НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post
Радасная ўсмешка, упэўненыя вытанчаныя рухі. Гледзячы на Анастасію, можна было ўпэўнена сказаць, што прыгажуня не танцуе, а жыве ў танцы.
Тады пасля канцэрта, які давалі вучні Мачульскай базавай школы прыезджым настаўнікам, не вытрымала, падышла, выказала падзяку і пажаданне: «Табе, Насця, патрэбна танцаваць. Гэта тваё».
З пачатковых класаў дзяўчынка была актыўнай удзельніцай гурта «Згадка». Гэты калектыў выступаў не толькі на раённых, але і на абласных і рэспубліканскіх пляцоўках. На фестывалі «Таночак» у Брэсце Насця была адзначана дыпломам першай, а на рэспубліканскім фестывалі «Берагіня» другой ступені ў намінацыі «Вусная народная творчасць». Мела і іншыя ўзнагароды. Прайшлі гады. Як жа склаўся лёс дзяўчыны, якая так уразіла сваім выступленнем?
Пасля заканчэння сярэдняй школы Анастасія Пашкавец пай-шла вучыцца ў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці беларуская філалогія. Вучыцца было цікава. Выкладчыкі стараліся прывіць любоў да роднага слова, выкарыстоўваючы розныя сродкі. Пры факультэце існаваў беларускі тэатр «Ў-нескладовік». Выкладчыкі разам са студэнтамі рэпеціравалі і ставілі  п’есы. Насця звычайна выконвала галоўныя ролі. Напрыклад, у п’есе па баладзе А. Міцкевіча «Свіцязянка». Таленавітая студэнтка была пастаяннай удзельніцай канцэртаў: пела, танцавала, чытала вершы.
З дзяцінства не цуралася работы. Так было і ў гады вучобы ў абласным цэнтры.  Працавала ў вольны час на працягу двух гадоў кансультантам у магазіне адзення ў горадзе. Калі бывала на радзіме, то дапамагала бацькам у цяпліцы, на полі.
Скончана вучоба. Анастасія Вітальеўна па накіраванні едзе ў Пінскі раён. Яе  педагагічны шлях пачынаецца ў Аснежыцкай СШ. Выкладае ў пятым, дзясятым, адзінаццатым класах не толькі беларускую мову і літаратуру, але і рускую. Выконвае абавязкі класнага кіраўніка ў пятым класе, у якім дваццаць два вучні. Першае ўражанне – увага выхаванцаў. Працаваць з дзецьмі падабаецца.  Увогуле, педагагічны калектыў дружны, дапамагаюць адзін аднаму. Ёй, як маладому настаўніку, даюць парады, у яе ёсць куратар – вопытная настаўніца з вялікім стажам. Я слухаю аповед Анастасіі і думаю: «З яе дабрынёй, павагай да людзей яна будзе сябе адчуваць камфортна у любым калектыве».
Жыве Насця ў Пінску, аграгарадок Аснежыцы знаходзіцца за пяць кіламетраў ад райцэнтра. Аднойчы дзяўчына ўбачыла аб’яву аб наборы ў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь  ансамбль песні і танца «Палескія зоры». Пасаромелася ісці, бо не мае музычнай адукацыі. Але цётка Ніна настойліва параіла паспрабаваць.  На субяседаванні папрасілі спець любую народную песню ў розных танальнасцях. Адразу сказалі, што падыходзіць. Пасля аказалася, што кіраўнік калектыву Сяргей Паддубны родам з Давыд-Гарадка. Сяргей Пятровіч прывітаў Насцю словамі: «Я рады новым удзельнікам, а ўдвая – землякам».
Дэбют Анастасіі Пашкавец адбыўся 25 снежня ў Мінску, на канцэрце, які быў прысвечаны адыходзячаму Году адзінства. Хвалявалася, але выступленне прайшло на выдатна. Пытаю ў Насці: «А часу хапае на рэпетыцыі, на падрыхтоўку да заняткаў?». Дзяўчына адказвае, што рэпетыцыі два разы на тыдзень па паўтары гадзіны, і што яна яшчэ і ў спартыўную залу ходзіць для заняткаў фітнэсам.
Рыхтуючы матэрыял, зазірнула ў інтэрнэт, убачыла ролік з Міхаілам Цурканавым, заснавальнікам калектыву «Палескія зоры». Ён сказаў, што ў калектыве спяваюць і танцуюць усе. І што аматарскі калектыў можа мець прафесійны ўзровень. І гэта так: «Палескія зоры» ўваходзяць у дзясятку лепшых калектываў Еўропы». Яшчэ дадаў, што патрэбна танцаваць і спяваць сэрцам. Мне падумалася, што гэта я бачыла некалькі гадоў назад.
Галіна Бабарыка
Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Незабыўныя сустрэчы
Наши дети

Наши дети

17 января, 2026
Герои среди нас

Герои среди нас

17 января, 2026

Оставить комментарий

Похожие новости