НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

28 жніўня ў Гарадной адбылося ўрачыстае адкрыццё VIII Міжнароднага пленэру ганчароў.

Удзельнікаў такога значнага мерапрыемства сустрэлі з хлебам-соллю. Юныя жыхары населенага пункта прывіталі гасцей аповедамі пра асаблівасці слаўнай гараднянскай зямлі, парадавалі сваёй мілагучнай роднай мовай і прыгожымі касцюмамі.
Старт сустрэчы творцаў даў круглы стол. Прысутных прывітаў старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі, які з гонарам за малую радзіму расказаў, чым славіцца наш раён. Ён параіў наведаць знакамітыя і памятныя месцы, якія абавязкова пакінуць незабыўныя ўражанні. Звярнуліся да гасцей намеснік дырэктара Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Марына Клімук, дырэктар ААТ «Церабяжоў-АГРА» Мікалай Дзямко, начальнік аддзела культуры Вольга Строк і старшыня Гараднянскага сельсавета Ганна Сярко з пажаданнямі плёну ў рабоце, новых творчых здабыткаў і адкрыццяў.
У рабоце пленэру задзей-нічаны 18 ганчароў, кожны з якіх расказаў пра сябе. Большасць з іх прыехалі з розных куточкаў Беларусі, але ёсць і такія энтузіясты, якія пераадолелі няблізкі шлях з Расіі, каб прыняць удзел у гэтым мерапрыемстве. Восьмы раз прымае ўдзел у міжнародным фэсце Сяргей Молчан з Мінска, які раздзяляе захапленне са сваёй другой палавінкай – Наталіяй Кабанавай. Яны працуюць у розных тэхніках, але аб’яднаны адной ідэяй і імкненнем да пазнання цудоўнага. Даўно займаюцца керамікай Вера Календа (Беларусь) і Наталля Жэрэліна (Расія). Яны марылі пабываць на пленэры, і цяпер іх мара здзейснілася. У жыцці Ларысы Глінскай цікавасць да керамікі заўсёды займала асаблівае месца. Жанчына адзначыла, што на яе значны ўплыў аказала наведванне Гарадной і знаёмства з выдатнымі ганчарамі, ад якіх у свой час пераняла веды і атрымала вялікі вопыт. У 1996 годзе Паўлу Рабаву ў час экспедыцыі на Століншчыну таксама пашчасціла пабываць у Гарадной. Тады ён пераймаў вопыт мясцовых ганчароў і быў уражаны іх майстэрствам, душэўнасцю і шчырасцю. Усім вядомы народны майстра Васіль Логвін з Брэста стаіць ля вытокаў узнікнення традыцыйнага для Гарадной мерапрыемства. Ён стаў адным з арганізатараў правядзення міжнародных пленэраў ганчароў, сам неаднаразова браў у іх удзел.


На мерапрыемстве прысутнічалі і некалькі пакаленняў мясцовых ганчароў. Браты – Іван і Сяргей Шэлесты – у школьныя гады наведвалі Цэнтр ганчарства. На сёння яны займаюцца ганчарствам на прафесійным узроўні, плануюць і далей развівацца, вучыць дзяцей у сваіх майстэрнях і г. д.
Самым вопытным з ганчароў, ганаровым удзельнікам пленэру стаў Рыгор Кавалька. Яшчэ ў пасляваенны час, каб зарабіць на кавалак хлеба, ён пачаў сур’ёзна займацца гэтым рамяством. Прысвяціў гэтай справе больш за 60 гадоў.
Загадчык Цэнтра ганчарства Васіль Казачок не адразу сеў за ганчарнае кола. Ён шмат гадоў працаваў у школе, і толькі пасля адкрыцця Цэнтра ганчарства заняўся вырабам глінянага посуду і іншых рэчаў. Цяпер перадае свае веды падрастаючаму пакаленню. А яшчэ праслаўляе родны край у вершах.
Васіль Казачок правёў для гасцей змястоўную экскурсію, пазнаёміў з дзейнасцю ганчароў Гарадной, работамі ўдзельнікаў папярэдніх пленэраў, майстэрняй, дзе нараджаюцца тыя самыя знакамітыя гараднянскія гаршкі. Ён задаволены тым, что пленэры карыстаюцца папулярнасцю ў асяродку майстроў-керамістаў.
Самае цікавае яшчэ наперадзе, аб чым і раскажам у наступных нумарах раёнкі.
Людміла КАСПЯРОВІЧ
Фота аўтара

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости