НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Знаёмім чытачоў   з аматаркай вязання з  Давыд-Гарадка, былой рабочай электрамеханічнага завода, якая знаходзіцца на заслужаным адпачынку, Людмілай Мікалаеўнай Туравец. 

 

Яна пачала вязаць у школе, калі вучылася ў пятым класе і запісалася ў гурток. Сама не верыла, што нешта атрымаецца, што навучыцца ствараць уласнымі рукамі прыгожыя рэчы. Прычына таму была простая: вельмі ж няўседлівай расла дзяўчынка. Але хацелася выглядаць прыгожа, мець такую, як ні ў каго, шапачку. І яна радок за радком вязала на прутках невялікія рэчы: шалік, пальчаткі, шапачку. Потым узяла ў рукі кручок і ён зачараваў яе ствараемымі дзівоснымі ўзорамі. Напачатку былі сурвэткі, потым абрусы, якія беражліва захоўвае гаспадыня і цяпер. Бялюткія, накрухмаленыя цэлым стосам захоўваюцца яны ў шафе, бо не хапае ўсім месца на сталах, канапах, крэслах.

Аднак гонар майстрыхі – гэта яе вязаныя касцюмы, сукенкі і эксклюзіўныя кофты. Ёсць летнія рэчы, ёсць зімовыя, цёплыя. Аб’ядноўвае іх тое, што ўсе выкананы з натуральных нітак: ільну, бавоўны, махеру, шэрсці, ірысу ці гарусу. Узоры не паўтараюцца, бо ў Людмілы Мікалаеўны два вялікія стосы часопісаў па вязанні, а ёсць яшчэ і тоўсты сшытак, у якім першапачаткова, калі не мела ніякіх дапаможнікаў, ад рукі перамалёўвала розныя схемы вязання.

Чаму падабаецца жанчыне кручок? Таму што ён дае палёт фантазіі, дазваляе злучаць у адной рэчы, здаецца, зусім розныя ўчасткі вязання – ажур і слупкі з накідам, прычым у рознай канфігурацыі. Калі кофтачка ці спаднічка звязаны, майстрыха аздабляе іх морэксам, бісерам, стужкамі, нават кветкамі са скуры. Атрымліваецца прыгожа і самабытна, непаўторна і арыгінальна. Такія рэчы да месца апранаць на святы.

– А я і апранаю на вяселле ці іншыя ўрачыстасці, – гаворыць Людміла Мікалаеўна. – Від не горшы за самую дарагую абнову.

Жанчына выгадавала двух сыноў. Ілья – будаўнік, жыве ў Гомелі, Давід служыць у арміі, танкіст. Юнак марыць звязаць сваё жыццё з музыкай, спевамі. Маці для сыноў таксама звязала прыгожыя сучасныя майкі. Знаёмым і блізкім падарыла шмат дробных рэчаў для кухні, сёстрам пад заказ вяжа касцюмы.

Цікаўлюся кручкамі майстрыхі. Яны ў яе самыя розныя – ад № 2 да № 5 і больш. Для выканання адной рэчы неабходна некалькі кручкоў. А ніткі? Быў час, што іх нідзе не прадавалі. Людміла Мікалаеўна расказвае, як распускала старыя вязаныя рэчы і вязала з іх новыя. Едзе да сястры ў Маскву – і там купляе матэрыял для вязання ў спецыялізаваным магазіне, наведвае сына ў Гомелі – і таксама набудзе хоць крыху нітак.

Колькі часу ідзе на вязанне кофтачкі, пытаю ў жанчыны. Аказваецца, як калі. Адну рэч вяжа з натхненнем і не заўважае бегу часу, а другую прымушае сябе хутчэй завяршыць. І рукі ходзяць нібы пад прымусам, і час цягнецца. І тыдні ў месяц складваюцца. Тым больш, што ёсць свая гаспадарка, і дом догляду патрабуе, і агарод час забірае. Толькі і той, хто наведае сядзібу Людмілы Мікалаеўны, адразу заўважыць, што чалавек яна творчы. Столькі кветак ля дому, столькі розных прыдумак па іх размяшчэнні і вырошчванні! Не дзіўна, што гэта прыгажосць потым адлюстроўваецца ў творах, якія выходзяць з-пад яе кручка.

Гледзячы на такое хараство, хочацца, каб больш людзей убачылі яго на розных выставах і конкурсах, каб горад, які праславіўся кветкамі, стаў вядомы як месца, дзе твораць такія цудоўныя майстрыхі. Добра было б хоць некалькі рэчаў захаваць для нашчадкаў у мясцовым краязнаўчым музеі. Каб і праз гады бачылі ўнукі і праўнукі ўменне сваіх бабуль.

Валянціна

МІРАНОВІЧ

Фота Ганны МЕЛЬНІК

 

 

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
И булочки, и вафли

И булочки, и вафли

15 ноября, 2024
Легендарны механізатар
Якасныя кармы – вялікае малако
Предыдущая новость

Оставить комментарий

Похожие новости