аптымізм ніколі не вычэрпваліся, а блізкія людзі радавалі ўвагай. Няхай кожны дзень дорыць станоўчыя эмоцыі, бо гэта і ёсць залог доўгажыхарства.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара