НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

У мінулую нядзелю ў велічнай цішыні парку “Манькавічы” адбыўся музейны фэст “Фальклорныя вытокі Століншчыны”. Мерапрыемства прысвечана Міжнароднаму дню музеяў і 10-годдзю музея-сядзібы ганчара  в. Гарадная. Ні зацянутае хмарамі неба, ні дробны дождж не спынілі гледачоў розных узростаў, якія спяшаліся ў парк.  З віншаваннямі выступіла дырэктар Столінскага раённага краязнаўчага музея Святлана Вярэніч:
– Штогод 18 мая сусветная культурная грамадскасць адзначае Дзень музеяў. Гэта свята тых, хто не абыякавы да гістарычнай памяці пакаленняў, хто па крупінах збірае і захоўвае ўсё, што звязана з мінулым нашай Радзімы. З асаблівай удзячнасцю мы ўзгадваем Веру Очкіну, Яўстафія Высоцкага, Міхаіла Ліцвінку. Яны стаялі ля вытокаў развіцця музейнай справы. Словы ўдзячнасці – Івану Супрунчыку, Алімпіядзе Леанавец. Століншчына – унікальны песенны рэгіён, які ўжо шмат гадоў вывучаюць фалькларысты. Песенная палітра знайшла адбітак у творчасці шматлікіх калектываў мастацкага аматарства, у прыватнасці, у в. Атвержычы і в. Талмачава. Таму сёлетняе свята прысвечана фальклорным вытокам нашага раёна.
Алімпіяда Леанавец таксама павіншавала гасцей са святам, коратка расказала пра Цэнтр ганчарства і музей-сядзібу ганчара вёскі Гарадная.
Святлана Вярэніч уручыла Алімпіядзе Дзмітрыеўне падзячны ліст ад раённага музея.
Пачатак праграмы падарыў радасныя эмоцыі самым маленькім удзельнікам свята. Пад кіраўніцтвам энергічнага Клоуна і запальваючага Мікі Мауса дзетвара арганізавалася ў паравозік, які весела рухаўся і рабіў мноства прыпынкаў. На кожным з іх – пэўнае заданне. Дзеці спрабавалі рассмяшыць царэўну Несмяяну, пелі песні, танцавалі. А потым да вясёлай кампаніі далучылася Журавінка…
На сцэне выступіў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль народнай музыкі “Выцінанка”. Ала Дзенісовіч правяла майстар-клас па традыцыйных народных танцах. Кожны прысутны меў магчымасць паспрабаваць патанцаваць кракавяк, падыспань, яблычка і іншыя.
Парадаваў сваім выкананнем народны фальклорны калектыў “Журавушка”. Адметным і каларытным стала выступленне народнага клуба аматараў песні “Ярок”. Яны прадставілі на суд гледачоў як даўно знаёмыя і любімыя кампазіцыі, так і “навінкі” рэпертуару.
Долю гумару ўнеслі ўдзельнікі народнага клуба “Альтанка” Ніна Лісавец, Анжаліка Гудная і Васіль Яхнавец.
Пасля святочнай праграмы госці мелі магчымасць набыць ганчарныя вырабы: вазачкі, гаршкі, глечыкі, талеркі. А таксама змаглі схадзіць на экскурсію ў раённы музей і дэталёва пазнаёміцца з экспанатамі.
Святлана
МАРОЗ
Фота аўтара

Оставить комментарий

Похожие новости