НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

У Сваёй большасці яны не памятаюць сваіх продкаў-ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Яны нарадзіліся тады, калі іх прадзедаў ужо не стала. Але жаданне і імкненне ведаць пра мінулае, пра трагічныя падзеі тых далёкіх часоў жыве ў сэрцах.
Наколькі гэта складана дзецям ХХІ стагоддзя і наколькі для моладзі гэта важна? Новая рубрыка на старонках “НП” “Маладое
пакаленне: памяць жыве”. Мы прапануем вам расказваць пра сваіх продкаў, якія змагаліся з фашысцкімі захопнікамі, якія адваявалі для нас мірнае неба. Вы можаце проста патэлефанаваць нам на нумар 2-02-35, каб расказаць пра продка – дзядулю,  прадзеда, бабулю ці прабабку, лёс якіх быў апалены вайною.
Дар’я Шаламіцкая не памятае свайго прадзеда. Яна нарадзілася намнога пазней, чым яго не стала. Але яна сабрала пра яго інфармацыю і можа расказваць пра лёс продка.
– Мой прадзед Яфім Рыгоравіч Жук нарадзіўся ў 1910 годзе ў Малых Вікаравічах. Яго адукацыя – тры класы польскай школы. Пасля было знаёмства і вяселле з маёй прабабкай Анастасіяй Антонаўнай. Яны марылі будаваць дом, марылі пра дзяцей. Але Яфім Рыгоравіч быў мабілізаваны на фронт. У час вайны ён удзельнічаў ў розных бітвах і аперацыях – як абарончых, так і наступальных. Пасля таго, як Беларусь была вызвалена, ён прайшоў па еўрапейскіх краінах да Будапешта, дзе быў моцна паранены. Раны загоіліся і ён зноў вярнуўся ў строй, – апавядае Дар’я.
Яе прадзед за мужнасць і гераізм быў узнагароджаны медалём “За адвагу” і орэнам Славы ІІ ступені. Вяртанне дахаты – гэта была работа па аднаўленні гаспадаркі, быў прыхільнікам калектывізацыі. Працаваў у мясцовым калгасе.
Дар’я з гонарам расказвае пра свайго прадзеда сваім аднакласнікам, на мерапрыемстве да Дня Перамогі. Дапамогу ў пошуку інфармацыі пра дзядулю ёй аказала школьная экспедыцыя, якая прайшла яшчэ ў 2010 годзе. Тады вучні Стружскай школы сабралі многа звестак пра ветэранаў, занатавалі іх у альбом і зараз гэта добрая падмога маладому пакаленню. Сама Дар’я распытвала пра прадзеда ў бабулі. Цікавай інфармацыяй з ёю падзялілася цётка.
– Я люблю глядзець фотаальбомы, якія захоўваюцца ў маёй бабулі. Па чорна-белых фота-здымках бачу, як мяняўся мой прадзед, якім было яго жыццё, – гаворыць дзяўчынка.
Штогод дзяўчынка прымае ўдзел у акцыі “Беларусь памятае” – нясе партрэт Яфіма Рыгоравіча. Наогул, вучні Стружскай школы нясуць партрэты 89 чалавек, фотаздымкі якіх сабраны ў школе.
– Мы і зараз працягваем пошукавую работу. Сёлета былі сабраны новыя звесткі, факты аб вызваленні Стругі, Вікаравіч, – расказвае настаўнік гісторыі, кіраўнік ваенна-патрыятычнай экспазіцыі Максім Аляксандраў. – Гэтую інфармацыю мы размясцілі на нашай школьнай экспазіцыі.
На стэндах у школе, на калідоры трэцяга паверха размешчаны і фотаздымкі ветэранаў Вялікай Айчыннай.
Калі Дар’я расказвае ў класе пра свайго прадзеда, то яшчэ некалькі аднакласнікаў падключаюцца да гутаркі, каб паведаміць і пра сваіх продкаў.
Максім Андрэевіч за час сваёй работы ў школе заўважыў, што менавіта ў апошнія гады маладыя людзі ўсё больш хочуць ведаць пра гісторыю сваіх продкаў, у тым ліку пра іх лёс у час Вялікай Айчыннай вайны. Калі раней неахвотна дзяліліся інфармацыяй – лістамі з фронту, фотаздымкамі, медалямі і гэтак далей, то зараз самі прыносяць нешта ў школу, а калі звяртаешся да іх з просьбай, то з радасцю імкнуцца дапамагчы і знайсці звесткі ў сямейных архівах.
У школе штогод для ўсіх класаў і нават старшых груп садка праводзяцца экскурсіі. І вось на адной з апошніх дзяўчынка з дзіцячага садка падышла да стэнда з партрэтамі і паказала свайго прапрадзеда. Яна ўжо ведала, што ён ваяваў, ёй расказвалі і паказвалі бацькі.
– Дзецям вельмі цікава чуць пра гісторыю свайго краю. У нас ёсць урок “Наш край”, на ім імкнёмся даць як мага больш інфармацыі пра родную вёску, продкаў. Да дэталёвай, цікавай інфармацыі дзеці праяўляюць шчырую цікавасць, – гаворыць Максім Андрэевіч. – Яшчэ штогод ідзём ва ўрочышча Осаўе, дзе некалі размяшчаўся ваенны шпіталь, а зараз знаходзіцца помнік загінуўшым. Мы прыбіраем тэрыторыю і праводзім экскурсію.
Нашчадкі воінаў, пахаваных там, прыязджаюць на магілу сваіх продкаў, знаходзяць звесткі. Некалькі гадоў назад у Стружскую школу напісалі вучні адной са школ Масквы. Ім цікава была інфармацыя пра захаванні, вызваленне мясцовасці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Вялікая Айчынная вайна апаліла лёсы не толькі ветэранаў, а і ўсіх жыхароў Беларусі. Дар’я расказвае пра сваю бабулю, якой было 10, калі яна стала сведкам расстрэлу яўрэяў у Стасіна. Бацькі вазілі Дашу на гэта ўрочышча, апавядалі гісторыю выратавання бабулі.
Дзядуля па лініі таты быў забраны ў канцлагер. З яго ён так і не вярнуўся.
– Гэта гісторыя маёй сям’і – мая гісторыя, якую я павінна ведаць, каб перадаць сваім дзецям, – упэўнена гаворыць Даша.

Таццяна
СЕГЕН
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 25 августа

Гороскоп на 25 августа

21 августа, 2025
Гороскоп 24 августа

Гороскоп 24 августа

21 августа, 2025
В Смоленской области запрещен ввоз из Беларуси более 4 тонн ягодной продукции.
Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости