НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Мікалай Сапон толькі першы год працуе ў КСУП “Беражное”. Прыйшоў у гаспадарку пасля заканчэння Столінскага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці і зарэкамендаваў сябе з лепшага боку.

У нарыхтоўцы кармоў для грамадскага статка яму даверылі новыя механізаваныя граблі, якія гаспадарка набыла сёлета. За час нарыхтоўчай кампаніі юнак сабраў у валкі траву на плошчы 367 гектараў.

  • Хлопец выканае любую работу, не баіцца брацца, нават калі гэтая справа новая і раней не даводзілася з ёй сустракацца, — гаворыць дырэктар КСУП “Беражное” Віталь Яхнавец. – Штодзённа на нарыхтоўцы кармоў — ад кашэння, зграбання падбору, адвозкі і да трамбавання ў сянажную траншэю — у нас задзейнічана 16 адзінак тэхнікі. І ва ўсім гэтым тэхналагічным працэсе са сваёй задачай бездакорна спраўляецца Мікалай Сапон. Трэба сказаць, што юнак пайшоў па слядах бацькі, які таксама працуе ў механізацыі гаспадаркі.

Зладжаная работа Мікалая Сапона падчас нарыхтоўчай кампаніі адзначана Пісьмом падзякі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама і райкама Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і грашовай прэміяй. Узнагароду прама на сенакос даставіў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Лузай. Разам з дырэктарам КСУП Віталем Яхнаўцом яны павіншавалі маладога механізатара, падзякавалі яму за працу і пажадалі новых працоўных перамог.

Дарэчы, увесь ход нарыхтоўкі кармоў у КСУП “Беражное” можна прасачыць на інфармацыйным стэндзе, які размешчаны на мехдвары. Пра герояў зялёнага жніва расказвае газета “Панарама”, якая рэгулярна інфармуе пра ўвесь цыкл сельскагаспадарчых работ. Тут віншуюць з днём нараджэння ўсіх імяніннікаў месяца. На Дошцы гонару – партрэты лепшых працаўнікоў. Побач – усе расцэнкі, каб людзі ведалі, за якую працу што атрымаюць.

Як адзначыла старшыня прафкама КСУП “Беражное” Вікторыя Кузаўка, усе ўдзельнікі нарыхтоўкі кармоў забяспечваюцца гарачымі абедамі, якія дастаўляюцца да месца работы. Усе затраты па іх прыгатаванні бярэ на сябе гаспадарка, а для працаўнікоў яны каштуюць усяго адзін рубель. На месцы прыёму ежы абавязковыя антысептыкі і сродкі аховы.

Галіна ГАШЧУК

На здымку: малады механізатар Мікалай Сапон

Фота аўтара

Оставить комментарий

Похожие новости