Усё сваё жыццё Ніна Іванаўна Гуранкова прысвяціла педагагічнай дзейнасці, будучы адной з першай кагорты спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй у нашым раёне. Для сваіх вучняў была як настаўнікам, так і дарадчыкам, цаніла кожнага з іх. Жыццёвы шлях Ніны Іванаўны не быў простым, хапала ў ім цяжкасцяў і выпрабаванняў.
Ваеннае ліхалецце
Нарадзілася Ніна Гуранкова 24 студзеня 1935 года ў вёсцы Пракопаўка Гомельскай вобласці. У сям’і было шасцёра дзяцей. Маці сама гадавала іх, бо бацька пайшоў дабравольцам на фронт.
Браты і сёстры былі вельмі дружнымі, клапаціліся адзін пра аднаго. Але, на жаль, у сям’ю прыйшла бяда. Старэйшая сястра Валя, якой было 12 гадоў, моцна захварэла. І праз два тыдні яна пайшла з жыцця. А праз год раптоўна памёр малодшы пяцігадовы брат Анатоль. Гэтыя страты моцна засмуцілі маленькую Ніну. Калі яна пайшла ў першы клас, то часта плакала на ўроках. «Ідзі, прайдзіся па калідоры», – казала настаўніца. І дзяўчынка ішла, каб супакоіцца.
Бацька ў гэты час быў на перадавой, дасылаў дадому лісты. Вернецца ён ці не, ніхто не ведаў. Аднойчы маці прала бялізну на возеры і раптам жанчыны крыкнулі: «Паглядзі, Паша, твой Іван стаіць». Радасці не было межаў. Дайшоўшы да Берліна, ён вярнуўся дадому жывым і здаровым. Але ж у хуткім часе прыйшла сумная вестка – загінуў старэйшы сын Міша. Быў танкістам і ад моцнага ранення ў жывот памёр на руках у камандзіра. Знайшоў свой апошні прытулак у Польшчы. Юнаку было толькі 19 гадоў…
Вучаніца Шамякіна
Ніна была вельмі прагная да навукі, таму вучылася амаль выдатна. Дырэктарам сямігадовай школы быў беларускі пісьменнік Іван Шамякін. Да дзяцей ставіўся, як да роўні, ніколі нікога не пакрыўдзіў. А яго жонка Марыя была фельчарам. Калі Іван Пятровіч напісаў раман «Глыбокая плынь», сям’я пераехала.
А Ніна Іванаўна працягнула вучыцца ў Маркавічах.
– Кожны дзень пешшу хадзілі за 10 кіламетраў у школу, – успамінае мая суразмоўца. – У мяне быў свісток. Я выходзіла зранку, свістала ў яго, усе збіраліся і крочылі на заняткі.
А пасля заканчэння школы Ніна Гуранкова стала студэнткай Гомельскага педагагічнага інстытута. Вучылася на хіміка-біёлага. Любоў да гэтых прадметаў з’явілася яшчэ ў школе, а настаўнічаць марыла з дзяцінства. Пасля заканчэння інстытута ў 1957 годзе дзяўчына была накіравана ў вёску Лядзец тады яшчэ Давыд-Гарадоцкага раёна.
Настаўніца
– Прыехала ў жніўні, таму паспела пазнаёміцца з калектывам да пачатку заняткаў, – пераносіцца ў мінулае Ніна Іванаўна. – Усе настаўнікі маладыя, заахвочаныя, ініцыятыўныя. Я дагэтуль добра памятаю кожнага з іх, хоць давялося мне працаваль толькі да Новага года. Далей мяне перавялі ў Вялікамалешаўскую сярэднюю школу. Была крыху засмучаная, бо ўжо звыкла да свайго першага рабочага месца. Але праз некаторы час асвоілася і на новым. А з якімі людзьмі давялося працаваць! Маімі калегамі былі заслужаныя настаўнікі – Міхаіл Шэлехаў і Надзея Кавалец. Дарэчы, з Надзеяй Іванаўнай мы хутка сталі сяброўкамі. Яна ўнікальная жанчына, была прыкладам як для дзяцей, так і для настаўнікаў, на яе раўняліся. Таму і школа была «на вышыні». Вучні без цяжкасцяў паступалі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
– Ды не толькі ад працы атрымлівала асалоду Ніна Іванаўна. Тут яна сустрэла сваё каханне. Высокі, статны Міхаіл Бруцкі-Сцямпкоўскі з Альпеня быў настаўнікам фізічнай культуры. Меў вельмі строгі падыход, таму яго вучні лідзіравалі ў розных спаборніцтвах.
– У 1959 годзе маладыя стварылі сям’ю. Першым нарадзіўся сыночак Уладзімір – бацькавы гонар. А ў 1965 годзе з’явілася дачка Галіна – маміна памочніца.
Давыд-Гарадок
У Давыд-Гарадок сям’я пераехала таму, што Міхаілу прапанавалі ўзначаліць дзіцячую спартыўную школу. Знайшлося месца і для Ніны Іванаўны. Былы калега Міхаіл Шэлехаў ужо быў дырэктарам сярэдняй школы № 2 Давыд-Гарадка. Ён і запрасіў да сябе Гуранкову. З таго часу і да выхаду на заслужаны адпачынах яна працавала ў гэтай школе.
Спачатку здымалі кватэру, а пасля пабудавалі свой дом, у якім вядзецца наша няспешная гутарка. Калі спартыўная школа знаходзілася ў некалькіх метрах ад дома, то Ніне Іванаўне даводзілася штодзень хадзіць за 10 кіламетраў.
– Пэўна і жыву доўга, бо многа пешшу хадзіла, – жартуе жанчына. – Спачатку вучаніцай, а потым настаўніцай. Школа працавала ў дзве змены, таму было такое, што па два, а то і па тры разы бегла дадому, а потым назад. Яшчэ ж гаспадарку трымалі. Мой пакойны муж вельмі малако любіў, таму карову трымалі, свіней, курэй. Усё трэба было дагледзець, у хаце парадак навесці. З дзецьмі ўрокі павучыць. Я зараз здзіўляюся, колькі ў мяне хапала сілаў. Маладая была, не тое, што зараз…
Гэта Ніна Іванаўна крыху хітрыць. Хапае ў яе сіл і зараз, гледзячы на ідэальную чысціню у доме і такія ж градкі ў агародзе.
Паважалі сваю настаўніцу вучні за яе разважлівы і добры характар. Была класным кіраўніком, да кожнага мела падыход, і за парадамі звярталіся. Дарэчы, яе вучнем быў галоўны ўрач Столінскай раённай бальніцы Віктар Майсюк. Фотаздымак, на якім ён піянер, таксама ляжыць у фотаальбоме маёй суразмоўцы.
Вось што Віктар Іванавіч сказаў пра Ніну Іванаўну:
– Гэта мая самая любімая настаўніца, педагог з цудоўным спалучэннем такіх якасцяў, як патрабавальнасць, дабрыня, прафесіяналізм і жаноцкасць. Разам ездзілі на экскурсіі, у паходы хадзілі. Выкладала ў нас хімію, якую я ведаў бездакорна. Таму ў тым, што я выбраў медыцыну, вялікая заслуга Ніны Іванаўны.
З мужам Ніна Іванаўна жылі душа ў душу. На жаль, ужо 23 гады, як удава. Чарговы ўдар прынесла раптоўная смерць сына, якому было 46 гадоў. А ў гэтым годзе таксама неспадзявана пакінула гэты свет унучка Юлія, 15-гадовы сыночак застаўся сіратой. Перажыць гора дапамагае вера ў Бога.
А яшчэ падтрымлівае сястра Марыя, якая пераехала ў наш раён, будучы школьніцай. Таксама працавала настаўніцай хіміі і біялогіі, толькі ў Сямігосціцкай сярэдняй школе. Яны, як і ў дзяцінстве, неразлучныя.
Маці часта наведвае дачка Галіна, якая жыве ў сталіцы. Звычайна ўлетку прыязджаюць да бабулі ўнук Дзмітрый і праўнук Міхаіл. Ды і суседзі – вельмі спагадлівыя і дабрадушныя людзі, заўсёды дапамогуць.
Ведаеце, вельмі рада, што давялося сустрэцца з Нінай Іванаўнай. Дзякую тым, хто падказаў напісаць пра гэтую жанчыну. У яе столькі душэўнай цеплыні і сардэчнасці, якія такая рэдкасць у сучасным свеце. Яна – прыклад жанчыны, маці, настаўніка, сапраўднага чалавека.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара