У гэтым давялося ўпэўніцца, наведаўшы ААТ «Палеская ніва» ў мінулую суботу. На палі, дзе вядуцца работы, адправіліся разам з дырэктарам гаспадаркі Аляксеем Бародзічам.
– У нас вялікая гаспадарка, амаль 10 тысяч гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў. Некаторыя палі з’явіліся ў нас пасля меліярацыі. Вось на гэтым зараз ідзе сяўба шматгадовых траў, – расказвае Аляксей Мікалаевіч.
На Джон Дзіры працуе механізатар Віктар Васюхневіч, які ў гаспадарцы больш за 30 гадоў. Таксама на полі знаходзіліся вядучы аграном Мікалай Кананчук і начальнік участка Яўгенія Лунёва.
– Зямлі не хапае вільгаці, таму ў многіх гаспадарках зараз галоўнае пытанне: «Калі ж будзе дождж?» – кажа Мікалай Ільіч. – А тое, што залежыць ад нас, – мы робім.
Усяго ў ААТ «Палеская ніва» пасеяна 135 гектараў аўса, 70 – пшаніцы, 176 – ячменю, 145 – зернебабовых, 487 – аднагадовых траў. Таксама пасеялі 45 гектараў кукурузы з запланаваных 2300.
На другім полі за вёскай Мачуль на сельскагаспадарчым агрэгаце французскай вытворчасці Мекасан праводзілася хімпраполка азімага трыцікале. За рулём гэтай цуда-тэхнікі механізатары Аляксей Ярмоліч і Міхаіл Шпакевіч. За дзень хлопцы паспяваюць апрацаваць 140-150 гектараў поля. Гэты агрэгат гаспадарка набыла больш за 10 гадоў таму. Акрамя хімпраполкі, ён таксама апрацоўвае культуры ад шкоднікаў і розных хвароб.
У бліжэшы час працягнецца сяўба царыцы палёў – кукурузы.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара