Дажджы на Палессі ў пачатку красавіка значна марудзяць тэмпы пасяўной кампаніі. Два-тры сонечныя дзянькі ў пачатку тыдня дазволілі аграрыям раёна хоць як дабрацца да палёў – спяшаюцца ўсімі сіламі, каб не спазніцца з тэрмінамі.
– У гэтым невялікім месцы ўвогуле не пасеем, а там паспрабуем – можа нешта і вырасце, – гаворыць галоўны аграном КСУП «Рухчанскі» Таццяна Рашэцкая, падыходзячы да пасяўнога агрэгата, каб даць каштоўныя парады механізатару Сяргею Літвінаву. – Сеем яравы ячмень. Замарудзім на дзень – не паспеем. Яшчэ і надвор’е не выручае – тэхніка месцамі не праходзіць. Але, спадзяёмся, што ў гэтым годзе з ураджаем будзе лепей.
Усяго ў КСУП «Рухчанскі» пад сеў ранніх яравых збожжавых і зернебабовых адведзена 180 га. Сяўбу тут цалкам завяршылі ў сераду, 12 красавіка. Таксама закончылі сяўбу ў КСУП «Беражное» (160 га) і КСУП «Варані» (210 га). Блізкія да завяршэння ў ААТ «Церабяжоў-Агра» (79 працэнтаў) і ААТ «Лядзецкі» (85 працэнтаў).
У раёне пад сеў ранніх яравых збожжавых і зернебабовых адведзена 4 875 га, з якіх 2 662 га ўжо пасеяны.
Аляксандр НІКІФАРЭНКА
Фота
аўтара