Невялікі будынак аддзялення пошты ў в. Манькавічы размешчаны на маленькім завулку, у баку ад цэнтральнай вуліцы. Але гэта не замінае жыхарам вёскі часта яго наведваць.
Начальнік аддзялення паштовай сувязі Святлана Бурда ветліва сустракае карэспандэнта і дзеліцца:
– У нас рэдка бывае пуста. Звычайна людзей многа – хто аплачвае паслугі, хто спяшаецца па пасылкі, іншыя прыходзяць аформіць падпіску на любімыя перыядычныя выданні.
Работнікі паштовага аддзялення кожны месяц выконваюць даведзены план. Жыхары Манькавіч выпісваюць “Сельскую газету”, “Знамя юности”, “Комсомольскую правду”, “Мою семью”. Вялікай папулярнасцю сярод жанчын карыстаюцца часопісы “1000 советов”, “Кудесница”, а юныя жыхары вёскі любяць “Незнайку”, “3/9 Царство”.
Асаблівае месца сярод перыядычных выданняў займае раённая газета “Навіны Палесся”. Два разы на тыдзень амаль 450 экзэмпляраў “раёнкі” акуратна складваюцца, загружаюцца ў паштовыя сумкі і адпраўляюцца да сваіх падпісчыкаў.
На пошце ў Манькавічах ужо 12 гадоў працуе паштальён Любоў Андрайкавец. За гэты час жанчына добра пазнаёмілася з густамі аднавяскоўцаў. Яна для іх, можна сказаць, і псіхолаг, і сябар.
– Людзі да мяне прывыклі. Пры сустрэчы дзеляцца і радасцямі, і набалелым. Заўсёды выслухваю і шчыра спачуваю. Іду па вуліцы і бачу, што свежую прэсу ўжо чакаюць. Ад гэтага вельмі радасна.
Любоў Васільеўна прызнаецца, што падпісваюцца на раённую газету, ды і на іншыя выданні больш пенсіянеры і людзі сталага ўзросту. Моладзь трапіла ў палон інтэрнэту.
Каля года ў паштовым аддзяленні працуе Любоў Трафімава, якая таксама штодзень спяшаецца да падпісчыкаў, прыносячы добрыя навіны.
Святлана Канстанцінаўна ўзначальвае аддзяленне не так доўга – амаль два гады. За непрацяглы час зарэкамендавала сябе як адказны і ініцыятыўны работнік. Занесена на Дошку гонару Пінскага РУПС.
Дзяўчына раскрывае сакрэт паспяховай дзейнасці:
– Насамрэч, ніякага сакрэту няма. Маё правіла: ці рабі добра, ці лепей не рабі ніяк. Па-іншаму я не магу. Ведаю, што дзе б я ні працавала, таксама буду так ставіцца да пастаўленых задач.
Работа патрабуе ад Святланы Бурда засяроджанасці, увагі, шмат душэўных сіл. Таму калі дзяўчына пераступае парог дома, хоча пасядзець і адпачыць у поўнай цішыні, атрымаць асалоду ад кубачка кавы са смачным дэсертам. Аднаўляе сілы пры дапамозе фізічных нагрузак: некалькі разоў на тыдзень ходзіць на фітнэс. І ўсім гэта рэкамендуе: пасля заняткаў адчуваеш сябе лёгка, бадзёра.
…Нашу размову прыпыняе мужчына сярэдніх гадоў.
– Мне аплаціць растэрміноўку.
Святлана Канстанцінаўна задае ўдакладняльныя пытанні і праводзіць аперацыю. Следам за ім у чаргу становіцца жанчына.
– Вам пасылка прыйшла, – радасна паведамляе ёй аператар.
Вось так з добрым настроем, з пазітывам сустракаюць тут наведвальнікаў.
Газеты любяць і чытаюць. Яны – крыніца свежай і карыснай інфармацыі. Калі вы яшчэ не прадоўжылі падпіску на любімае выданне “Навіны Палесся”, спяшайцеся на пошту!
Святлана МАРОЗ
Фота аўтара