НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
5/5 - (1 голос)
Толькі такія словы прыходзяць на розум пасля візіту да сям’і Клочка з аграгарадка Альшаны, у якой растуць чатыры дзяўчынкі.
– Яны зараз падраслі і пачалі ра-зумець, што я іх усіх люблю аднолькава. А раней так раўнавалі адна да адной, ледзь не сварыліся, – успамінае Вольга Клочка. – Мне з імі няма калі сумаваць, у нашым доме пастаянна штосьці вырашаецца. Тым больш, што на тэлефоны ў нас дзейнічае забарона. То старэйшая дачка Караліна не хоча ў школу ісці, бо будзе кантрольная па матэматыцы, з якой сяброўства не заладзілася з пачатковых класаў. А Марыя і Ганна не могуць падзяліць сукенку, бо яна зараз «самая» модная. Вось толькі самую меншую Ірынку можна супакоіць, паабяцаўшы марожанае, якое яна вельмі любіць. Але ў нас ёсць самы галоўны суддзя ўсіх спрэчных момантаў – бацька, які хутка знаходзіць і рашэнне, і кампрамісы, і выйсце з любой сітуацыі. Ён у нас строгі, але разам з тым вельмі добры. Спытайце ў дзяўчынак, і кожная вам адкажа, што яна самая любімая ў свайго бацькі. І мне вельмі пашанцавала са сваім мужам. У мяне няма сумненняў, што ён – мой лёс.
Вяселле Міхаіл і Вольга згулялі ў 2009 годзе. Аказалася, што пасля першай сустрэчы да шлюбу прайшло больш за два гады. Так мовіць, пачуцці праходзілі праверку часам. І прайшлі выдатна, і зараз сям’я Клочка – прыклад для многіх.
– Чэсна скажу, мы амаль ніколі не сварымся і ў гэтам заслуга майго Мішы. Ён нейкім неверагодным чынам умее ўсё ператварыць у жарт. Калі прапаноўваў мне выйсці замуж, то  паабяцаў, што я буду за ім як за каменнай сцяной. І, ведаеце, зараз разумею сэнс гэтага выказвання на ўсе сто працэнтаў. А яшчэ ў яго залатыя рукі. Вось арэлі садовыя сам зрабіў, лавачкі каля дома. Калі час ёсць, адразу бяжыць у свой гараж. Хоча сваімі рукамі лесвіцу зрабіць, але пакуль восень – імкнёмся зарабіць – займаемся вырошчваннем і гандлем сельскагаспадарчай прадукцыі. Карацей кажучы, у яго заўсёды ёсць чым заняцца.
Маладая пара пачала будаваць дом адразу пасля вяселля. Разлічвалі на сябе, таму трымалі і парнік, і палі з іншай агароднінай. Як прынята ў Альшанах, дапамагалі бацькі. А Вольга тым часам падарыла мужу дачушку Караліну, якой зараз 11 гадоў. Самая галоўная памочніца ў маці па гаспадарцы. Заўважаю харызматычнасць і артыстычнасць дзяўчынкі і раю маці таксама звярнуць увагу на гэта. Маці з усмешкай згаджаецца: чым-чым, а дарам пераконвання Караліна карыстаецца ўдала, таму нават дрэнныя адзнакі ў дзённіку – зусім не падстава адмовіць ёй у пакупцы абноўкі.
 Марыя на год меншая, і ў яе абавязкі ўваходзіць трымаць парадак у доме. Абажае жывёл, асабліва коней, таму, калі ёсць вольная хвіліна, ідзе з сяброўкай глядзець на іх у мясцовай гаспадарцы. Маці жартуе, што ўсе ўжо па паху лёгка здагадваюцца, дзе яна была. А яшчэ вельмі любіць маляваць, таму ў доме яе малюнкі паўсюль. А клапатлівая маці набыла мальберт і ўсё неабходнае для творчага працэсу.
Трэцяя дачушка Аня нарадзілася ў 2014 годзе 19 лістапада – на дзень нараджэння бацькі. Таму стала сапраўдным падарункам для ўсёй сям’і. Дзяўчынка вельмі добразычлівая і заўсёды гатовая прыйсці на дапамогу. Але, як і бацька, мае цвёрды характар, калі надумалася штосьці – абавязкова будзе дабівацца свайго. Як і старэйшая сястра, любіць жывёл і тое, што маці дала дазвол трымаць у доме ката, – яе заслуга. А яшчэ марыць пра вялікага белага папугая і каб абавязкова быў гаворачым.
Ірынка – гэта агульная любіміца. У свае тры гады добра размаўляе, што не дзіўна, вакол столькі настаўнікаў. Усе з яе пылінкі здзьмухваюць і аддаюць ёй прысмакі.
– Памятаю, як еду з Пінска пасля ўльтрагукавога абследавання, на якім сказалі пол дзіцяці, і плачу. Хацела сыночка, тым больш ведала, што па стане здароўя больш не змагу нарадзіць, – успамінае Вольга. – Супакоіў, як і заўсёды, муж. Ён сказаў тады: «Гэта ж якімі нас Бог шчаслівымі хоча зрабіць!». Як аргумент прыгадаў сябе ў юнацтве і зрабіў выснову, што з дзяўчынкамі лепш дамовіцца, чым з хлопцамі. А самае галоўнае, каб дзіця было здаровае. На тым і закончылася маё расстройства. І  кожны дзень адчуваю сябе шчаслівай, калі дочкі зноў штосьці гучна абмяркоўваюць на кухні.
Як гаварылася вышэй,  кветкі і вырошчванне іншых дэкаратыўных раслін – любімы занятак гаспадыні Вольгі. Паспявае яна не толькі на 45 (!) сотках парніка парадак трымаць, але і двор у ідэальным стане. Акрамя хрызантэм, у двары ўзвышаюцца туі, прыгожымі шарамі расце самшыт, пачынае брацца ў сілу лаванда. А самае галоўнае, што ўсё гэта справа «зялёных» рук гаспадыні.
– Верыце, я нічога не купляла на рынку, усё вырасціла сама з чаранкоў. А колькі я ўжо прадала і раздала знаёмым і родным! Канкрэтна хрызантэмамі пачала займацца чатыры гады таму, і мне вельмі падабаецца, паколькі затрат мала, а прыбытак ёсць. Вельмі хачу свой гадавальнік, гэта мая мара, якую я абавязкова здзейсню. Муж падтрымлівае, а прадаўцы ў мяне ўжо ёсць, – гледзячы на дачушак, кажа Вольга.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара
Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 20 октября
Гороскоп на 19 октября
Гороскоп на 18 октября

Оставить комментарий

Похожие новости