НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
5/5 - (1 голос)

Згадзіцеся, паважаныя чытачы, што наша жыццё бывае надта непрадказальным. Будуеш планы адныя, а лёс ужо вядзе цябе сваімі мудрагелістымі сцяжынкамі. І чалавеку застаецца толькі змірыцца. Вось як у выпадку з маёй суразмоўцай Лізаветай Барада, якая вярнулася ў сваю родную вёску Сямігосцічы пасля вялікага падарожжа даўжынёй у некалькі дзясяткаў гадоў.

Вялікія Лукі
А пачалося гэтае падарожжа ў 1968 годзе, калі Лізавета, у дзявоцтве Юшкевіч, скончыла школу. Бойкая і смелая дзяўчына адправілася ў Вялікія Лукі Пскоўскай вобласці, каб атрымаць прафесію прадаўца. Бацькі дачку падтрымалі, бо ведалі – яна не прападзе. У сям’і, у якой расла Лізавета, заўсёды панавалі павага і лад. Мудры і разважлівы бацька навучаў сваіх чатырох дзяцей не баяцца цяжкасцяў, а ўмець даць ім адпор. Ён дапамагаў людзям, лекарскай справай валодаў, таму нават са сталіцы да яго прыязджалі за парадай.
Сустрэлі Вялікія Лукі Лізавету сардэчна. Вучоба давалася лёгка і два гады праляцелі як адно імгненне. Накіравалі працаваць беларускую дзяўчыну ў гастраном № 14 горада, дзе яна хутка зарэкамендавала сябе як дасведчаны і перспектыўны малады спецыяліст. І ўжо праз год яе адправілі ў гастраном № 1 узначальваць кандытарскі аддзел. Самая маладая была сярод калег, але скосых позіркаў не адчувала. Толькі здзіўляліся яе тоўстай і даўжэзнай касе, якую яна налаўчылася заплятаць за лічаныя хвіліны.
Заўважыў гаваркую і прывабную дзяўчыну і Віктар Барада, які быў радыёсувязістам. Разведаў тэлефон дома, у якім Лізавета здымала пакой, і пачаў тэлефанаваць. А ўжо праз некаторы час улюбёныя маладыя ехалі на матацыкле праз усю Беларусь знаёміцца з бацькамі нявесты.
Вырашана было заставацца на радзіме мужа ў Вялікіх Луках, тым больш работа прыносіла задавальненне Лізавеце. Прадаўцы і бухгалтары, якія былі падначалены Лізе, паважалі яе за чэснасць і дабрыню. Таму засмуціліся, калі тая абвясціла, што пераязджае з мужам у Жытомір.
Жытомір
– Мне падабалася працаваць у гастраноме, ды і сам горад да душы прыйшоўся, – узгадвае Лізавета. – І нікуды я б не паехала, каб не выйшла замуж. Але сястра майго мужа Зіна, якая пераехала ў Жытомір, угаварыла і нас пераехаць. Аргументы былі больш чым пераканаўчыя. Тады – у 1975 годзе – толькі-толькі адкрыўся Жытомірскі завод станкоў-аўтаматаў. Ён быў разлічаны на 5,5 тысячы чалавек, для якіх быў спецыяльна пабудаваны цэлы раён «Палявы» на ўсходняй ускраіне горада. Для зручнасці рабочых па перыметру завода з’явіўся дзіцячы садок, паліклініка, сталовая і нават вучылішча. А самае галоўнае – практычна ўсім давалі жыллё. І мы вырашылі з мужам рызыкнуць, сабралі свае рэчы і паехалі.
І сапраўды, на заводзе, які яшчэ толькі набіраў сваю магутнасць, было ўсё разлічана да дробязяў. Новыя ўтульныя памяшканні, заработная плата дастойная, кватэры давалі хутка.
Лізавета Барада ўладкавалася ў аддзел тэхнічнага кантролю, мужу прапанавалі працаваць на мяса-малочным заводзе. Ён таксама стаў на чаргу на жыллё.
Новенькую кватэру атрымалі праз два гады, на дзявятым паверсе дыхтоўнага дома амаль у самым цэнтры Жытоміра. Ужо ў ёй нарадзілася дачка Алёна. Шчаслівымі называе тыя гады мая субяседніца, бо яны былі напоўнены радасцю, жаданнем працаваць, падарожжамі па пуцёўцы выхаднога дня і новымі знаёмствамі. Лізавета атрымала пяты разрад па электрыцы ў аддзеле тэхнічнага кантролю. У мужа таксама справы ішлі выдатна. А дачка Алёна, маленькая шчабятушка, радавала бацькоў сваімі размовамі пасля працоўнага дня.
Завод развіваўся вялікімі тэмпамі. У пачатку 1980 гадоў была асвоена вытворчасць вулічных ліхтароў, якія і зараз свецяць на многіх вуліцах былых рэспублік СССР. Спецыялісты з усяго савецкага саюза прыязджалі за вопытам, у тым ліку з Беларусі. Усе былі з’яднаныя, ніякага раздзялення не назіралася і ў кадрах – звычайны рабочы мог жыць па суседству з дырэктарам буйнага прадпрыемства.
