НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Каб выхоўваць іншага, трэба выхаваць перш за ўсё сябе! З гэтага выказвання я хацела б пачаць аповед пра маладога педагога – настаўніка Арлоўскай СШ Анастасію ​ Дзенісовіч.

Сапраўдны педагог, які злучае ў сабе любоў да справы і да вучняў.

Шлях да прафесіі можа быць розным: выпадковым або ўсвядомленым, цяжкім або лёгкім, удалым або памылковым. Для Анастасіі гэты шлях быў адзіным: яна заўсёды хацела вучыць дзяцей. Праўда, спачатку не магла вызначыцца: музыка або замежная мова? Жыццё расставіла ўсё па сваіх месцах, і зараз Насця – настаўнік беларускай мовы і літаратуры, нямецкай мовы.

​ Анастасія нарадзілася ў мнагадзетнай сям’і ў в. Звонка Клецкага раёна. Пазней з бацькамі пераехалі ў в. Альманы. Пра ​ сваіх родных дзяўчына гаворыць з пяшчотай і цеплынёй:

– У нас звычайная вясковая ​ сям’я! У мяне ёсць дзве сястры, я сярэдняя. Вельмі ўдзячна сваім блізкім, бо яны – мая падтрымка. ​ Нас бацькі выхавалі так, што мы заўсёды гатовыя дапамагчы і адзін аднаму, і чужым лю-дзям. Ніколі не саромелася сваіх ​ родных. У нас было цудоўнае вясковае дзяцінства: то маці дапамагалі на ферме, то з татам па гаспадарцы круціліся, а потым з бабуляй па журавіны ў лес хадзілі. Але бацькі заўсёды жадалі нам лепшага жыцця, чым у іх, хацелі, каб мы з’ехалі ў горад.

– Як бацькі паўплывалі на выбар вашай прафесіі?

сля школы падавала дакументы ў музычны каледж, мяне гатовы былі прыняць, але ў апошні момант перадумала. Бацькам заўсёды падабалася маё захапленне, але маці казала, што музыкай сыты не будзеш, а настаўнік заўсёды быў, ёсць і будзе ў пашане. У мяне і веды добрыя былі па замежнай мове. З сямі гадоў я ездзіла ад школы ў Іспанію да адной вельмі добрай жанчыны. Я да яе лётала потым кожны год, мы да гэтага часу з ёй падтрымліваем сувязь, і цяпер адпачынак у яе праводжу. Яна – псіхолаг і лінгвіст, таму і мяне з дзяцінства вучыла іспанскай і нямецкай мовам. Паколькі і бацькі, і мая «іспанская мама» гэтага хацелі – я паступіла ў Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна на філалагічны факультэт.

– У якіх школах вы працавалі пасля ўніверсітэта?

– Я вучылася на бюджэце, а потым адпрацоўвала два гады ў Дуброўскай СШ Жыткавіцкага раёна. Вось ужо трэці год працую ў Арлоўскай СШ. Вялікія Арлы бліжэй да дома! Мой дом там, дзе мае бацькі. Я пакуль не стварыла сваю ​ сям’ю. Першыя два гады я жыла ў Арлах, здымала жыллё. Зараз на зіму пераехала ў г. Столін, жыву ў цёткі.

– А як жа вы дабіраецеся да работы? Вы не думалі пераехаць у горад на пастаяннае месца жыхарства?

– Не, мяне ўсё задавальняе! У мяне калега жыве побач, які мае машыну, так і ездзім. То ён мяне пачакае пасля ўрокаў, то я яго. Я звыкла да сельскай мясцовасці. Мне падабаецца прырода навокол, ды і дзеці ў вёсках прасцей.

– Насця, Вы самі яшчэ падобны да старшакласніцы. Вас дзеці ўспрымаюць як настаўніка ці ж як ​ сяброўку?

