НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

У аматарскага калектыву Давыд-Гарадоцкага цэнтра дзіцячай творчасці «Вяртанне», які два гады працуе на базе СШ № 1 аграгарадка Альшаны, папоўнілася скарбонка з узнагародамі.
Не так даўно дзяўчаты пад кіраўніцтвам Кацярыны Кадоліч прынялі ўдзел у Рэспубліканскім дзіцячым фестывалі-конкурсе выканаўцаў народнай песні «Жывая Крыніца» і сталі лаўрэатамі дыплома І ступені ў намінацыі «Фальклорныя спевы». Ацэньвала журы песню «Салавейка, цюк-цюк» завочна, паколькі конкурс праходзіў дыстанцыйна. Гэта трэцяя рэспубліканская ўзнагарода запар і 11-я – для калектыву ўвогуле.
– Кацярына, пэўна вельмі ўзрадаваліся?
– Безмоўна, асабліва мае дзяўчаты, – адказвае кіраўнік. – Самі разумееце, кожнаму прыемна, калі яго ацэньваюць па заслугах, а дзецям – дык удвая. Ганаруся сваімі дзяўчатамі – Юліяй Пявец, Марыяй Крупкевіч, сёстрамі Надзеяй і Таццянай Кадоліч, Ульянай Сыса, Алесяй Зубей, Наталляй Яцушкевіч, Людмілай Рудзяк, сёстрамі Вольгай і Таццянай Тарасевіч.
– Калі мы з вамі сустракаліся раней, вы расказвалі, што збіраеце фальклорны матэрыял непасрэдна ў носьбітаў, гэта значыць, у людзей. Можа і іх імёны нагадаем?
– Абавязкова трэба. Мы ідзём на вячоркі разам з дзецьмі і бабулі спецыяльна для нас выконваюць свае песні. Гэта найлепш перадае настрой і інтанацыю, чым запіс.
Хачу падзякаваць жыхаркам Альшан – Ганне Пятроўне Сыса, Валянціне Іванаўне Скрабейка, Пелагеі Іванаўне Крупкевіч, Марыі Іванаўне Сыса. Як яны ашчадна ставяцца да песні – гэта трэба бачыць. Зберагчы нашу культурную спадчыну мы можам, толькі пераняўшы яе ў старэйшага пакалення.
– А як вы падтрымліваеце ў дзяцей цікавасць да народнай песні?
– Мы многа размаўляем, я ім расказваю пра мінулае, мы часта выязджаем на экскурсіі. Але пакуль за свой кошт. Спадзяёмся, што на гэты раз наша дасягненне не застанецца без увагі аддзела па адукацыі. Бо адна справа – дыплом, а іншая – падарунак. Чаго хаваць, калі гэта так і ёсць. Такіх дзяцей трэба заахвочваць, – гаворыць Кацярына Кадоліч.
Цікаўлюся ў аддзеле па адукацыі наконт гэтага пытання. І як мне адказалі, для ўдзельнікаў калектыву ўжо падрыхтаваны падарунак, які стане навагоднім сюрпрызам.
Ганна МЕЛЬНІК

Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости