НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Экстрэмальныя маразы для нашай шыраты выпрабоўваюць на трываласць не толькі людзей, але і жывёл. Напрыклад, у ноч на 2 лютага ў Варанях слупок тэрмометра апусціўся да 30 градусаў марозу.
– Да экстрэмальнага марозу раніцай дадалася яшчэ адна праблема – знікла электрычнасць на ферме, – кажа дырэктар мясцовай гаспадаркі Аляксандр Белавус. – Як аказалася, з боку Бухліч было пашкоджанне паветранай лініі электраперадачы. Але на выяўленне, ліквідацыю непрыемнай сітуацыі сыходзяць гадзіны. А разам з імі і цяпло з жывёлагадоўчых памяшканняў. Так, за дзве гадзіны тэмпература ў прафілакторыі, дзе ўтрымліваюцца нованароджаныя цяляты да трох месяцаў, упала ад камфортнай да мінус 10. І калі для дарослых жывёл 10 градусаў марозу – гэта цалкам нармальна, то малым можа сур’ёзна нашкодзіць.


У тэрміновым парадку былі закуплены газавыя гарэлкі, балоны для абагравання памяшканняў, адноўлена праца дызель-генератара, і тэмпература ў памяшканні, дзе знаходзілася больш за 50 цялят да двух месяцаў, пачала павышацца.
У гэты ж дзень у КСУП «Варані» чакаюць і пастаўку 15 папон для нованароджаных цялят:
– Спецыяльныя гунькі для нованароджаных мы замовілі яшчэ летась, – кажа галоўны заатэхнік Уладзіслаў Сімончык. – Але, мабыць, заказаў шмат і не паспяваюць з пастаўкамі. Адзенне будзе ў кожнага нованароджанага з мяккім вываратам, звонку з супрацьвільготнай мембранай. Гэтае адзенне не знікне. Цяляты растуць хутка, яго хопіць на некалькі пакаленняў жывёл. Калі маразы спадуць, адзенне памыюць і адправяць на склад для наступнага халоднага сезона.

Таксама спецыяліст адзначыў, што з прыходам моцных маразоў узмоцнена дзяжурства на малочна-таварнай ферме, жывёлам дадаецца дадатковы пласт цёплага подсцілу з саломы, які змяняецца ўдвая часцей, а цяляты атрымліваюць дадатковы літр малака і ў цэлым сілкуюцца часцей. Шмат у чым вялікую дапамогу ў гэтым аказвае нядаўна набытае «малочнае таксі».
– Гэты агрэгат абсталяваны электра-рухавіком і лёгка кіруецца адным жывёлаводам, – кажа Уладзіслаў. – У яго змяшчаецца 300 літраў малака, якое ў аўтаматычным рэжыме пастэрызуецца і потым падтрымліваецца зададзеная тэмпература. Пасля таго, як усё гатова, жывёлавод адпраўляецца ў прафілакторый і корміць па чарзе маленькіх цялят. Гэта вялікае палягчэнне для нашых работнікаў.


Дырэктар КСУП «Варані» Аляксандр Белавус адзначыў, што падрыхтоўка да зімоўкі на фермах вялася загадзя:
– Да 1 лістапада ўсе памяшканні былі падрыхтаваныя да зімоўкі – адрамантаваныя дзверы, сістэма водапаення, утрымання, даення. Калі прыйшлі маразы, асноўны акцэнт быў зроблены на ўтрыманне цялят. Праведзена дадатковае ўцяпленне, пры неабходнасці пераводзім іх у іншыя памяшканні. Акрамя таго, для цялят арганізавана дадатковая чацвёртая выпайка спецыяльным растворам, для таго каб умацаваць малады арганізм жывёл.
У цэлым для ўсіх жывёл на фермах у лютыя маразы рацыён становіцца больш багатым і разнастайным. Так захоўваюцца не толькі жыццё, але і колькасць малака.




Аляксандр
НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара

Оставить комментарий

Похожие новости