НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Даўно заўважыла, што мнагадзетныя сем’і часцей бываюць у тых, хто сам нарадзіўся ў такой жа. Як і ў выпадку Ірыны Кірыловіч з аграгарадка Альшаны. Раней ордэнам Маці была ўзнагароджана яе матуля, якая нарадзіла і выхавала пяць дачок, сярод якіх Ірына – другая. У малодшай сястры Наталлі таксама пяць дзяўчынак і яна з’яўляецца прэтэндэнткай на гэтую ўзнагароду.
– Прызнаюся, я нават не задумвалася над гэтым. Проста ў нашай сям’і нараджэнне дзіцяці – самае вялікае шчасце. Гэты момант, калі ты бярэш на рукі свайго сыночка альбо дачку, – нельга перадаць словамі. Я плакала ад радасці кожны раз. І дакладна ведаю, што ніякія грошы і іншыя матэрыяльныя даброты не каштуюць гэтых хвілін, – кажа жанчына.
Ірына выйшла замуж у 22 гады за мясцовага хлопца Васіля. Яна ў той час працавала ў кіёску «Акіян», які раней быў у цэнтры Альшан. Юнак тады вярнуўся з арміі і зайшоў, каб забраць кветкі для сваёй маці. Запала ў душу яму прывабная дзяўчына, і ён пачаў часцей да яе прыходзіць вечарамі на спатканне.
– Мы аднойчы зразумелі, што патрэбны адзін аднаму. Нам пашанцавала, паколькі гэта рашэнне было агульным. Як і будучыя нашы сямейныя рашэнні. На мой погляд, няправільна, калі ўсім кіруе толькі жонка, а муж проста выканаўца. Альбо наадварот, калі мужчына робіць усё па-свойму, не раіўшыся са сваёй другой паловай. Гэта абавязкова будзе прыводзіць да спрэчак, што значна падрывае давер. А без даверу сям’я доўга не праіснуе. Нават каханне я не стаўлю на першае месца, а менавіта ўпэўненасць аднаго ў другім. Чатырнаццатага сакавіка нашай сям’і споўнілася 13 гадоў. За гэты час мы сталі вельмі блізкімі людзьмі адзін аднаму, апорай, падтрымкай. Дзякую Богу, што не памыліліся тады, калі абяцалі жыць у горы і ў радасці, – дзеліцца Ірына.
У шлюбе нарадзіліся Іван, Эвеліна, Аляксандр і Арыяна, якім 12, 11, 10 і 9 гадоў адпаведна. А вось апошняму Міхаілу толькі два гадочкі. Імя для яго выбіралі ўжо сумесна са старэйшымі дзецьмі.
Напаткала Ірыну і сур’ёзнае выпрабаванне. Абедзве дзяўчынкі маюць праблемы са здароўем, таму маці зараз аформлена па іх доглядзе.
– Гэта вельмі цяжка пачуць, што ваша дзіця хворае, не такое, як усе. І мне было цяжка, паверце. Але адразу ўнутры штосьці пераключылася: гэта ж мае дзеці і я зраблю ўсё, каб ім дапамагчы. Мы прайшлі многа абследаванняў, здалі шмат аналізаў, нават звярталіся да генетыкаў, таму што ў хлопцаў такога не назіралася. Нас заўсёды падтрымлівалі родныя, цікавіліся справамі. Зараз медыцына на высокім узроўні, урачы ўсе ад Бога, дзякуй ім вялікі. Дзяўчынкі носяць акуляры, займаюцца па звычайнай праграме і вельмі моцныя, бо цярпліва выконваюць усе ўрэкамендацыі ўрачоў. А яшчэ яны мае самыя галоўныя памочніцы ў стварэнні букетаў і розных кветкавых кампазіцый. Гэта маё хобі, якому я аддаю ўвесь вольны час. Мне вельмі прыемна, калі мае работы радуюць іншых, – расказвае Ірына.
Жыве сям’я Кірыловіч у сваім доме ўжо сёмы год. Скарысталіся субсідыяй, якая давалася тады яшчэ проста маладым сем’ям. Гаспадарку трымаюць невялікую. Галоўным здабытчыкам з’яўляецца муж. У мінулыя гады ездзілі ўсёй сям’ёй адпачываць на Чорнае мора ў Затоку.
– Падарожнічаць усёй сям’ёй – гэта найлепшы адпачынак. Гэта вельмі збліжае, мы яшчэ больш адзін аднаго разумеем. У гэтым годзе, пэўна, не атрымаецца паехаць, але мы не засмучаемся. Жывём жа ля прыгажуні Прыпяці! Самае галоўнае – што мы разам, – кажа Ірына.


Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости