НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
5/5 - (2 голоса)

Да прафесіі настаўніка кожны з нас ставіцца з асаблівай павагай, бо не сакрэт, што яна самая галоўная. Цяжка ўявіць жыццё чалавецтва без іх – нашых шаноўных настаўнікаў. Настаўнік пачатковых класаў, хто ён?

Наталля Леўкавец – настаўнік і выхавацель, і псіхолаг, і маці, і проста добры чалавек. 19 гадоў выкладае ў Аздаміцкай сярэдняй школе. Мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. За час сваёй працоўнай дзейнасці выпусціла пяць выпускаў таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак. У гэтым навучальным годзе набрала ўжо шосты.
Наталля нарадзілася і вырасла ў в. Аздамічы. Скончыла школу з залатым медалём. Паступіла і скончыла Брэсцкі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт. Наталля з дзяцінства ведала, што яна будзе настаўнікам. Прыкладам для яе была настаўніца хіміі і біялогіі – Валянціна Іванаўна Дзячэнка. Яна бачыла ў дзяўчынцы Наташы педагога, таму пры магчымасці ўцягвала ў гэтую прафесію.
– Яшчэ са школьнай лаўкі, на прыкладзе настаўнікаў Аздаміцкай школы, я была ўпэўнена, што настаўнікі – гэта людзі вельмі выхаваныя, тактычныя, прафесійна пісьменныя, адным словам – ідэальныя. Добра разумела, што педагогам не можа быць выпадковы чалавек! Бо ён – гэта ўзор для пераймання. Менавіта такім настаўнікам і мне хацелася стаць! Вучоба ва ўніверсітэце мне падабалася, таму скончыла яго з чырвоным дыпломам.
Яшчэ на першым курсе Наталля выйшла замуж за мясцовага хлопца і на трэцім курсе перайшла на завочнае навучанне. Уладкавалася на працу ў Мачульскую базавую школу. З таго моманту пачалася яе педагагічная дзейнасць, а гэта – 20 гадоў!
– Я з настальгіяй узгадваю сваё першае месца працы. Гэта не сакрэт, што ўніверсітэт дае толькі тэорыю, а практыку даводзіцца асвойваць на месцы. Напрыклад, як весці неабходную дакументацыю, але ў мяне былі выдатныя настаўнікі – Галіна Сідараўна Бабарыка, Пётр Гаўрылавіч Кірэчка і многія іншыя педагогі, а праз год я перавялася ў сваю родную школу, дзе працую дагэтуль. Мае педагогі сталі маімі калегамі і дапамаглі ў станаўленні мяне, як настаўніка.
У Наталлі Аляксееўны асаблівая прафесія. Менавіта першы настаўнік адкрывае для дзіцяці вялікі і незразумелы дарослы свет. Вучыць не толькі пісаць і чытаць, але дапамагае выхоўваць у кожным маленькім чалавеку станоўчыя маральныя якасці праз літаратуру, класныя і пазакласныя мерапрыемствы, калектыўную работу, а галоўнае – уласны прыклад, які быў і застаецца галоўным метадам выхавання дзяцей.
– Я штодня спрабую вучыць сваіх вучняў разумна ацэньваць розныя жыццёвыя сітуацыі, з якімі даводзіцца сустракацца. Імкнуся прывіць любоў да беларускай мовы. Тлумачу ім, што наш народ здолеў захаваць свае традыцыі, народныя звычаі, якія робяць нашу культуру самабытнай і непадобнай да іншых, таму і яны павінны захаваць тое, што дасталася нам ад продкаў.
Пагутарыўшы з Наталляй, зразумела, што яна не працуе – яна працай жыве, а гэтаму не вучаць ні ў адным універсітэце. Шматлікія дыпломы і граматы гавораць аб высокім прафесіяналізме настаўніка. Так, 23 жніўня 2023 года Наталля Леўкавец узнагароджана ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі, дасягнутыя поспехі ў выхаванні падрастаючага пакалення.
У скарбонцы настаўніка дыплом 2 ступені ў абласным конкурсе «Сям’я і школа. Узаемадзеянне і супрацоўніцтва», у раёне быў дыплом 3 ступені. Дыплом 1 ступені ў рэспубліканскім конкурсе «Ландшафтны дызайн», дыплом 1 ступені ў раённым конкурсе «Маё дзіця – яркая асоба» ў намінацыі «У асяроддзі родных людзей». Дыплом 2 ступені ў раённым аглядзе-конкурсе кабінетаў пачатковых класаў. Дыплом 2 ступені ў майстар-класе «Адукацыйная галаваломка», дыплом 2 ступені ў раённым конкурсе «Перамогу шануем, герояў памятаем» і многія іншыя.
– Самая вялікая ўзнагарода для мяне за маю працу – гэта зацікаўленыя вочы вучняў на ўроках. Усімі сваімі радасцямі і нягодамі дзеці дзеляцца са мной. Трэба знайсці час усіх выслухаць і зразумець. І ў іх, такіх маленькіх, я таксама шмат чаму вучуся. Кожны дзень у школе не падобны да іншага. Дзеці, як лекі ад любой хваробы. А яшчэ з дзецьмі мы, настаўнікі, вечна маладыя.
Адпачывае Наталля Аляксееўна пасля працоўнага дня ў коле сваёй сям’і. З мужам выхоўваюць траіх дзяцей. Праўда, старэйшая дачка Марыя ўжо выбрала свой шлях і навучаецца ў педагагічным каледжы па спецыяльнасці «Настаўнік замежных моў». Так бы мовіць, пайшла па маміных слядах. Сын Мікіта ходзіць у школу. Чатырохгадовая Сафійка наведвае дзіцячы садок.
– Часам пасля працоўнага дня хочацца проста расслабіцца, пасядзець у цішыні, паглядзець фільм, пачытаць кнігу, але ў мяне ёсць сям’я, таму надаю ім час, займаюся падрыхтоўкай да новага вучэбнага дня. Шмат часу ўдзяляю і свайму прысядзібнаму ўчастку.
Паразважаўшы аб усім, Наталля Аляксееўна сказала, што яна – шчаслівы чалавек: у яе выдатная сям’я і любімая прафесія, а што яшчэ больш трэба.
Вольга СЕГЕН

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 20 октября
Гороскоп на 19 октября
Гороскоп на 18 октября

Оставить комментарий

Похожие новости