НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

У навагоднім звароце Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка назваў беларускіх жанчын не інакш як сапраўдным скарбам нацыі. Ён адзначыў, што менавіта дзякуючы іх невычэрпнай мудрасці, анёльскаму цярпенню і самаадданай любові да роднай зямлі, Беларусь застаецца астраўком стабільнасці і міру ў неспакойным свеце.
Раённая газета прапануе новы праект «Жанчыны Палесся», у якім будуць публікавацца артыкулы пра жанчын Століншчыны, дзе раскажам не толькі пра іх прафесійныя дасягненні, але і пра багацце іх унутранага свету, сямейныя традыцыі і захапленні. Гэта будуць жанчыны розных прафесій і ўзростаў, але аб’яднаныя любоўю да Палесся і імкненнем зрабіць яго лепшым. І хочацца пачаць з жанчыны, імя якой ззяе на старонках гісторыі працоўнай славы Століншчыны, – Ніны Фёдараўны Колбік (у дзявоцтве – Бакунец).

У дваццаць адзін год – Герой Сацыялістычнай Працы – за небывалыя поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі, за павелічэнне вытворчасці і нарыхтовак мяса, малака і іншай сельгаспрадукцыі. Гэта не проста ганаровае званне, гэта сімвал працавітасці, адданасці і любові да роднай зямлі. Яна стала ўвасабленнем гераізму звычайнага чалавека, які сваёй штодзённай працай зрабіў краіну мацнейшай і заможнейшай.

Свінарка… Прафесія, якая можа здацца для цяперашняй моладзі нерамантычнай і цяжкай. Але зусім маладзенькая Ніна, пасля заканчэння Хорскай сямігодкі, бачыла ў ёй сэнс.
– Спачатку даглядала 19 свінаматак, – дзеліцца сваімі ўспамінамі Ніна Фёдараўна. – Усё даводзілася рабіць уручную, але я не баялася цяжкасцей. Уяўляеце, круглы год хадзіла ў гумовых ботах, механізацыі не было. У кормазапарніку варылі бульбу для свіней. А карміць іх патрэбна было тры разы на дзень. Цягалі ваганеткі з кормам па падвеснай дарозе, а яны часта абрываліся. Пакуль рамонтнік зварваў дэталь, насілі поўныя вёдры, але стомы не адчувалі, бо былі маладыя. Канешне, усё паспець адной было цяжка. Напрыклад, калі была на адкорме, то мне дапамагала маці.
Поспех не прымусіў сябе доўга чакаць: больш за дваццаць галоў прыплоду ад кожнай з двух дзясяткаў свінаматак. Удвая павялічыла Ніна Бакунец сваю групу і трывала замацавалася сярод лепшых жывёлаводаў краіны. Зорку Героя Сацыялістычнай Працы і ордэн Леніна перадавой свінарцы ўручалі ва ўрачыстай абстаноўцы ў Крамлі вясной 1966 года.


– Ведаеце, нават калі атрымала такую высокую ўзнагароду, я не зазналася, – разважае Ніна Фёдараўна. – Я засталася такой жа сціплай і працавітай. Для мяне галоўным было – і надалей сумленна выконваць сваю працу, прыносіць карысць роднаму калгасу і ўсёй краіне.
Працоўныя заслугі Ніны Фёдараўны адзначаны медалём «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна», Ганаровымі граматамі Мінсельгасхарча, Брэсцкага аблвыканкама, Беларускага аграпрамысловага саюза. Яна неаднаразова выбіралася дэпутатам Столінскага раённага і Брэсцкага абласнога Саветаў дэпутатаў, імя яе як ганаровага працаўніка занесена ў Кнігу пашаны Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза.


– З дзяцінства я ведала, што такое цяжкая праца, – успамінае жанчына. – Мае бацькі – простыя калгаснікі, якія кожны дзень ад рання да позняга вечара працавалі на зямлі. Бачыла, як яны стамляюцца, але ніколі не чула ад іх скаргаў. Тады і зразумела, што праца – гэта аснова жыцця і дабрабыту. І аглядваючыся назад, нічога бы не змяніла ў сваім жыцці.
Бывала, пайду на танцы, а адтуль на ферму, бо паросяцца свінаматкі. Не адна ноч была без сну. Зараз разумею, што такая адданасць рабоце менавіта ад бацькоў. Так і сваіх дзяцей навучыла. Ведаеце, а бацька мой яшчэ ў вольны час ад калгаснай работы шыў людзям вопратку. Машынка, на якой рукі яго працавалі, і зараз усё яшчэ ў нас, як жывы напамін пра бацькаву працу. Мая сястра Леаніда, якая таксама жыве ў Турах, яго справу пераняла. Не адзін год працавала ў Хорскім КБА , а як здароўе пагоршылася, дык шыла на даму.


З успамінаў жанчыны, першыя грошы, якія яна атрымлівала за сваю працу, не бачыла. Бацькі ўзводзілі новы дом, той самы, дзе зараз жыве яе дачка Наташа, і бралі ў калгасе грошы ў пазыкі. Таму заработак Ніны нейкі час адразу ж ішоў на пагашэнне доўгу, не пакідаючы нават ценю ў сямейным бюджэце.
– Але на адзенне ды абутак заўсёды знаходзіліся сродкі, бо атрымлівала за высокія вынікі сваёй працы яшчэ і прэміі, – дзеліцца Ніна Фёдараўна. – Памятаю, як атрымала 420 рублёў дэкрэтных – сума казачная! За такія грошы матацыкл можна было набыць, але я вырашыла інакш – пашыць паліто. Бо мяне часта выклікалі на розныя маладзёжныя сходы і на важныя сустрэчы. Нават працуючы на ферме, заўсёды імкнуліся выглядаць прыгожа і апранацца з густам.
У свой час пра славутую свінарку шмат пісалі ў газетах, клікалі на святы і ўрачыстасці. Ніна Фёдараўна гасцявала ў Мінску, любавалася Брэстам. Але які ж незгладжальны след пакінулі ў яе сэрцы велічны город Масква і маўклівы Маўзалей Леніна!
– Калі вярталася з тых вандровак, збіраліся з калектывам у чырвоным куточку, і я, перапоўненая ўражаннямі, дзялілася перажытым, – успамінае жанчына.


Партрэт Ніны Фёдараўны многія гады ўпрыгожваў раённую Дошку гонару. Да выхаду на заслужаны адпачынак працавала ў калгасе, але праз хваробу – ужо на другой пасадзе: прымала малако ад вяскоўцаў.
– Усе цяжкасці можна прайсці, калі побач родныя, якія прыйдуць на дапамогу ў любы час, – разважае мая субяседніца. – Мне пашанцавала і з мужам. Безумоўна, як і ў кожнай хаце, трапляліся розныя непаразуменні, але ён быў руплівым гаспадаром і клапатлівым бацькам. Нарадзілі і выхавалі двух сыноў і дачку, дачакаліся чацвярых унукаў. Як жа шкада, што да залатога вяселля мой Фёдар не дажыў… Менавіта ў гэты дзень мы марылі аб вянчанні.


Ніна Фёдараўна аказалася надзвычай прыемнай у гутарцы. Час за душэўнымі ўспамінамі праляцеў, як адзін міг. На развітанне асмелілася запытаць, як яна ставіцца да таго, што 2026 год – Год беларускай жанчыны. Яна ўсміхнулася і адказала, што без жанчын прапалі б мужчыны. Канешне, словы хоць і прагучалі з усмешкай, але ўтрымліваюць ў сабе велізарную ісціну. Без жанчын, сапраўды, прапалі б мужчыны, як прапала б святло без цемры, як прапала б мелодыя без гукаў.


Вольга ГУСАК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Сестра Хатыни

Сестра Хатыни

16 января, 2026
В ожидании чуда

В ожидании чуда

16 января, 2026
«Операция «Бельведергейт»
Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости