НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

У кожнага чалавека свае спосабы рэлаксацыі і адпачынку. Некаторыя любяць чытаць кнігі ці глядзець цікавы фільм. Другім жа падабаюцца падарожжы, у якіх чэрпаюць новыя эмоцыі. А Вера Царык з Давыд-Гарадка можа гадзінамі наводзіць прыгажосць у сваім двары, які зараз – ранняй восенню – патанае ў кветках. Іх там вельмі многа: ад мнагалетніх клемацісаў, хостаў і руж розных гатункаў да аксамітак і астраў, якія радуюць вока толькі адзін год. А яшчэ растуць вялікія туі, якія былі пасаджаны, калі толькі яны з мужам Яўгенам прыйшлі сюды жыць.– Выходжу сюды і набіраюся сіл, – кажа Вера Іванаўна. – Зараз ужо менш работы – восень надыходзіць. А вось вясной і летам пастаянна з матыкай і граблямі. Спачатку я аддаю энергію, а потым двор мне яе вяртае.Самі гаспадары – карэнныя гарадчукі. Пра насенне і спосабы апрацоўкі Вера Паўлаўна ведае абсалютна ўсё, бо гэта іх з мужам сямейны бізнес. Многія жыхары раёна адразу пазнаюць яе на здымку, паколькі часта маглі бачыць на рынку, дзе яна гандлюе. Заўсёды з усмешкай і ў лагодным настроі, таму пакупнікоў у Веры Іванаўны заўсёды хапае. Не пакідаюць справы і дома, таму тэлефон заўсёды побач.
Участак дастаўся ім у спадчыну ад дзядулі і па давыд-гарадоцкіх мерках даволі вялікі – 26 сотак. Таму, акрамя кветак, вырошчваюць буякі, яблыкі і іншую садавіну. Напамінае пра дзядулю амаль стогадовая груша, якая, дарэчы, дае плады. Вера Іванаўна прапаноўвала спілаваць яе, але муж запярэчыў, маўляў, яна не толькі памяць, але і свайго рода абярэг. Таму і засталася прыгажуня жыць у двары, а гаспадары адпачываюць у яе цяньку ў летнюю спёку.
У сям’і нарадзіліся дзве дачкі. Старэйшай Алене 31 год. Яна педагог, жыве і працуе ў Брэсце. Падарыла ўжо двух унукаў – Олівера і Яраслава. Як толькі ёсць вольны час, адразу прыязджае ў Давыд-Гарадок, дзе прайшло дзяцінства.


Малодшай Інэсе 26 гадоў. Нарадзілася з сіндромам Дауна і бацькі акружылі дзяўчынку пяшчотай і любоўю.
– На ўсё воля Бога, таму навіну, што ў мяне нарадзілася хворае дзіця, успрыняла спакойна. Значыць, так трэба. Інэса ў нас вельмі добрая і ласкавая. Невыпадкова такіх дзяцей называюць дзецьмі сонца, – дзеліцца жанчына, абдымаючы сваю дачку. – Хачу падтрымаць і другіх бацькоў, якія маюць дзяцей-інвалідаў: калі жыццё вам прыгатавала такое выпрабаванне, не трэба кідацца ў роспач. Гэта не прыгавор, наадварот, гэта магчымасць раскрыць свой унутраны патэнцыял. Шчыра прызнаюся, нават не ведала, колькі любові жыве ў маім сэрцы, пакуль не нарадзілася мая дачушка.
Дарэчы, Інэса таксама дапамагае маці ствараць прыгажосць. А яшчэ яны ходзяць… на рыбалку. Вера Іванаўна ў гэтай справе – прафесіянал, можа парады раздаваць. Свой улоў паказвае мне на мабільным тэлефоне. Самай смачнай рыбай лічыць верхаводаў. “Яны такія салодкія і смачныя, што адарвацца нельга”, – смяецца жанчына. На тым жа тэлефоне паказвае і свой сёлетні грыбны «ўлоў». Нават зафіксавала яго: 300 баравікоў розных памераў сабралі ўлетку. Стравы з грыбамі – ад супоў да пірагоў – самыя любімыя ў сям’і. А яшчэ каронная страва Веры Іванаўны – булкі з печы.
– Зараз чамусьці ўсе раскідаюць печы ў дамах, кладуць каміны. А на мой погляд, няма смачнейшай ежы, чым прыгатаваная ў печы. Я памятаю, як спяшалася да бабулі на абед. Якія яна варыла квас, кашу, пякла пірагі! Успамінаю, і слінкі глытаю, – смяецца жанчына.
Шчыра прызнаюся, а меня больш уразіла прыгажосць душы Веры Іванаўны, якой жадаю і надалей заставацца такой жа пазітыўнай і радавацца кожнаму дню.

Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 25 августа

Гороскоп на 25 августа

21 августа, 2025
Гороскоп 24 августа

Гороскоп 24 августа

21 августа, 2025
В Смоленской области запрещен ввоз из Беларуси более 4 тонн ягодной продукции.

Оставить комментарий

Похожие новости