НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Развіццё спорту ў нашай краіне заўсёды было сярод прыярытэтных задач. Хто працягне гэтую слаўную традыцыю і будзе дастойна прадстаўляць сваю радзіму на міжнародных турнірах? Гэтае пытанне задаецца на многіх пасяджэннях пры прэзідэнце краіны Аляксандры Лукашэнка, не стала выключэннем “Вялікая размова з Прэзідэнтам”.
«Падтрымліваць спорт будзем, але галоўнае — рэзультат. Золата, серабро, бронза — тады можна прасіць, што патрэбна. Так яно і было», — заявіў Кіраўнік дзяржавы. У хуткім часе наша краіна будзе прымаць II Еўрапейскія гульні, а ў наступным годзе нашы атлеты будуць прадстаўляць краіну на Летніх Алімпійскіх гульнях у Токіа.
Пагутарыць пра будучыню беларускага спорту і прааналізаваць, як ідуць справы ў нашым раёне, вырашыла з трэнерам па лёгкай атлетыцы Давыд-Гарадоцкай ДЮСШ, прафесіяналам з 36-гадовым стажам Аляксеем Дзямко. Дзякуючы зоркаму воку трэнера на Століншчыне з’явілася цэлая кагорта спартсменаў. Самая знакамітая выхаванка Аляксея Іванавіча – штурхальніца ядра, бронзавы прызёр Чэмпіянату Еўропы, удзельніца Летніх Алімпійскіх гульняў 2016 года ў Рыа-дэ-Жанейра Алена Абрамчук, у дзявоцтве Копец, якая родам з Давыд-Гарадка. Працуючы на базе Рамельскай сярэдняй школы, трэнеру ўдалося выявіць спартыўныя здольнасці адразу ў некалькіх вучняў. На абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах абаранялі гонар раёна Дзмітрый Ляшкевіч, Таццяна Сядляр, сёстры Анастасія і Юлія Нагар, Фёдар Ляшкевіч, Іван Казак з Церабліч і многія іншыя.
– Аляксей Іванавіч, на ваш погляд, спартсменамі нара-джаюцца ці становяцца?
– Магу адназначна сказаць: нараджаюцца. Здольнасці да заняткаў спортам перадаюцца з генамі. І мая задача як трэнера – знайсці адораных дзяцей. Як трэнер магу навучыць спартсмена правільна выкарыстоўваць свае здольнасці. Не хаваю, што гэта вельмі адказна, бо галоўнае – не нашкодзіць. Чалавечы арганізм – механізм, з якім трэба вельмі асцярожна абыходзіцца.
Але куды больш складаная задача – запаліць у вачах вучня агонь, каб узніклі спартыўныя амбіцыі, каб ён па-сапраўднаму захварэў спортам. Хачу дадаць, што памылкова лічыць, што дастаткова толькі адных здольнасцяў. Спорт – гэта цяжкая работа над сабой, якая ўключае трэніроўкі, рэжым, дысцыпліну, спецыяльную дыету, медыцынскія агляды і іншае. Каб дасягнуць высокіх вынікаў, трэба ісці паступова, крок за крокам. Успамінаю сваё юнацтва, калі мы спяшаліся зрабіць хутчэй дамашняе заданне і куляй ляцелі на футбольнае поле ці на школьныя турнікі. Зараз жа гэта хутчэй выключэнне, чым правіла.
– Дзяржава многа робіць для таго, каб заахвоціць моладзь займацца спортам. Адзін за адным адчыняюцца спартыўныя аб’екты: лядовыя палацы, фізкультурна-аздараўленчыя комплексы, пляцоўкі. Ці гэтага недастаткова?
– Сапраўды, падтрымка дзяржавы вельмі адчувальная. Мы ў сваім дзяцінстве толькі марыць маглі пра такое. Умовы, у якіх зараз трэніруюцца дзеці, проста шыкоўныя. Узяць хаця б спартыўны комплекс у Альшанах. Але не сакрэт, што ў гэтым аграгарадку больш увагі надаецца не спартыўнаму развіццю, а матэрыяльнаму дабрабыту. Калі ў верасні я прапаноўваю вучням займацца ў секцыі, большасць з іх нават слухаць не хоча. Маўляў, дома работы і так хапае. А пад прымусам спортам не займаюцца. Паўтаруся, павінен быць запал у душы. Таксама мае выключную ролю падтрымка бацькоў. Калі яны цікавяцца справамі, сочаць за дасягненнямі, ганарацца, тады ў дзіцяці з’яўляюцца крылы за спіной. Вось прыклад. Трэці год працую з Васілём Скрабейка, які спачатку быў не надта зацікаўлены ў лёгкай атлетыцы, няглядзячы на тое, што з такімі задаткамі, як у яго, нараджаюцца адзін раз у трыццаць гадоў. Пагаварыў з бацькамі і яны пайшлі насустрач. Калі трэба было хутка прайсці медыцынскую камісію для ўдзелу ў рэспубліканскіх спаборніцтвах па кросе, яны цэлы дзень патрацілі, каб паспець. І паспелі. У выніку Васіль стаў трэцім у рэспубліцы! Гэта вельмі важна, калі ў цябе вераць родныя.
– На вашу думку, што яшчэ трэба зрабіць для таго, каб на будучых алімпіядах гучалі імёны нашых землякоў?
– Трэба працаваць у цеснай сувязі – бацькі, школа, трэнер. І пачынаць з першых класаў. Бо ў такім узросце яшчэ можна зацікавіць дзіця, далей – няма сэнсу. Трэба праводзіць спартыўныя спаборніцтвы ў школе, наведваць турніры і матчы, каб дзеці маглі пахварэць за каманду, адчуць непаўторныя эмоцыі ад перамогі. Было б цудоўна, каб сюды прыязджалі знакамітыя спартсмены, якія падзяліліся б сакрэтамі поспеху і расказалі пра свой спартыўны шлях. Каб у дзяцей быў прыклад, да якога яны імкнуліся б. Толькі тады можна разлічваць, што на палескай зямлі з’явяцца новыя зоркі спорту.
Ганна Мельнік
Фота аўтара

Предыдущая новость

Оставить комментарий

Похожие новости