Прычым ляціць ён як у прамым, так і ў пераносным сэнсе. Механізатары спяшаюцца, каб затрымаць у глебе хоць кроплю вільгаці. Спачатку Мікалай Акуліч на сельскагаспадарчым трактары Case IH праводзіць шчыляванне глебы – прыём апрацоўкі, які забяспечвае глыбокае яе праразанне і які ўжываюць для затрымання сцёку вады і памяншэння эрозіі глебы.
А пасля гэтай апрацоўкі адразу ідзе сеялка, якой кіруе вопытны механізатар Алег Мішкоў.
– Я даўно працую ў гаспадарцы і ўжо 15 гадоў сею кукурузу, – расказвае Алег Яфімавіч. – І магу сказаць, што з кожным годам надвор’е становіцца больш непрадказальным. Такога сухога і разам з тым халоднага красавіка не памятаю. Штодзень замаразкі і ні кроплі вады. Тут, дзе мы зараз сеем, сапраўдныя ўраганы гуляюць. Паветраныя віхры дасягаюць некалькіх метраў. Дзіўна бачыць такое ў нас. Раней у гэтым месцы заўжды вырастала добрая кукуруза, як кажуць, на зайздрасць. У мінулым годзе сеялі люцэрну, што таксама цудоўным чынам уплывае на ўраджайнасць кукурузы. Але без дажджу гэтая акалічнасць не выратуе. З надзеяй глядзім на неба, бо марудзіць з пачаткам гэтай работы няма магчымасці.

– Сапраўды, часу чакаць ужо няма, – далучаецца да размовы кіраўнік участка Мікалай Дзямко. – Другая палова красавіка – аптымальны тэрмін для сяўбы кукурузы. У нашым кліматычным поясе ў сярэднім ёй патрэбна для выспявання ад 80 да 100 сутак. Інакш можна не паспець прыбраць да першых замаразкаў. А каб хапіла сіл прабіцца на паверхню зямлі і ўзысці, насенню кукурузы трэба паглынуць вільгаці прыкладна 40% ад яго масы. Дрэнна калі і перабор вады. Вось такая яна капрызная – каралева палёў.
Сёння мы сеем другі дзень і ўжо пад культурай 50 з запланаваных 600 гектараў. Будзем працягваць працаваць і спадзявацца на тое, што нарэшце на зямлю ўпадуць шчодрыя кроплі.
У пацвярджэнне ўсяго вышэйсказанага падзьмуў рэзкі і халодны вецер, які проста збіваў з ног. Хлопцы скочылі ў трактары, і мы з Мікалаем Паўлавічам таксама паспяшаліся схавацца. Сапраўды, надвор’е ў апошні час непрыемна здзіўляе. Але пясчаныя буры не могуць спыніць работы ў сельскай гаспадарцы. І тэхніка выходзіць у поле.
Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара