У нядзелю свой дзень нараджэння адзначыў аграгарадок Велямічы.
– Свята аграгарадка – гэта свята яго жыхароў, якія захоўваюць і шануюць свае традыцыі, паважаюць гісторыю роднага краю. Гэтае свята аб’ядноўвае людзей розных лёсаў, характараў, пакаленняў, – з прывітальным словам выступіла старшыня Веляміцкага сельскага выканаўчага камітэта Святлана Пашкевіч.
У гэтым годзе значным дасягненнем стала газіфікацыя аграгарадка. Мнага-дзетныя сем’і, а тут іх 60, карыстаюцца льготнымі крэдытамі на будаўніцтва. Жыццё ў гэтым палескім куточку не спыняецца ні на хвіліну. Людзі шчыруюць на зямлі, клапоцяцца пра будучыню сваіх дзяцей і ўнукаў.
У час святкавання былі ўзнагароджаны падарункамі сем’і, якія адзначылі залатое вяселле, – Анатоля і Марыі Слуцкіх, Уладзіміра і Веры Семянчук, Генадзя і Настассі Кругліч, Міхаіла і Ганны Ранцэвіч, Канстанціна і Ганны Аблавушка.
25 гадоў крочаць разам сем’і Рыгора і Алены Ранцэвіч, Івана і Валянціны Супрунчык, Мікалая і Аксаны Крупец, Уладзіміра і Ганны Гушча, Сяргея і Людмілы Леўкавец, Анатоля і Алены Шпакоўскіх, Мікалая і Алены Мароз.
Сярод падворкаў пенсіянераў лепшымі былі прызнаны падворкі Андрэя і Вольгі Шабунька, Вольгі Бруцкай, Мікалая і Любові Пенчык, Мікалая і Марыі Ляшкевіч, Майсея і Лідзіі Ранцэвіч, Амбросія і Раісы Ляшкевіч.
Ёсць на тэрыторыі Веляміцкага сельскага Савета доўгажыхары. 102-і дзень нараджэння адзначыў Васіль Лемяшэўскі, які зараз жыве ў дзяцей у Рэчыцы. Паўліна Мамайка мае 99, Вольга Савіцкая – 98, а Вольга Украінец – 97 гадоў.
Самы маленькі жыхар – хлопчык Аляксандр – нарадзіўся 16 жніўня ў сям’і Дзмітрыя і Крысціны Тарасевіч.
Вельмі прыгожым быў конкурс на арыгінальнае аздабленне дзіцячай каляскі. У ім прынялі ўдзел тры сям’і. Міхаіл і Таццяна Шмат выхоўваюць трох дачок, а каляску зрабілі ў выглядзе паветранага шара. У сям’і Аляксандра і Ядвігі Домніч таксама тры дачушкі. Каляску ператварылі ў лялечную каробку. А Міхаіл і Кацярына Слуцкія стылізавалі каляску пад сялянскую хатку.
Падзякамі былі адзначаны бацькі за добрае выхаванне сваіх дзяцей.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Ярашэвіч уручыў пісьмо падзякі Веры Слуцкай – былой загадчыцы ФАПа, ветэрану працы і дэпутату па Веляміцкай выбарчай акрузе. Давыд-Гарадоцкім філіялам Столінскага райспажыўтаварыства адзначаны прадаўцы Алена Коваль і Марыя Ніканчук. Дырэктар школы падзякаваў настаўніцы рускай мовы і літаратуры Таццяне Гушча, якая пайшла на заслужаны адпачынак.
Паміж афіцыйнымі ўзна-гароджваннямі музычнымі падарункамі радавалі мясцовыя артысты. Таксама перад прысутнымі выступілі народнае аб’яднанне Давыд-Гарадоцкага Дома культуры «Луч» і балетны клас Акадэміі Гедымінаса Таранды.
Няма сумнення, што свята спадабалася як мясцовым жыхарам, так і гасцям аграгарадка. З днём нараджэння, Велямічы!

Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара
