У мінулую пятніцу ў Альшанскім сельскім выканаўчым камітэце адбылося ўрачыстае ўзнагароджванне ордэнам Маці.
Яго атрымалі восем мнагадзетных маці: Ганна Грыб, Ганна Чынікайла, Таццяна Баган, Наталля Лемяза, Юлія Рудзяк, Аксана Яцушкевіч з Альшан, Юлія Фалько з Вялікага Малешава і Вера Смародская з Аздаміч.
Жанчыны падрыхтаваліся да гэтай падзеі як мае быць. Безумоўна, хваляваліся: усё ж атрыманне такой узнагароды бывае адзін раз у жыцці.
Слова ўзяў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Бабаловіч, якія прыехаў павіншаваць жанчын.
– Мнагадзетныя маці – гонар нашага раёна. Радуе той факт, што кожны год колькасць сем’яў, у якіх выхоўваецца больш за пяцёра дзяцей, павялічваецца. Ад шчырага сэрца віншую ўсіх жанчын, якія сабраліся тут. І жадаю вам і вашым сем’ям дабрабыту, шчасця і каб вашы дзеці радавалі вас.
Да слоў Аляксандра Сяргеевіча далучылася і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Любоў Дземідовіч. Таксама павіншавалі жанчын старшыня Вялікамалешаўскага сельвыканкама Таццяна Васюхневіч, старшыня Рамельскага сельвыканкама Пётр Шчучка і намеснік старшыні Альшанскага сельвыканкама Юлія Стрыбулевіч, якія падарылі жанчынам кветкі.
Далучаемся да віншаванняў і няхай у вас, дарагія жанчыны, будзе больш нагод для радасці!
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара