НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Добра памятаюць гэты момант залатыя юбіляры з вёскі Сямігосцічы Якаў і Валянціна Акостка, якія вось ужо паўстагоддзя ідуць па жыцці поруч. «Здаецца, зусім нядаўна гэта было, – з сумам адзначае Валянціна Мікалаеўна. – Гады хутка бягуць, не паспяваеш і азірнуцца».
Знаёмства іх таксама было цікавым. Валянціна – маладая настаўніца, якая прыехала працаваць у Сямігосціцкую сярэднюю школу па размеркаванні ў 1968 годзе. Сама родам з вёскі Туры і была адзінай дачкой пасля трох старэйшых братоў. Яшчэ ў школе палюбіла прафесію педагога, прыкладам якога была яе першая настаўніца Ганна Іванаўна Косач. Менавіта яна прывіла любоў да школы і вучняў. Таму пасля заканчэння Давыд-Гарадоцкай школы № 1 Валянціна без роздумаў паступіла ў Лоеўскае педагагічнае вучылішча на спецыяльнасць «пачатковыя класы».
І вось яна – маладая, у прывабнай сукенцы прыйшла на танцы ў мясцовы клуб. А там прыгажун Якаў, які прыйшоў у водпуск з арміі. Служыў у ваенна-марскім флоце ў Эстоніі, чым моцна ганарыўся. Да таго ж спартсмен, капітан мясцовай футбольнай каманды. Як кажуць, грэх у такога не закахацца. І Валянціна закахалася. Якаў таксама заўважыў дзяўчыну, якая адразу паланіла яго сэрца.
І 27 лістапада 1970 года яны сталі мужам і жонкай. Тады была паводка, таму дабіраліся маладыя ў Альшанскі сельскі Савет на лодках. Але тым рамантычней было іх вяселле.


Валянціна працягвала выкладаць у школе, а паралельна вучылася на завочным аддзяленні Мазырскага педагагічнага інстытута імя Крупскай.
Калектыў яе прыняў вельмі цёпла. Строгім быў толькі тагачасны дырэктар Іван Іванавіч Туравец, бо патрабаваў поўнай самааддачы. Але ж маладая настаўніца хутка даказала, што яна на сваім месцы. Адказная, дысцыплінаваная ў рабоце, спагадлівая і чулая да вучняў. Такой яе памятаюць усе, каго яна вучыла. Усяго за яе педагагічную дзейнасць было сем выпускаў. А яшчэ некаторы час Валянціна Мікалаеўна працавала арганізатарам пазакласнай работы. Цікавы той факт, што яшчэ будучы вучаніцай Давыд-Гарадоцкай школы, Валянціна была піянерважатай у Ніны Чуманевіч – зараз Ерухінай – класнага кіраўніка экс-прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Мядзведева.
Праз восем гадоў Валянціна Мікалаеўна зноў вярнулася да настаўніцкай дзейнасці. Была ў той час кіраўніком міжраённага куставога аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў. Бліскуча абараніла вышэйшую катэгорыю, таму была настаўнікам не толькі для вучняў, але і для многіх маладых педагогаў, якія прыходзілі ў школу. Трыццаць восем гадоў аддала сваёй любімай справе. «Работа мне заўсёды прыносіла задавальненне», – кажа Валянціна Мікалаеўна. У апошнія гады, нягледзячы на дрэнны зрок, жанчына працягвае актыўны лад жыцця. З’яўляецца членам Столінскай раённай арганізацыі інвалідаў па зроку і прымае ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах.
Якаў Фёдаравіч заўсёды быў яе надзейнай апорай і дбайным гаспадаром. Будаваў свой дом, ды і любая справа гарэла ў яго руках. Як сапраўдны марак, ён і на сваёй радзіме меў цягу да вады і быў, калі так можна сказаць, прафесійным рыбаком. 30 гадоў працаваў у адным з буйнейшых рыбгасаў краіны «Лахва». Пра рыбу ён ведае абсалютна ўсё. А жонка навучылася гатаваць з яе розныя стравы. Да таго ж Якаў Акостка працягваў узначальваць футбольную каманду тады калгаса «XVII партз’езд» – неаднаразовага чэмпіёна раёна.
Валянціна Мікалаеўна і Якаў Фёдаравіч заўсёды былі прыкладам для сваіх дзяцей. Першым у сям’і нарадзіўся сын Уладзімір. Скончыў Мазырскае медыцынскае вучылішча і працаваў дыспетчарам на станцыі хуткай дапамогі Давыд-Гарадоцкай бальніцы. Жыве ў Давыд-Гарадку разам з сям’ёй. Пайшла па бабулінай сцежцы ўнучка Валянціна, якая выкладае ў Брэсце. Унук Віталь працуе ў міліцыі.
Дачка залатых юбіляраў – Таццяна – жыве ў Сямігосцічах, непадалёку ад бацькоў, таму першай прыйшла павіншаваць іх са святам. Яна, як і старэйшы брат, таксама выбрала медыцыну і зараз працуе медыцынскай сястрой у дзіцячым садку. Старэйшая яе дачка Юлія атрымала спецыяльнасць «масавыя камунікацыі», а зараз жыве разам з мужам у Аўстраліі, таму віншавала па вайберу. Аляксандр – студэнт Мінскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа. Як і дзядуля, вельмі любіць футбол і ўдзельнічае ва ўсіх спаборніцтвах, якія прахо-дзяць у каледжы. Калі прыязджае, яны гадзінамі абмяркоўваюць спартыўныя навіны.
А вось малодшыя ўнукі юбіляраў – сямікласнік Валодзя і трохгадовы Дзіма – часцяком бываюць у бабулі з дзядулем. І зараз яны першыя за святочным сталом, які накрыты з нагоды залатога вяселля. І няхай надалей вашым спадарожнікам будзе каханне, а родныя акружаюць цяплом і павагай.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 20 октября
Гороскоп на 19 октября
Гороскоп на 18 октября

Оставить комментарий

Похожие новости