Перамены
Як і іншых савецкіх людзей, распад савецкага саюза крануў і сям’ю Віктара і Лізаветы Барада. У 1991 годзе завод быў рэфармаваны ў адкрытае акцыянернае таварыства. Зарплаты ўпалі, іх не плацілі па некалькі месяцаў. А яшчэ праз чатыры гады завод прыватызавалі.
– Мы з сяброўкай пачалі гандляваць, – успамінае Лізавета Міхайлаўна. – Спачатку беглі на завод, які лічылі сваім другім домам, таму сумленне не дазваляла яго кінуць у складаныя часы. А потым імчалі на рынак. Ішло маштабнае скарачэнне, і вось аднойчы дырэктар прама сказаў: «Дзяўчаты, дакуль будзеце бегаць? Заводу ўжо вы не дапаможаце, а сябе беражыце».
У 1995 годзе Лізавета стала індыві-дуальным прадпрымальнікам і працавала ў невялікім павільёнчыку на рынку. І зусім хутка да гаваркой жанчыны пачалі прыходзіць пастаянныя пакупнікі.
Аднаго разу завіталі маладыя хлопцы.
– «Слава Украіне», – кажуць замест прывітання, – успамінае жанчына. – Я адказваю: «Добры дзень, хлопцы. Славіць будзем Госпада ў храме». А яны пачынаюць даказваць, што не так трэба адказваць і тым больш не па-руску. І ўсё больш агрэсіўна і агрэсіўна.
Быў такі выпадак і ў маім доме, калі ў ліфт, на якім ехала, зайшлі некалькі маладых юнакоў і зноў мне: «Слава Украіне». А я зноў прывіталася па-руску, і зноў пачула ў адказ цэлую лекцыю, што няправільна адказваю. Шчыра прызнаюся, сэрца было ў пятках, а раптам у іх нож ці яшчэ якая зброя. Выйшаўшы з ліфта, зразумела, што далей будзе яшчэ горш.
На жаль, гэтыя прагнозы пачалі здзяйсняцца. Усіх прадпрымальнікаў прымусілі кожную справаздачу пісаць толькі на ўкраінскай мове. Руская мова пачала пакрысе выцясняцца. Добра, што да таго часу дачка Алёна ўжо паспела скончыць вучылішча і атрымаць спецыяльнасць швачкі. Часта бываючы ў бабулі Алены ў Сямігосцічах, знайшла тут каханне і выйшла замуж. Менавіта яна падняла трывогу, калі ўсё больш складана стала ездзіць у Жытомір. Спачатку адну мяжу закрылі, потым другую. А пасля падзей 2014 года, калі адбыўся дзяржаўны пераварот, Лізавета Міхайлаўна канчаткова пераехала на сваю радзіму.
Ніколі не гавары «ніколі»
– Прызнаюся, не думала, што буду сустракаць сталасць тут, – дзеліцца жанчына. – Усё ж там пражыла 40 гадоў, таму палюбіла Жытомір усім сэрцам. Шчыра скажу, што і зараз сумую па Украіне, але сваёй, роднай Украіне. Няма яе ўжо зараз, і сэрца сціскаецца ад жалю. Бо памятаю, як дружна жылі людзі розных нацыянальнасцяў, веравызнання і мовы. Дарэчы, і сам завод, пра які столькі прыемных успамінаў, даўно занядбаны і патануў у бур’яне. Дзякаваць Богу, што нашу родную Беларусь Бог мілаваў.
Ужо больш за 10 гадоў не была ў Жытоміры мая субяседніца і пакуль невядома, калі туды трапіць. Дагэтуль там засталася кватэра, якую здымае сваячка. На жаль, многія гады стажу, калі працавала на заводзе, не былі залічаны, а дабіцца праўды аказалася немагчыма. Таму пенсію атрымлівае меншую за тую, якую заслужыла. Сумуе па сваіх сяброўках, сярод якіх палячка Віта, карэянка Тоня, украінка Юля. Выручае інтэрнэт: падтрымлівае сувязь з імі праз сацыяльныя сеткі. Побач жыве дачка Алёна, якая і пры нашай размове прысутнічала. Дарэчы, яна, як і маці, па пашпарту з’яўляецца грамадзянкай суседняй краіны і прыгадвае толькі прыемныя моманты свайго юнацтва. Ужо даўно бабуля і нават прабабуля Лізавета Міхайлаўна. Бацькоўскі дом адрамантавала і ўдыхнула новае жыццё. У агародзе бляск і парадак. Любіць хадзіць пешшу і з’яўляецца цікавай суразмоўцай. Дзякуе радзіме, якая сагрэла, як цёплая коўдра. І наказвае ўсім берагчы яе, каб не стала яна рыззём у чужых руках. Бо бацькаўшчыну не купляюць і не прадаюць.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Инфоцентр ЦИК Беларуси
Сборная Беларуси по футболу. Чемпионат мира 2026
Жительница Столина выиграла суд на 15 000 рублей
Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости