ААТ «Кароцічы» мае самую высокую ўраджайнасць кукурузы ў раёне – па 383,4 цэнтнера з гектара пры сярэдняй па раёне 252 цэнтнеры з гектара.
Чараўніцтва гэта ці проста строгае выкананне тэхналогіі, спыталі ў галоўнага агранома гаспадаркі Аляксандра Любіча.
– А ў нас штогод такая кукуруза, таму што мы яе даглядаем як трэба. Месцамі да чатырох метраў вымахала, таму маем намер і далей заставацца лідарамі па ўраджайнасці. Давялося пахвалявацца за яе, паколькі ў час сяўбы доўга трымаўся холад, што для кукурузы вельмі небяс-печна. Але добра, што яна вытрымала. Вільгаці хапіла, каб перажыць летнюю спёку, якая была ў гэтым годзе. Мала пасадзіць кукурузу – трэба пастаянна назіраць, чаго ёй не хапае. Своечасова прапалоць, апрацаваць, унесці ўгнаенні. Мы рабілі ўсё, каб яна вырасла на славу, таму такі вынік хутчэй заканамернасць, чым сюрпрыз, – тлумачыць аграном.
Усяго ў гаспадарцы пасеяна кукуруза на 500 гектарах. Убіраюць царыцу палёў два кормаўборачныя камбайны «Палессе», на якіх працуюць Васіль Леська і Валерый Леська. Штодзень з поля звозіцца каля 800 тон сіласу. На адвозцы заняты восем адзінак тэхнікі. У час майго візіту якраз завяршалі закладваць ужо другую сіласна-сянажную траншэю на малочна-таварным комплексе «Збішча». Тут шчыравалі на амкадорах Валерый Рыгоравіч Леська і Віталь Талмачэвец.
– Важна не толькі вырасціць, убраць, але і правільна захаваць. У нас механізатары вопытныя, самі бачыце, як трамбуюць якасна. Увогуле, у сельскай гаспадарцы нельга працаваць як мокрае гарыць, бо бяда будзе. Пакуль у нас усё ідзе па плану. Галоўнае, каб тэхніка не падвяла, – з клопатам кажа аграном.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара