НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Вось, здаецца, як гэтая жанчына ўсё паспявае? Начальнік аддзялення сувязі вёскі Хорск Ганна Козел з’яўляецца і… яго паштальёнам.
У першай палове дня яна прымае карэспандэнцыю, прэсу, пасылкі, а ў другой палове – сама ж і дастаўляе іх да жыхароў вёскі.
У такім рэжыме працуе Ганна Канстанцінаўна больш за месяц, калі звольніўся паштальён. Шчыра прызнаецца, што нават не зразумела, як праляцеў гэты час. Уся ў рабоце. Але ж, нягледзячы на такую загружанасць, не згубіла сваю прыроджаную абаяльнасць і з усмешкай сустракае ўсіх кліентаў. І яны ў адзін голас называюць Ганну Канстанцінаўну сваёй феяй. Бывае, хоць ужо і позна вечарам, але прыносіць газеты і пенсію выдае заўсёды своечасова. Начальнік сувязі ўсміхаецца: «Не адкладваю на заўтра тое, што можна зрабіць сёння». Ніколі не адмовіць, калі пенсіянеры папросяць на тэлефон пакласці сродкі ці заплаціць за электрычнасць. З паразуменнем ставіцца да гэтых просьбаў. У характары гэтай жанчыны галоўная рыса – чуласць і дабрыня.
Пэўна, гэта і паспрыяла таму, што выбрала Ганна прафесію, прызначэнне якой служыць людзям. Пасля школы скончыла Мазырскае медыцынскае вучылішча і год працавала па спецыяльнасці ў Брэсце. Пазнаёмілася з будучым мужам, які родам з Драгічынскага раёна. Калі пайшла ў дэкрэтны водпуск, прыехала на малую радзіму ў вёску Хорск. Ды і больш не вярнулася ў горад.
У 2013 годзе стала працаваць паштальёнам. Тады з падпіскай увогуле праблем не было. Нават моладзь з задавальненнем чытала газеты і часопісы. Тагачасны начальнік сувязі якраз ішоў на пенсію і Ганне прапанавалі ўзначаліць аддзяленне. Канешне, яна згадзілася, бо справу гэтую ведала добра. Паступіла на завочнае аддзяленне Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сувязі, які скончыла ў мінулым годзе.
Зараз на рабоце ёй дапамагае малодшы сын Аляксандр, які вучыцца ў 9 класе. Больш за ўсё – 250 двароў – наведвае Ганна Канстанцінаўна ў пятніцу. Праязджае каля 11 кіламетраў. Газету «Навіны Палесся» выпісваюць 227 жыхароў. Спадзяецца, што да канца года выканае план. Канешне, каб быў паштальён, было б спраўней працаваць.
– Але ж нікога нельга прымусіць працаваць. Работу сваю трэба любіць, як люблю яе я. Не ўтойваю, бывае і складана, не паспяваю, тады мару, каб у сутках было больш гадзін. Але я на іншым месцы сябе нават не ўяўляю. Нават да пастаяннага холаду звыкла: памяшканне аддзялення ў старым будынку, ацяпляецца грубкай. Таму я яшчэ і качагар у адной асобе, – смяецца мая суразмоўца.
Ганна Канстанцінаўна – супер-жанчына. Акрамя работы, і пра сям’ю паклапаціцца паспявае, і выглядаць шыкоўна атрымліваецца. Проста прыклад для захаплення.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Незабыўныя сустрэчы
Наши дети

Наши дети

17 января, 2026
Герои среди нас

Герои среди нас

17 января, 2026

Оставить комментарий

Похожие новости