Карта Беларусі ў мастацкім увасабленні У Брэсцкай вобласці рэалізуецца рэспубліканскі праект «Культурная спадчына Беларусі» па стварэнню мастацкага твора «Карта Беларусі». Народныя майстры Столінскага раёна далучыліся да эстафеты па стварэнню карты.
Пано адлюструе асноўныя аб’екты матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны кожнага рэгіёну краіны.
Вышываць карту Столінскага раёна было даручана кіраўніку ўзорнай студыі народных промыслаў «Вышыванка» Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці Валянціне Лёгкай.
Яна выканала сваё даручэнне з вялікай адказнасцю, мастацкім густам і творчым падыходам.
– Кожныя тры дні палатно пераязжае ў наступны раён нашай вобласці. Перад намі свае сімвалы адлюстравалі гарады Ганцавічы і Лунінец. Са Століна палатно перайшло да майстроў Пінскага раёна. Кожная вобласць нашай краіны вышывае сваё палатно, пасля чаго яны будуць злучаны паміж сабою ў адну вялікую карту Беларусі.
– Ужо на Дзень Незалежнасці ўсю карту цалкам прадэманструюць беларускаму народу, – падзялілася Валянціна Мікалаеўна. – Гараднянскія збан і гаршчочак, якіх мясцовыя жыхары з любоў’ю называюць «мамзэлькай», стануць цудоўным упрыгожваннем нашай берасцейскай карты.
Надзея ГРЭЧКА
Фота аўтара