– Я трымаю субардынацыю: вучань – настаўнік. Дзеці кажуць, што я вельмі строгая, а я кажу – патрабавальная! Я хачу, каб яны не проста вучылі словы і выразы на нямецкай, а навучыліся іх разумець і ўжываць. Шчыра кажучы, цяжэй за ўсё не растлумачыць вучням тэму, а пераканаць іх у тым, што нямецкая мова ім сапраўды спатрэбіцца. Асабліва гэта тычыцца малодшых дзяцей, таму што старшакласнікі вучаць мову, прынамсі, для таго, каб здаць добра выпускны экзамен.

– Раскажыце, як Вы спрабуеце абудзіць цікавасць у дзяцей да вывучэння мовы.

– Я шмат разоў была за мяжой, таму паказваю дзецям свае фотаздымкі. Распавядаю, як я сама ў дзяцінстве ленавалася вывучаць мову, а цяпер выдатна ведаю беларускую, іспанскую, нямецкую, украінскую. Дзяцей больш матывуе перспектыва падарожжаў, чым добрых адзнак. Яны ўвесь час пытаюцца пра Іспанію, Германію, я ім нават карткі такія прыдумляю, і мы потым на нямецкай разбіраем. Старшакласнікі, ​ вядома, адказней падыходзяць да вывучэння мовы. Я максімальна стараюся ўсё тлумачыць. Калі ж вучань не зразумеў, мы з ім сядзем пасля ўрокаў і дадаткова папрацуем, мне не шкада свайго часу. Я хачу быць настаўнікам, які сапраўды навучыць, а не проста адпрацуе свае гадзіны!

– У Вас былі настаўнікі, з якіх Вы бралі прыклад?

– Я памятаю кожнага свайго настаўніка. Не той настаўнік, які вучыць цябе, а той, у каго вучышся ты. Успамінаю, як яны мяне матывавалі або якія сітуацыі мяне крыўдзілі. Нешта пераймаю, а чагосьці імкнуся не дапускаць. Выхоўваць дзяцей вельмі цяжка! Трэба адчуваць гэтую тонкую мяжу, пераступіўшы якую ты можаш параніць дзіця або адбіць усялякае жаданне вывучаць твой прадмет. Я ў першую чаргу чалавек! У мяне ўсё тыя ж пачуцці, што і ў дзяцей. Толькі я больш сталая, таму і ўмею кантраляваць свае эмоцыі, а яны толькі вучацца. У мяне былі вучні, якія маглі грубіяніць або шпурлялі сшыткі мне на стол, але гэта мяне не злуе і не крыўдзіць. Як я ўжо казала раней, мая «іспанская мама» – псіхолаг, і я ў плане стрыманасці брала з яе прыклад. Я крыўджуся на вучняў толькі тады, калі я марную свае сілы, не сплю ноччу, каб падрыхтаваць ім цікавы ўрок, а яны проста не робяць дамашнія заданні.

– Як Вы думаеце, у чым самая вялікая цяжкасць сучаснага настаўніка?

– Я не магу сказаць за ўсіх, але для мяне складанасць заключаецца ў у падачы інфармацыі дзецям. Зараз метадычныя планы складзены так, што патрэбны сучасныя гаджэты, якіх вельмі не хапае ў сельскіх школах. Вось і атрымліваецца, што мне хочацца даць дзецям больш інфармацыі, а няма такой магчымасці. А ў астатнім быць маладым настаўнікам – гэта выдатна. Маладыя педагогі ствараюць новае, натхняюць, укараняюць свежыя ідэі ў старыя навучальныя планы, паспяваюць сачыць за інавацыямі і развіццём навукі. Я ведаю, што за намі будучыня нашай адукацыі.

Надзея​ ​ ГРЭЧКА

Фота Надзеі ГРЭЧКА

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Наши дети

Наши дети

17 января, 2026
Герои среди нас

Герои среди нас

17 января, 2026
Гороскоп на 19 января

Оставить комментарий

Похожие новости