• ru
  • by
  • 2 мая

    USD

    EUR

    Столин

    23C

    Працуюць сумленна ў ААТ «Палессе-АВМ»

    09.07.2020

    803

    0

    Rate this post

    Прыемныя нагоды для візіту ў ААТ «Палессе-АВМ», куды мы адправіліся разам са старшынёй райкама Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандрам Лузаём.


    Першая з іх – узнагароджванне Ганаровай граматай райкама прафсаюза работнікаў АПК за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, актыўны ўдзел у рабоце прафсаюзнай арганізацыі, а таксама грашовай прэміяй галоўнага бухгалтара гаспадаркі Валянціны Ярмоліч. Да таго ж жанчына некалькі тыдняў таму адзначыла свой юбілей і, як дадаў Аляксандр Ільіч, лепш павіншаваць пазней, чым ніколі. Узрост мы агучваць не будзем, затое раскажам пра прафесійны шлях жанчыны.
    Нарадзілася Валянціна Пятроўна ў Кароцічах. Пасля 8-мі класаў без праблем паступіла ў Столінскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Настойлівасць і адказнасць у характары перадалася ад бацькоў. Маці – Кацярына Іванаўна – была перадавым жывёлаводам па адкорме жывёлы тады яшчэ калгаса «Дружба» і не аднойчы была заахвочана за плённую работу. Бацька – Пётр Андрэевіч – 40 гадоў працаваў трактарыстам. Часта паўтараў дачцэ: «Працаваць трэба сумленна альбо не працаваць увогуле».
    Гэта правіла ўзяла для сябе Валянціна Пятроўна. Першае рабочае месца – лабарант на малочна-таварнай ферме «Кострыцк», дзе працавала менш за год. А вось на работу па спецыяльнасці ўладкавалася ў 1989 годзе. У 2003 годзе стала галоўным бухгалтарам ААТ «Палессе-АВМ» і з годнасцю выконвае свае абавязкі па сённяшні дзень. Некалькі гадоў з’яўлялася старшынёй прафсаюзнай арганізацыі, таму ў курсе спраў усіх работнікаў. За гады прафесійнай дзейнасці Валянціны Пятроўны змянілася чатыры кіраўнікі, таму яна можа ўспомніць і параўнаць, як было раней і што ёсць зараз.
    – Мне пашанцавала пачынаць працаваць пры тагачасным старшыні Генадзі Сцямпкоўскім, бо людзей ён слухаў і чуў, ніводную просьбу не пакінуў без увагі. Тады яшчэ ў адзін калгас былі аб’яднаны сучасныя гаспадаркі «Кароцічы» і «Палессе-АВМ». Работы было вельмі многа, але ў мяне была вялікая падтрымка з боку галоўнага бухгалтара Пятра Васюхневіча, якога і дагэтуль успамінаю з удзячнасцю. Калі была яшчэ маладая і невопытная, вельмі многае брала да сэрца і расстройвалася па дробязях. «Як ты будзеш працаваць далей? Не бойся пытацца, удакладняць, гэта твая работа», – казаў ён мне. І я яго слухала.
    Былі ў гаспадаркі і цяжкія перыяды, калі не было грошай на рахунку і нават нарады давалі пры святле свечак. Усё палепшылася, калі зрабілі стаўку на жывёлагадоўлю, пабудавалі комплекс і пачалі атрымліваць прыбытак. Зараз плануецца рэканструяваць фермы ў Альгомелі, ужо перавялі патрэбную суму за праектную дакументацыю. У нас ёсць планы і, што самае галоўнае, сродкі для іх рэалізацыі, – расказвае галоўны бухгалтар.
    Звыклая да работы, не прысядае Валянціна Пятроўна і дома. Трымае парнік і гаспадарку. Дачка Кацярына – настаўніца, падарыла трох унукаў. Трое дзяцей і ў сына Дзмітрыя, які будуе свой дом і пакуль жыве з маці. Кветкі на юбілей падарыў муж Мікалай, з якім у шлюбе 30 гадоў. «Шчаслівай жанчыну робіць яе сям’я, а ўсё астатняе прыкладзецца», – кажа Валянціна Ярмоліч.
    Другой нагодай для нашага візіту стала ўзнагароджванне Падзячным лістом камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта і абласнога прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, а таксама грашовай прэміяй механізатара Валянціна Серадзіна. Разам з дырэктарам ААТ «Палессе-АВМ» Іванам Кадолічам, старшынёй прафкама гаспадаркі Аленай Краўцовай і Аляксандрам Лузаём трымаем шлях на поле.
    Зараз тут працягваецца нарыхтоўка кармоў, якая, дарэчы, праходзіць выдатнымі тэмпамі. У гэтым годзе нарыхтавалі 12,49 цэнтнераў кармавых адзінак на адну галаву буйной рагатай жывёлы, што склала прырост на 2,26 цэнтнера кармавых адзінак, які з’яўляецца адным з самых большых да ўзроўню мінулага года сярод гаспадарак раёна.
    Безумоўна, вялікая заслуга ў гэтым дасягненні належыць Валянціну Васільевічу, які працуе ў гаспадарцы больш за трыццаць гадоў. Спачатку быў токарам, потым сеў за руль КЗР, а зараз убірае траву на КВК-800. Добрасумленнасць і адказнасць механізатара высока цэніць і кіраўніцтва гаспадаркі, якое далучылася да нашых віншаванняў.
    Футболку і кепку з лагатыпам прыналежнасці да работнікаў аграпрамысловага комплексу атрымалі амаль цёзкі Сяргей Васільевіч Мішкоў і Сяргей Алегавіч Мішкоў, якія заняты на адвозцы і з’яўляюцца лідарамі. Працуюць у гаспадарцы параўнальна нядаўна, але ад сваіх старэйшых калег не адстаюць. Хочацца адзначыць, што ў ААТ «Палессе-АВМ» многа маладых механізатараў, а значыць у нас абавязкова будуць нагоды для новых сустрэч.
    Ганна МЕЛЬНІК
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика