Гледзячы на гэтую стройную жанчыну, нават не верыцца, што яна маці шасцярых дзяцей. У гэтым годзе Таццяна Баган з Харомска атрымала ордэн Маці. Жанчына на маё здзіўленне з усмешкай адказвае: калі столькі дзяцей, хочаш – не хочаш, а бясплатны фітнэс табе забяспечаны.
Таццяна родам з Кобрынскага раёна. Пасля школы паступіла ў Кобрынскі ліцэй сферы абслугоўвання, дзе атрымала спецыяльнасці ткачыхі і камплектоўшчыка дэталяў цацак. У гэтым жа горадзе вучыўся і яе будучы муж Дзяніс з Вялікага Малешава. Знаёмства адбылося ў парку, дзе адпачывалі ў адной кампаніі.
Як прызнаецца Таццяна, гэта было каханне з першага погляду.
– Я зразумела, што сустрэла свайго чалавека. Сур’ёзны і адказны, заўсёды стрымліваў свае словы. У нас супадалі мары, мэты і жаданні. І ўжо праз некалькі месяцаў пасля першай сустрэчы мы вырашылі ісці па жыцці разам, – расказвае жанчына.
Таццяна разам з будучым мужам прыехала ў Вялікае Малешава, каб пазнаёміцца з свекрывёй. Будучы мудрай жанчынай, тая агарнула яе клопатам і ўвагай.
– Я дагэтуль вельмі ўдзячна маёй свекрыві за тое, што яна прыняла мяне як родную дачку. Ведаеце, гэта вялікае шчасце, калі атрымліваецца адразу пабудаваць даверлівыя адносіны ў новай сям’і. Маці ж не жадае горшага, наадварот, падказвае і раіць зрабіць як лепш. Важна ўспрыняць гэта правільна і быць удзячным. Я па жыцці лічу, што нельга забываць дабро, якое абавязкова вяртаецца. Рабіць сумленна і ставіцца да людзей так, як ты хочаш, каб яны ставіліся да цябе. Мяне так выхоўвалі і я так буду выхоўваць сваіх дзяцей.
Каб набыць свой дом, маладая сям’я абзавялася парнікамі, у якіх мазалём зарабляла кожную капейку.
– Там, дзе я жыла, не трымаюць парнікі ў такіх маштабах, як тут. Таму мне даводзілася ўсяму вучыцца, як гаворыцца, з нуля. Калі трэба садзіць, чым падкормліваць, як правільна пасынкаваць і гэтак далей. Чэсна скажу, было такое адчуванне, быццам я скончыла аграрны каледж, – смяецца Таццяна.
Яшчэ калі жылі ў Вялікім Малешаве, у сям’і Баган нарадзіўся першынец Данііл, якому зараз 9 гадоў. Праз год з’явіўся Цімафей, а яшчэ праз год – Раман. Са сваімі хлапчукамі Таццяна з мужам пераехалі ў Харомск, дзе набылі дом. І ўжо тут нарадзіліся тры дачушкі – Вікторыя, Ганна і Дар’я, якой зараз толькі пяць месяцаў.
– Не хаваю, што клопату многа, – кажа Таццяна. – Са старэйшымі трэба ўрокі павучыць, бо ўсе школьнікі. Ды і дзяўчынкі патрабуюць увагі. Муж вельмі дапамагае, калі дома. Дзеці яго проста абажаюць. Калі я магу прыкрыкнуць, то ён, наадварот, можа спакойна глядзець, як яны варочаюць хату дагары нагамі. Мы дапаўняем адзін аднаго і гэта, на мой погляд, галоўная ўмова моцнай сям’і. У нас ёсць слова «мы», муж заўсёды раіцца са мной наконт будучых планаў. Калі ёсць узаемаразуменне, ніякі быт не страшны.
Канешне, мы думаем пра будучыню, думаем пра тое, як паставіць дзяцей на ногі. Разу-меем, што наперадзе чакае ўсякае. Але ж у гэтым, упэўнена, і заключаецца сэнс жыцця, – кажа Таццяна.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара