• ru
  • by
  • 30 апреля

    USD

    EUR

    Столин

    20C

    Музыка дорыць настрой

    12.07.2019

    382

    0

    Rate this post

    Таленавітая, мэтанакіраваная, сціплая. Гэта ўсё пра настаўніка па класе фартэпіяна Рэчыцкай дзіцячай школы мастацтваў Кацярыну Гарбар. Яна стала маладым чалавекам года ў галіне культуры.
    Каця родам з Беражнога. Яе, маленькую дзяўчынку з кучаравымі валасамі, у музычны клас прывёў яе дзядуля. Усе ў сям’і маюць добрыя музычныя здольнасці, хоць ніхто і не мае прафесійнай адукацыі. Бабуля расказвае, што Каця яшчэ не ўмела толкам гаварыць, а мелодыю і словы песні падхоплівала адразу.
    Сем гадоў Кацярына займалася ў школе мастацтваў, сумяшчаючы з вучобай у агульнаадукацыйнай школе. У дзявятым класе вагалася, які шлях выбраць: замежную мову ці музыку.
    Пасля заканчэння базавай школы паступіла ў Пінскі дзяржаўны каледж мастацтваў на спецыяльнасць “Інструментальнае выканальніцтва (фартэпіяна)”. Вучоба была напружанай, цяжкай і фізічна, і маральна. Ішла ў каледж у шэсць гадзін раніцы, каб да асноўных заняткаў пазаймацца на інструменце. Часта паміж парамі былі “фортачкі”. Час дарма не губляла і таксама садзілася за фартэпіяна. Дамоў вярталася а дзясятай гадзіне вечара.
    Многія з аднакурснікаў не спраўляліся, пакідалі навучанне. Але не Кацярына – яе мэтанакіраванасць, працавітасць і ўседлівасць дапамаглі скончыць навучальную ўстанову з чырвоным дыпломам.
    Яна вельмі ўдзячна сваёй выкладчыцы Ірыне Бароўскай. Дзякуючы яе намаганням дзяўчына многае добра засвоіла і палюбіла.
    Пасля вучобы прыехала працаваць у школу мастацтваў у Рэчыцы. Паралельна паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Атрымлівае вышэйшую адукацыю. Вось ужо тры гады яна перадае свае веды і ўменні падрастаючаму пакаленню.
    15 вучняў асвойваюць музычную навуку пад кіраўніцтвам педагога Кацярыны Гарбар. У якасці канцэртмайстра з навучэнцамі прымала ўдзел у розных конкурсах: “ЛьВёнок” у Лідзе, “Вясновы спеў” у Мінску, “Крынічка” ў Баранавічах, абласным конкурсе вакалістаў імя М. І. Арэнскай. Навучэнка Кацярыны Міхайлаўны Вабішчэвіч Вераніка заняла другое месца ў раённым конкурсе юных выканаўцаў.
    – Камусьці з вучняў канструктыўная крытыка патрэбна – гэта яго стымулюе, – дзеліцца субяседніца. – Іншых яна можа зламаць. Гэта высвятляецца ў працэсе навучэння. Трэба быць асцярожнай і тактоўнай.
    Ёй бліжэй да душы сучасныя кампазітары. Напрыклад, Людовіка Эйнаўдзі. З класічных вылучае творы рускага кампазітара, піяніста Сяргея Рахманінава.
    Часам каб забыцца на нейкія непрыемныя падзеі, дастаткова сесці за інструмент і пагрузіцца ў пяшчотны свет музыкі.
    – Кожны раз адзін і той жа твор іграеш па-рознаму, – кажа дзяўчына. – Часам настройваешся на пэўны вынік, а потым разумееш, што атрымалася не так, як было ў планах.
    Музыка – не адзінае захапленне Каці Гарбар. Яна любіць тэхніку і ўсё, што з ёй звязана. Цікава вывучаць “начынку” аўтамабіля. І калі раптам на дарозе зламаецца машына, Каця абавязкова падыме капот і паспрабуе высветліць прычыну паломкі. Такая зацікаўленасць у дзяўчыны ад маці.
    А яшчэ не ўяўляе жыццё без кніг (як прыемна гэта чуць!). Любоў да чытання з’явілася ў школе. Чытала ўсё, што задавалі на занятках. Летам – спісы дадатковай літаратуры. Больш падабаліся творы беларускіх аўтараў. Апошняе з прачытанага – “Тры таварышы” (Эрых Марыя Рэмарка). Вельмі рэдка чытае з электроннага гаджэта, больш падабаецца звычайная, папяровая кніга.
    Святлана МАРОЗ
    Фота аўтара

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Техподдержка сайтаSAKURAWEB

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика