НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

У нашай краіне заўсёды існавала і існуе дзяржаўная падтрымка мнагадзетных сем’яў.

Праводзіцца льготнае крэдытаванне на будаўніцтва і дабудаванне жылля. Жанчын, якія нарадзілі і выхоўваюць пяцёра і больш дзяцей, узнагароджваюць ордэнам Маці. Адной з уладальніц гэтай узнагароды стала Надзея Меляшчэня з вёскі Аздамічы.
Надзея нарадзілася ў суседняй вёсцы Цераблічы ў вялікай сям’і, у якой было восем дзяцей. Бацькі паспявалі і дома спраўляцца, і ў мясцовым калгасе працаваць. Менавіта ў сям’і Надзея навучылася размяркоўваць час і планаваць свой дзень.
Пасля заканчэння школы дзяўчына разам з маці паехала на заробкі. І так сталася, што там пазнаёмілася са сваім будучым мужам Мікалаем, які быў родам… з суседняй вёскі Аздамічы. Як гаворыцца, не ведаеш, дзе знойдзеш.
Вырашылі асталявацца на малой радзіме мужа, пачалі сваімі сіламі будаваць дом. Першай нарадзілася дачка Яўгенія – зараз студэнтка першага курса Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. Другой у сям’і стала таксама дзяўчынка – Дзіяна, якая ходзіць у 11 клас. А далей у сям’і нарадзіліся тры сыны – Сяргей, Мікіта і Андрэй, у дэкрэтным водпуску па догля-дзе якога і знаходзіцца мнагадзетная маці.
З дапамогай ільготнага крэдыту дабудавалі дом, у якім заўсёды пануе мір і лад. Сакрэт цудоўных адносін просты – ўменне слухаць і паважаць адзін аднаго.
12 гадоў таму Надзея ўладкавалася на работу ў ААТ «Палеская ніва» ў радзільнае аддзяленне малочна-таварнай фермы «Пескі». Там жа, дарэчы, слесарам працуе і муж.
– Калі мне прапанавалі пастаянае рабочае месца, у мяне ўжо было чацвёра дзяцей. Але я пайшла без сумнення. Прыклад для мяне – мая маці, якая таксама працавала на дзяржаўнай рабоце і дома спраўлялася. Тым больш мой графік быў такі, што я паспявала вярнуцца дахаты і дзяцей сабраць у школу. Каб сэканоміць час, пяць кіламетраў да работы і столькі ж назад мы разам з іншымі работніцамі пераадольвалі на веласіпедзе. І так два разы, а калі дзяжурства, то і тры разы на дзень. Толькі як вялікі снег, ездзілі на спецыяльнай машыне. Дома гатавала есці, а калі ягадны сезон, то яшчэ і ў лес імчала – як кажуць, грошай лішніх не бывае. Такая фізкультура ў тонусе трымала, і мая вага была стабільна на лічбе 52 кг. Зараз нашаму сыночку год і пяць месяцаў, але, думаю, што пасля дэкрэту змагу вярнуцца да такога ж рэжыму.
– У вас тут вельмі квітнее збіральніцтва. Цікава, які ж даход яно прыносіць?
– Усё залежыць ад таго, наколькі шчодрым быў год, і ад умення збіраць ягады. Напрыклад, я збіраю хутка. Сезон чарніц пачынаецца прыкладна ў канцы чэрвеня-пачатку ліпеня. З 7 і да 14 гадзін можна на рублёў 150 назбіраць удвух, а за журавіны, сезон якіх пачаўся ў кастрычніку і працягваецца зараз, крыху менш – 100-120 рублёў. Летам, канешне, зручней, бо на вуліцы святлее раней, на канікулах дзеці. Яны ў нас да работы звыклыя, бо бачаць перад сабой прыклад у выглядзе нас – бацькоў. Гэта зараз у вёсцы можна жыць не горш, чым у горадзе. Ёсць усе камунікацыі, вада гарачая, газавае ацяпленне. Толькі адна праблема, якая турбуе не толькі мяне, – адсутнасць рабочых месцаў. І гэта шкада, паколькі палешукі – людзі вельмі працавітыя, і любое прадпрыемства ці завод хутка вывелі б у лік лепшых. Таму, калі дзеці ў горадзе ўладкуюцца на работу за дастойную аплату, буду толькі рада. Для мяне, як і для любой маці, важна, каб дзеці знайшлі сябе ў жыцці. Бо шчасце жанчыны – у шчасці дзяцей, – кажа Надзея.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 20 октября
Гороскоп на 19 октября
Гороскоп на 18 октября

Оставить комментарий

Похожие новости