Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны – гэта памяць не толькі пра вялікія перамогі, але і аб жахлівых ахвярах. У тым ліку і сярод мірнага насельніцтва.
Менавіта з мэтай ушанавання памяці загінуўшых у гады вайны мірных грама-дзян для вучняў 9-11 класаў Варанёўскай сярэдняй школы на мінулым тыдні была арганізавана экскурсія ва ўрочышча Стасіна. У верасні 1942 года тут прайшлі масавыя расстрэлы фашыстамі людзей. У той час у Століне пражывала каля 13 тысяч чалавек; яўрэйская абшчына налічвала 8,5 тысячы чалавек.
…Школьны аўтобус рухаўся па асфальтаванай дарозе, якая неўзабаве перайшла ў лясную. Стала зразумела: яшчэ некалькі хвалін – і мы на месцы.
Вучні, выходзячы з аўтобуса, неяк ра-зам сцішыліся, зразумелі: тут не месца для жартаў і смеху. Настрой яшчэ стаў больш маркотным, калі пачулі ад экскурсавода Столінскага раённага краязнаўчага музея Крысціны Анатольеўны пра тое, як 79 гадоў назад вялікі катлаван, выкапаны яшчэ ў даваенны час пад падземныя ангары будучага аэрадрома, памерам 300 на 100 метраў і глыбіней каля 10 метраў за два дні напоўніўся целамі вязняў Столінскага гета, як на працягу тыдня зямля над засыпанымі ў катлаване людзьмі варушылася.
А потым у «Акце аб учыненых злачынствах нямецка-нацысцкімі захопнікамі ў Столінскім раёне», які быў складзены 14 красавіка 1945 года, камісія, якая рыхтавала акт, устанавіла, што ва ўрочышчы Стасіна было расстраляна 12,5 тысячы чалавек – 5332 мужчыны, 3620 жанчын і 3548 дзяцей.
Пасля аповеду экскурсавода вучні моўчкі пастаялі каля помніка ахвярам, углядаючыся туды, дзе, па ўсім відаць, быў засыпаны той страшны катлаван. Помніка, які стаў своеасаблівым помнікам усяму беларускаму народу, мірным жыхарам краіны, якія аказаліся бездапаможнымі перад узброеным да зубоў ворагам. Гэта напамін пра тое, што любая вайна страшная сама па сабе.
І мы павінны помніць пра вайну… Помніць, каб марыць пра будучыню, каб радавацца кожнаму дню, каб проста атрымліваць асалоду ад жыцця… Помніць, каб жыць… Каб проста заставацца людзьмі…
Наталля ЛЫСЮК,
класны кіраўнік
10 класа Варанёўскай
сярэдняй школы