У рамках супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і дзіцячага фонда ААН «ЮНІСЭФ у Беларусі» педагог дадатковай адукацыі Столінскага РЦДТ Ірына Дабрыянец сумесна з удзельнікамі падлеткавага парламента і аб’яднання па інтарэсах «Клуб знаўцаў» распрацавалі праект «Разумнаму сумна не бывае», які стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу сацыяльных праектаў.
Работа над стварэннем праекта вялася ўвесь мінулы навучальны год. Актыўна ўключыліся ў дзейнасць навучэнка СШ № 2 р. п. Рэчыца Злата Кужко, навучэнкі гімназіі Карына Бакавец, Хрысціна Паўлюкавец, Дзіяна Кавальская і навучэнец СШ № 4 г. Століна Ягор Дабрыянец.
Яны пад кіраўніцтвам Ірыны Васільеўны пераасэнсавалі асноўныя кірункі, у якіх вядзецца работа Цэнтра, а пасля шляхам спроб і памылак прыйшлі да высноў наконт таго, як яны могуць зацікавіць грамадскасць.
Аснову праекта складае прыцягненне падлеткавым парламентам, удзельнікамі аб’яднання па інтарэсах, выхаванцамі Столінскага РЦДТ да супрацоўніцтва дарослых. Яны маюць на мэце правядзенне шырокай інфармацыйнай палітыкі праз сацыяльныя сеткі, каб наладзіць кантакты з установамі і арганізацыямі, а пасля прыцягнуць іх да ўдзелу ў мерапрыемствах: інтэлектуальных гульнях, КВІЗах, мазгавых штурмах і г. д. Актывісты самі будуць дамаўляцца пра сустрэчы, абмяркоўваць час правядзення гульняў, колькасць удзельнікаў і інш. І, безумоўна, самі ўдзельнічаць, а не толькі кіраваць працэсам. З гэтым праектам Злата Кужко выступала ў дзіцячым навучальна-аздараўленчымцэнтры «Зубронак», а пасля распрацоўка была накіравана да ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе сацыяльных праектаў. Не так даўно на адрас Столінскага РЦДТ прыйшло афіцыйнае пісьмо з міністэрства адукацыі з інфармацыяй аб перамозе і атрыманні гранта. Для нас гэтае паведамленне стала вельмі прыемнай навінай, – дзеліцца Ірына Васільеўна. – Задавальняе, што наша праца атрымала такую высоку ацэнку.
Прызнаюся, што над праектам мы працавалі старанна і многа. Кожнае меркаванне ўлічвалася, абмяркоўвалася нямала варыянтаў, мадэліравалася сітуацый, але ўсе мае выхаванцы старанныя і ініцыятыўныя. Цудоўна і лёгка працаваць з такімі навучэнцамі, якія самі генерыруюць ідэі і бачаць, што з гэтага можа атрымацца. Я ўдзячна кожнаму з іх за плён і намаганні. Рада, што ім самім спадабаўся працэс работы, а тым больш – узнагарода. Надалей мы працягнем рухацца ў гэтым жа накірунку, але, спадзяюся, што нашы рады папоўняцца новымі актывістамі.
Людміла КАСПЯРОВІЧ
Фота аўтара