Невялічкі аграгарадок Лядзец, нягледзячы на ўсе падзеі, якія адбываюцца сёння, жыве сваім павольным жыццём.
На працягу апошніх месяцаў тут рыхтуюцца да раённага свята хлебаробаў – «Дажынак». Для чытачоў раёнкі нагадаем, што традыцыйнае свята адбудзецца ў бліжэйшую нядзелю – 23 жніўня.
Напярэдадні карэспандэнт «НП» пабываў у Лядцы і азнаёміўся з ходам работ. Да майго візіту адбылася невялічкая тэлефонная размова з кіраўніком спраў мясцовага сельвыканкама Раісай БОНДАР:
– Добры дзень. Што ў вас там? Навялі «марафет»? – пытаюся ў жанчыны.
– Канешне, прыязджайце ды самі паглядзіце. Прыгожа так стала, акуратна. Спадзяюся, да «Дажынак» будзе яшчэ прыгажэй і ўтульней, – пачуў адказ.
Вось і паехаў з добрым настроем у знаёмы для мяне Ля-дзец. На ўездзе ў аграгарадок адразу кінулася ў вочы, што людзей практычна няма на вуліцах. Ну, мабыць, завіхаюцца ў полі – хто ўжо бульбу капае, бо пасохла, а хто ад світання і да вечара заняты ў мясцовай гаспадарцы. ААТ «Лядзецкі» – па раённых мерках моцны серадняк, які аб’ядноўвае такія населеныя пункты, як Вялікія і Малыя Арлы, непасрэдна сам Лядзец і Гарадзец. Зямлі тут нямала – адных толькі збожжавых і зернебабовых у гэтым годзе пасеялі больш за 1100 га, што з’яўляецца шостым паказчыкам у раёне. Ды і ў апошнія гады мясцовыя работнікі на пастаяннай аснове трапляюць у спісы лепшых працаўнікоў сельскагаспадарчага комплексу раёна.
Ды вернемся да самой пляцоўкі святкавання «Дажынак». Асноўная сцэна будзе размешчана якраз перад галоўным уваходам у мясцовы Дом культуры. У гэтага збудавання лёс неадназначны. Апошнія «танцы» тут адбыліся амаль 10 гадоў таму. Потым, па словах мясцовых жыхароў, гэты будынак хацелі прызнаць аварыйным, каб не траціць сродкі на рэканструкцыю. Так і стаяў гэты велікан, пакуль не дайшлі да яго рукі. Я глядзеў на будынак, які цалкам не трапляў у аб’ектыў, і задаў сабе два пытанні: «Ці патрэбен такі вялікі будынак Лядцу ўвогуле?» і «Чаму раней было гэта не зрабіць?».
На першае пытанне мне адказала Раіса БОНДАР:
– Канешне, патрэбен нам такі Дом культуры. Справа ў тым, што на другім паверсе будзе размешчана школа (пагаджуся, што гэта вялізны плюс – аўт.). Старая ж школа зусім нягодная. Нават нягледзячы, што не так даўно мянялі падлогу, вокны.
Другі аргумент «за» цяперашні Дом культуры такім, які ён ёсць – гэта тое, што ў школе будзе вучыцца каля 100 вучняў, што сёння для сельскай мясцовасці неблагі паказчык. Ды і больш сталыя мясцовыя жыхары змогуць наведваць Дом культуры па розных прычынах.
Даведка:
Усяго на тэрыторыі Лядзецкага сельсавета пастаянна жывуць крыху больш за дзве тысячы жыхароў. Калі палічыць больш дакладна – 2015. А ў самім Лядцы сёння жывуць 680 чалавек, з якіх 115 дзяцей і падлеткаў да 18 гадоў, 354 працаздольныя і 211 пенсіянераў.
Асноўных вуліц у аграгарадку тры – Савецкая, Леніна і Піянерская, дзе размешчана асноўная інфраструктура Лядца. Новы Дом культуры, школа, магазіны, пажарна-аварыйны выратавальны пост, адміністрацыйны будынак ААТ «Лядзецкі» і іншыя. Менавіта тут адбудзецца шэсце работнікаў аграпрамысловага комплексу раёна. І, каб не было сорамна за сваю малую радзіму, многія жыхары аднавілі ці аднаўляюць агароджу, дамы, наводзяць парадак вакол участкаў і на іх. Хоць і не скажаш, што раней тут было кепска. Не, на ўзроўні.
На ганку Дома культуры работнікі Столінскай ДБПМК-32 ладзілі «ліўнёўку». Пракладвалі варонку і калена і так, і гэтак у вуглу.
– Добры дзень, хлопцы. Як не круціце, усё роўна ў акне бачны вялікі кавалак «ліўнёўкі», – пачаў я размову з будаўнікамі.
– А што зрабіць? Праект такі, – адказваюць работнікі.
– Ну, а чаму нельга варонку перанесці на іншы бок? – прыкінуў я вокам.
– Дык куды ж ад праекта адыдзеш!?
А гэта жалезны аргумент. Ад праекта адыходзіць нельга. Які б ён ні быў. Унутры будынка шлі аддзелачныя работы. Многа было зроблена, многа яшчэ патрэбна зрабіць.
Потым мы накіраваліся да канторы гаспадаркі. Ля мясцовага магазіна рыхтаваліся да асфальтавання вуліцы, а работнікі Столінскага ДРБУ-141 клалі дарожную плітку. Ажно тры чалавекі. Толькі выйшаў з аўтамабіля, а мяне ўжо клічуць – гэта мой сябар Слава, з якім служылі ў арміі. Ён – кіроўца пагрузчыка на базе «Амкадора». Прывёз да прыпынку бетон.
– Ой, спякотна. Але працуем. Нам не звыкаць, – кажа мой армейскі таварыш, які ў арганізацыі не першы год.
Спадзяюся, што ў нядзелю, 23 жніўня, Лядзец сустрэне гасцей у святочным убранні, што нарэшце будуць адрамантаваны цэнтральныя вуліцы, каб людзі не скардзіліся; што аграгарадок зменіцца ў лепшы бок і будзе з гонарам несці званне цэнтра мясцовых сельскага Савета і гаспадаркі. І, нарэшце, людзям патрэбна якасць і надзейнасць, а не прыгожы вонкавы «малюнак».
Аляксандр
НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара