Напярэдадні Дня Абаронцаў Айчыны ў Столінскім дзяржаўным аграрным каледжы стартаваў Тыдзень мужнасці. Старт атрымаўся цікавым і займальным – у спартыўнай зале каледжа прайшла ваенна-спартыўная эстафета «Разам – мы сіла!»
– Мэта мерапрыемства – выхаванне патрыятызму, грамадзянскасці, павагі да гераічнага мінулага беларускага народа і фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі, – распавёў кіраўнік ваенна-патрыятычнага клуба «Армеец» каледжа Віктар Шыла. – Адзначу, што гэта толькі малая частка таго, што мы праходзім у рамках заняткаў у нашым клубе. Вырашылі падзяліцца сваімі навыкамі і ўменнямі з навучэнцамі школ райцэнтра.
У прайшоўшай 16 лютага ваенна-спартыўнай эстафеце прынялі ўдзел дзве каманды – каманда аграрнага каледжа, складзеная з удзельнікаў клуба «Армеец» і каманда СШ № 3 г. Століна. Пасля праходжання трох конкурсаў у хуткаснай зборцы-разборцы пісталета Макарава, выкананні комплексу сілавых практыкаванняў, шпаркасці, спрыту і іншых пасля падліку набраных балаў было прынята рашэнне прысудзіць у гэтым сяброўскім супрацьстаянні нічыю.
– Адзначу, што на кожным этапе ўдзельнікі прадэманстравалі камандную згуртаванасць і кемлівасць, волю да перамогі і ўпартасць. І гэта прыемна. Глядзіш на хлопцаў і разумееш, што будучыня ў нашай арміі вельмі надзейная, – адзначыў Віктар Шыла.
Аляксандр НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара
